27.02.2017

На сайце «Наша Ніва» Зміцер Вайцюшкевіч і Уладзімір Някляеў прэзентуюць дыск «У нашых снах» – справаздачу за 10 год творчай супрацы. 

Сярод 18 запісаў шмат добра вядомых песень, а таксама шэраг новых запісаў і вершаў. Прэзентацыя дыска адбудзецца 4 сакавіка на юбілейным канцэрце Вайцюшкевіча і Някляева ў Вільні.  Імпрэза будзе прымеркаваная да  10-годдзя творчага супрацоўніцтва, якое пачалося з альбома «Танга з ружай», выдадзенага напрыканцы 2006 года. У праграме найлепшыя кампазіцыі за 10 год і вершы Ўладзіміра Някляева ў выкананні аўтара.

– Можна сказаць, што гэта такі зрэз за 10 год. Лепшыя песні з розных альбомаў, а таксама тое, што выдавалася ці стваралася па-за межамі дыскаў, – распавядае Зміцер Вайцюшкевіч. – Я вырашыў запісаць сваю версію песні «Гуляць дык гуляць», бо па пэўнай інфармацыі яе ўнеслі ў чорны спіс дзеля выканання нават аматарскімі калектывамі праз аўтарства Уладзіміра Пракопавіча. Мой жа асабісты фаварыт на дыску – песня «Шалік», бо таксама маю некалькі шарфікаў ад даўно мінулых рамантычных сустрэч. Чалавека ў тваім жыцці ўжо няма, а шалік вось ён – вісіць. Вельмі дакладны вобраз.

Замовіць калекцыйны CD «У нашых снах» з аўтографамі Змітра Вайцюшкевіча і Уладзіміра Някляева (з дастаўкай па Беларусі) можна праз краму www.symbal.by.

– У 2001 годзе Леанід Дранько-Майсюк прынёс мне дыск «Цацачная крама», запісаны Вайцюшкевічам на вершы Дранько-Майсюка. Не скажу, што ён мне надта глянуўся. Ну, песенькі як песенькі. Такі а-ля фальклор. Не «Песняры», карацей, – узгадвае Уладзімір Някляеў. – Але потым я пачуў на нейкім канцэрце балады Вайцюшкевіча. Зноў жа – фальклорныя матывы. Толькі там ужо і аранжыроўкі, і якасць падачы матэрыялу была іншай. Лепшай – як на мой густ. А яшчэ больш мне спадабалася вернасць тэме. Вернасць беларускай песні, увогуле беларушчыне. І я падумаў: гэты прыгожы хлопец, які некалі граў у групе Kriwi, маёй групы крыві… 15 гадоў, якія прамінулі з тае пары, адчуванне гэтае толькі пацвердзілі.

4 сакавіка ў Вільні адбудзецца юбілейны канцэрт Вайцюшкевіча, Някляева і WZ-Orkiestra з праграмай «Нашы каханыя».  Апошнія квіткі на сайце Kvitki.by (https://www.kvitki.by/ru/event/38722) і ў «Тэатральнай касе» (Мінск, вул. Калініна 5, працоўныя дні з 10.00 да 19.00). Даведка: (017) 395 05 65, (033) 6 5555 96.

Система Orphus