28.02.2017

Мы сядзім за барнай стойкай у рэстарацыі з назвай «У Ратушы 0,5». Позні вечар, Аляксей Сапрыкін разам з іншым артсядзібаўцам Пятром Клюевым адпачываюць пасля працы, сёння хлопцы стваралі святочную атмасферу на вяселлі: Аляксей вёў мерапрыемства, а Пятро граў і спяваў.

Па-іншаму сустрэцца з Аляксеем аказалася нерэальна: удзень ён працуе ў «Арт Сядзібе», па вечарах мае рэпетыцыі ў тэатры.

Аляксей Сапрыкін – мінскі хлопец. Ён нарадзіўся і вырас у сталіцы. Ягоная маці – лекар, тата мае тэхнічную адукацыю.
Бацька захапляўся футболам, а дзед нават граў за моладзевую зборную БССР. Не цяжка здагадацца, чым з дзяцінства быў заняты ўнук.

Мова, музыка, футбол

«З сямі год я пачаў займацца футболам у ФК «Дынама», потым перайшоў у ФК «Смена 91» (цяпер ФК «Мінск»). Калі мне было 16, у Сцяпянцы мы стварылі каманду ў мінскай аматарскай лізе. Гэта было вельмі крута! Зіма, снег, а мы на полі з поліэтыленавымі пакетамі ў бутсах, каб не захварэць. «Іслач», «Крумкачы» – усе яны выраслі з аматараў, я аднойчы нават судзіў матч, дзе ўдзельнічаў клуб  «Іслач», – з асаблівай цеплынёй узгадвае Аляксей.

IMG_8307 (Копировать)

Спартовай кар’еры перашкодзілі праблемы са здароўем: у пэўны момант дактары забаранілі Аляксею ганяць мяч. Аднак для майго суразмоўцы футбол як першае каханне: узгадваецца праз усё жыццё. Ад 1999 году ён заўзее за клуб Manchester United, а таксама грае за каманду «Радыё Свабода» на розных турнірах.

IMG_8324 (Копировать)

– Малады чалавек, можна Вас запрасіць на танец? – раптоўна ў наш бок паварочваецца кабета ў вечаровым туалеце.

Аляксей па-джэнтэльменску адмаўляе дзяўчыне ды працягвае захоплена распавядаць, што акурат дзякуючы футболу і прызвычаіўся да заўжды шчыльнага графіку.

«Калі я перастаў хадзіць на трэніроўкі, стаў мець шмат вольгага часу. Я пачаў адчуваць, што дэградую. Апошнія гады я паралельна займаюся некалькімі справамі і гэта мяне трымае ў здаровым тонусе. Калі б я нічым не займаўся, то ляжаў бы на канапе і глядзеў серыялы», – лічыць хлопец.

Аляксей вучыўся ў 14-й беларускамоўнай гімназіі, што ў Завадскім раёне Мінска. Такі выбар зрабілі ягоныя бацькі.

«Чаму, я і сам не ведаю. Яны жылі ў такі час, – гаворыць ён. – А ў мяне заўсёды было імкненнне да беларускай мовы. Я нават паставіў сабе мэту: да 18 год перайсці цалкам на беларускую. Выканаў, праўда, са спазненнем».

Там жа цяпер вучыцца брат Аляксея, маладзейшы за яго на дзевяць год. Аднойчы ў патрыятычна-выхаваўчых мэтах артсядзібавец учыніў «эксперымент»: плаціў брату грошы, калі той звяртаўся да яго па-беларуску. А за ўжыванне рускай мовы – штрафаваў.

«Ну, каб быў стымул, – смяецца Аляксей. – Часам брат дапамагае ў SYMBAL.BY: развозіць замовы».

IMG_8357 (Копировать)

Сваю першую вышыванку артсядзібавец апрануў у гімназіі. Не сядзелася ў хаце хлопчыку малому – пяцікласнік Лёша прыйшоў на праслухоўванне ў ансамбль «Дударыкі» ды паспяхова прайшоў выпрабаванне. Аднак неўзабаве закінуў, бо спяваць не вельмі хацелася. Праз два гады ён напрасіўся на ўрокі па гармоніку.

«Кіраўнік Дзім Дзімыч казаў, маўляў, навошта табе гэта, табе ў войска хутка, будзеш два гады вучыць праграму…».

Юнак засвоіў складаную праграму па гармоніку за чатыры месяцы! Больш за тое, Аляксей навучыўся граць і на іншых інструментах: на басовай дудцы ён выконваў «Купалінку», на канцэрціне – «Барыню» ды купу іншых фальклорных і аўтарскіх песняў.

«Гэта былі вельмі кайфовыя часы! – Аляксей ажно свеціцца ад успамінаў. – Наш сцэнічны касцюм: кашуля, пас, світка, нагавіцы, чорныя боты, саламяны капялюш. І ты на сцэне граеш – гармонік над галавой, пад нагой!..»

Як візітоўка гімназіі ансамбль выступаў на ўсіх афіцыйных святах раёна і горада, на фестывалях «Грай, гармонік!» і «Звіняць цымбалы». Першыя Аляксеевы гастролі былі ў Навасібірск па запрашэнні мясцовай беларускай дыяспары. Самая экзатычная паездка – у Сеул, на фестываль «Seoul Friendship Fair». Тады, у 2011 годзе, ён ужо быў студэнтам БДУ.

IMG_8321 (Копировать)

«Свае першыя «конверсы» купіў на «Дынама» за 65$»

Аляксея абсалютна справядліва можна назваць самым стылёвым хлопцам у «Арт Сядзібе». Усе ведаюць ягоную фрызуру «Undercut» ды незашпілены на ніжні гузік, паводле лепшых правілаў этыкету, пінжак.

У гардэробе юнага Аляксея Сапрыкіна былі фіялетавыя штаны, каляровая алімпійка, высокія красоўкі. Гэтыя рэчы ён купіў у Берліне, куды ездзіў на канферэнцыю клубаў ЮНЕСКА.

IMG_8353 (Копировать)

«Канешне, я шопіў у падарожжах. Тады быў курс еўра чатыры тысячы, як можна было не   закупіцца?», – успамінае хлопец. – Свае грошы ў мяне былі з 16 год: штолета я падпрацоўваў, звычайна, кур’ерам».

Таксама ён эканоміў на школьных абедах, захоўваў грашовыя падарункі ад сваякоў. Першы Аляксееў досвед краўндфандынгу таксама звязаны з адзеннем.

«Я вельмі хацеў модную тады торбу са скуразамяняльніку з прынтом «Sex Pistols». Яна каштавала 80 тысяч рублёў. І я пайшоў па школе і прасіў даць тысячу: тысячу ж даць не шкада. Я папрасіў у 80 чалавек ды пайшоў на «Дынама». Там і першыя «конверсы» набыў за 65$, але іх ужо са сваіх ашчаджэнняў», – распавядае Аляксей.

IMG_8320 (Копировать)

Усё жыццё – тэатр. Ці кіно?

У студэнцкі тэатр «На балконе» ён накіраваўся адразу ж на першым курсе БДУ. Універсітэцкая супольнасць тэатралаў яго цікавіла больш за геаграфічны факультэт. Сюды Аляксея залічылі задоўга да ўступных іспытаў: у 11 класе ён атрымаў дыплом трэцяй ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі.

«Усе ведаюць: БДУ, традыцыі, КВЗ, – кажа хлопец. – Я падумаў, што КВЗ – не вельмі сур’ёзна. Тэатр быў музычны і драматычны. Канешне, я абраў драматычны!»

Там актор-пачатковец пасябраваў з Эльдарам Бякіравым, аўтарам артсядзібаўскага спектакля «Браніслаў». Аляксей Сапрыкін грае ў ім галоўную ролю.

«Эльдар напісаў другую п’есу пра Францішка Аляхновіча. Мы хочам зрабіць трылогію пра дзеячоў, якія шмат зрабілі для беларускай культуры: пра Браніслава Тарашкевіча, Францішка Аляхновіча і Вацлава Ластоўскага», – расказвае Аляксей.

Ён прызнаецца, што не мае звышзаўзятых мараў абавязкова кагосьці сыграць. «Трэба быць гнуткім акторам, граць розныя ролі», – лічыць Аляксей.

Вы можаце ўбачыць яго ў эпізодах фільмаў Андрэя Курэйчыка «Гараш» і «Партызан фільм», а неўзабаве ў серыяле «Мухтар». Ужо які год хлопец наведвае тэатральную лабараторыю «Fortinbras» пры «Беларускім Свабодным тэатры» і грае ў спектаклях «ONYX» і «Цэнтральны».

IMG_8362 (Копировать)

Калі Аляксей быў студэнтам, ён трапіў у школу арт-менеджэраў у «Арт Сядзібу»… і застаўся тут надоўга. Ягоны першы значны праект – «Heta Svajo» – серыя матывацыйных ролікаў пра беларускую лацініцу. Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала ў вобразе хіпстараў ды доказы таго, што нашая лацініца – гэта крута.

На завяршэнне пытаюся, што для Аляксея поспех і ці лічыць ён сябе паспяховым чалавекам.

«Я буду плакаць ад радасці, калі беларуская мова выцесніць рускую, калі будзе лунаць сцяг… А калі пра асабісты поспех… У мяне ёсць некалькі канстантаў, святых для мяне: шчырае каханне, беларускасць, мастацтва, сябры, бацькі і футбол», – лаканічна падсумоўвае Аляксей Сапрыкін.

Система Orphus