13.03.2017

Напрыканцы 2016 года Федэрацыя футбола Беларусі і культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» абвясцілі творчы конкурс «Мова — Музыка — Футбол».

Арганізатары атрымалі 20 твораў як ад маладых гуртоў і выканаўцаў, так і прафесійных музыкаў з розных куткоў Беларусі. У наступны этап прайшлі 11 песень, якія былі дапрацаваны, а некаторыя з нуля запісаны ў прафесійнай студыі.

Цяпер, у наступным этапе праекта, звычайныя слухачы разам з запрошаным журы вызначаць шэсць лепшых песень, што пройдуць у паўфінал.

Прадстаўляем Вашай увазе 11 песен – 11 новых гульцоў беларускага футбола, музычна-футбольная зборная Беларусі. Слухайце, натхняйцеся, галасуйце, выказвайце вашыя меркаванні.

Народнае галасаванне будзе доўжыцца да 26 сакавіка на партале TUT.BY, паралельна свой рэйтынг будзе складаць і запрошанае журы.

Паслухайце ўсе 11 песень і прагаласуйце ТУТ!

Склад журы:

Арцём Быкаў – футбаліст клуба «Дынама Мінск», неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі па футболе;

Дзмітрый Герчыкаў – намеснік старшыні дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ, спартыўны каментатар;

Кірыл Клімянкоў – журналіст, рэдактар партала sport.tut.by;

Алесь-Францішак Мышкевіч – музыка гуртоў «The Superbullz» і «Крамбамбуля»;

Арцём Лук’яненка – удзельнік гурта «NaviBand», суаўтар афіцыйнага саундтрэка нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе.

mova-music-football

Як будзе абірацца шасцёрка паўфіналістаў?

Па выніках народнага галасавання будзе вызначаны рэйтынг песень ад 1 да 11, адпаведна песня, якая будзе на першым месцы, атрымае 11 балаў, а на 11-м – 1 бал.

Такім жа чынам кожны ўдзельнік журы складзе свой асабісты рэйтынг, якія разам з каментарамі будуць таксама апублікаваны. З гэтых меркаванняў будзе складзены выніковы рэйтынг журы.

Балы журы і народнага галасавання ў прапорцыі 50 на 50% будуць складзеныя, і мы атрымаем агульны рэйтынг.

mova-music-football

Паўфіналы і фінальны канцэрт

Шэсць песень і іх выканаўцы будуць падзелены на два паўфіналы. У красавіку паўфіналы-канцэрты пройдуць ў мінскім клубе «Грай». Па выніках канцэртных выступаў напрыканцы кожнага з двух мерапрыемстваў журы разам з гледачамі вызначаць фіналістаў. Два фіналісты і пазмагаюцца за галоўныя прызы.

Пераможцу вызначыць пашыраны склад журы з футбалістаў, музыкаў, музычных крытыкаў, вядомых людзей Беларусі, якія на камеру будуць агучваць свой выбар. Відэа з вызначэннем пераможцы ўсе ўбачаць на святочным канцэрце.

Пераможцы, прызёры і ўладальнікі спецыяльных прызоў будуць абвешчаны на вялікім фінальным канцэрце, які пройдзе напрыканцы траўня. Акрамя выступлення пераможцаў і запрошаных зорак, на мерапрыемстве адбудзецца прэм’ера кліпа для лепшай песні і прэзентацыя музычнай складанкі «Мова — Музыка — Футбол» з песнямі па-беларуску прысвечанымі футболу, якія стварылі беларускія музыкі за 26 гадоў незалежнасці Беларусі.

Печать

Што атрымаюць пераможцы:

1 месца — кліп ад вядомага беларускага кліпмэйкера Арцёма Лобача, запіс песні на студыі «Bah Records», выступленне на фінальным канцэрце праекта і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, футбольны мяч з аўтографамі гульцоў зборнай.

2 месца — запіс песні на студыі «Bah Records», выступленне на фінальным канцэрце праекта і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, абанементы на хатнія гульні зборнай.

3 месца (намінацыя «Глядацкія сімпатыі») — запіс песні на студыі «Bah Records», прафесійны вакальны мікрафон, выступленне на фінальным канцэрце праекта.

Таксама будуць вызначаныя пераможцы ў дадатковых намінацыях «Лідары сацыяльных сетак», «Выбар генеральнага спонсара», «Песня стадыёна», «Выбар Белакрылых».

Гэтыя пераможцы атрымаюць падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу: абанементы на хатнія гульні нацыянальнай зборнай і беларускіх клубаў, атрыбутыку зборнай (майкі, рэплікі, шалікі), сувеніры ад symbal.by і іншыя памятныя падарункі.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць запрашальнікі на фінальны фестываль і музычны дыск «Мова – Музыка – Футбол» ад кампаніі «Планета Вігма» з конкурснымі працамі, а таксама песнямі, напісанымі раней у Беларусі пра футбол і для футбола.

Конкурсныя песні можна паслухаць ці спампаваць тут:
VK, SoundCloud, YouTube

Меркаванні журы ад спорту і спартыўнай журналістыкі (Арцём Быкаў, Дзмітрый Герчыкаў, Кірыл Клімянкоў) глядзіце тут.

Система Orphus