17.03.2017

Пачаўся прыём заявак на музычны конкурс для маладых выканаўцаў «Заспявай 4х4».

Фіналістаў чакаюць навучальная сесія, праца ў студыі, выпускныя канцэрты, а пераможца – грашовы прыз у 1000 BYN і кліп.

Партал Tuzin.fm разам з фондам «Вяртанне» і кампаніяй «Будзьма беларусамі» абвяшчаюць чацвёрты сезон конкурсу «Заспявай» для выканаўцаў ад 18 да 30 год. Сёлета ён пройдзе ў новым фармаце і толькі ў адной намінацыі – «Спяваная паэзія». Удзельнікам прапануецца абраць верш сучаснага паэта (за апошнія 30 год) і праспяваць яго на сваю музыку.

«З усіх пададзеных заяваў журы конкурсу адбярэ чатары фіналісты. Кожнага з іх будзе падтрымліваць свой ментар, з якім выканаўцы разам пройдуць такі шлях: навучальная сесія з лекцыямі, майстар-класамі ды практычнымі заняткамі, дапрацоўка конкурснай песні ў студыі і выпускны канцэрт, – распавядае прадусар «Заспявай» Сяргей Будкін, – Па выніку ўсіх гэтых этапаў будзе названы пераможца. Ён атрымае грашовы прыз для рэалізацыі далейшых творчых задумаў, а рэжысёр Арцём Лобач здыме на яго песню кліп».

Арганізатары кажуць, што з дапамогай конкурсу імкнуцца адкрыць для маладых музыкаў свет беларускай сучаснай паэзіі ды паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песнямі.

08

Заявы на конкурс прымаюцца да 17 траўня 2017 году ўключна на мэйл konkurs.zaspiavaj@gmail.com з пазнакаю «Заява на конкурс-2017». Падрабязней пра  ўмовы – на старонцы арганізатараў.

Пераможцамі папярэдніх конкурсаў станавіліся Віталь Варанко, гурты Navi, Pauline, Leibonik і трыё Дзмітрый Нікановіч, Вольга Сацюк, Мікіта Найдзёнаў.

Аўдыё песень пераможцаў і лаўрэатаў «Заспявай» можна паслухаць тут.

Система Orphus