07.04.2017

Малады мінскі гурт «Час Лайна» запісаў гімн для футбольнага клуба «Іслач» і 9 красавіка прэзентаваў яго на стадыёне ФК «Мінск».

Гімн прыйшоўся да спадобы футбольным заўзятарам «Іслачы», якія падхапілі песню і з яе дапамогай падтрымлівалі свой клуб. Барабанны грукат, духавая секцыя і хор узмацнілі ўражанні ад гульні і ўзнялі баявы дух як спартсменаў, так і заўзятараў.

TKRjvIjC4XY

«Пра футбольны клуб «Іслач» мы даведаліся ў 2016 годзе і адразу натхніліся яго гісторыяй, бо за даволі кароткі час амаль сельская каманда здолела прарвацца ў вышэйшы спартыўны эшэлон.

Першы сезон апынуўся няпростым для клуба, але ж каманда стрывала і добра яго завяршыла. Таму нашая песня пра змаганне і ўпартасць. Трэба рушыць да канца і не здавацца, нягледзячы на абставіны, у якіх ты апынуўся», — разважаюць музыкі.

Bi4TV6TDnnY

«Мы імкнуліся перадаць атмасферу, якая ствараецца на стадыёне падчас добрай гульні. Песня павінна уздымаць баявы дух, каб заўзятары ды футбалісты адчулі адрэналін і біліся як сапраўдныя воўкі. Але гэтая песня не толькі пра футбол. Змагацца за сябе, свае мары і перакананні, рушыць наперад — гэта тое, чаго сапраўды не хапае беларусам, — каментуе вакаліст гурта «Час Лайна» Стас Шашок.

Сачыць за навінамі гурта можна праз суполку «Укантакце».

Система Orphus