10.04.2017

Школьнікам на дызелі ён ганяў з Ліды ў Гродна на канцэрты Лявона Вольскага. Сёння прадстаўляе калекцыі адзення для імпрэзаў у «Black House Club».

Павел Белавус – чалавек, які жыве па дэвізу Уладзіміра Караткевіча: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш». І сапраўды перамагае.

Калісьці ён працаваў спецыялістам па сацыяльных сетках на «Радыё Свабода». Ужо трэці год «Арт Сядзіба» і Symbal.by – ягоны асноўны занятак: без графіка, сацыяльнага пакета і часам без выходных.

«У вольныя дні я магу дазволіць сабе ляжаць і ўтыкаць у комп, тэлевізар ці тэлефон. Аднак у адпачынку заўжды трымаеш нешта на кантролі, – гаворыць хлопец і дадае: – Я вельмі шчаслівы, што з сябрамі мы робім тое, што хочацца, а не з-пад палкі. Як падумаю, колькі мерапрыемстваў мы правялі за гэтыя гады…».

Стварыць бізнес Symbal.by маладых людзей натхніла кампанія «Сымбалі краіны».
Тады  навукова-метадычная рада прыняла да разгляду прапанову зрабіць бел-чырвона-белы  сцяг  гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але так і не зацвердзіла праект.

IMG_8490 (Копировать)

«Дзе можна купіць сцяг?» – часта звярталіся да Паўла знаёмыя. Стала відавочна: ёсць попыт, але няма прапановы. Планавалася крамка на 20 тавараў, якая разраслася ў 300 тавараў, мільён ідэяў ды стварыла цэлую з’яву. Досвед Symbal.by – ці не любімы прыклад аналітыкаў пра мяккую беларусізацыю.

«Я ніколі не задумваўся пра сваю ролю ў працэсе. Мне класна ўжо ад таго, што мы маем  фідбэк».

Ён марыць пра тое, каб крама Symbal.by прыносіла грошы, якіх хапала б на жыццё людзям, што там занятыя. І яшчэ дазваляла б укладаць сродкі ў развіццё бізнесу ды культурніцкую дзейнасць. Час ад часу гэта атрымліваецца. На дзень народзінаў «Арт Сядзібы», якое святкавалі ў кафэ «Грай», яны аплацілі 150 чэк-бараў для гасцей са свайго прыбытку.

«Мне самому шмат не трэба. Машына – не раскоша, а для працы. Дом – таксама неабходнасць. Бацькі яго не пабудуць. Цяпер мы здымаем кватэру», – кажа пра свой побыт наш герой.

Далёка не ўся грамадскасць станоўча адрэагавала на ўдзел Symbal.by у вечарыне «Край, якім ганаруся» ў пафасным начным клубе Black House Club. Арганізатары апранулі спартсменаў ды іншых зорак у патрыятычныя цішоткі і худзі. Паўаголеныя танцоўшчыцы ў вышываных сарочках абліваліся малаком.

«Не трэба баяцца беларускіх дзяўчат у майтках і вышыванках, страшней убачыць рускіх хлапцоў у кірзавых ботах і на танках», – адрэзаў Белавус у «Фэйсбуку».

Ягоная праца накладае адбітак на лад жыцця. Павел нярэдка завісае ў кампаніі культурніцкага істэблішмэнта. Пры асабістым знаёмстве ён зусім не стварае ўражанне гламурнага тусоўшчыка. Сур’ёзны, разважлівы, але харызматычны, часам крыху сарамлівы, Павел вельмі просты ў камунікацыі.

IMG_8486 (Копировать)

У яго ўжо даўно ёсць сям’я. З будучай жонкай ён пазнаёміўся на канцэрце, якія сам і арганізаваў. Аказалася, што эфектная бландзінка Кацярына – стрыечная сястра артсядзібаўца Змітра Афанасенкі.

«Я не шукаў кагосьці спецыяльна. Само па сабе завярцелася. Пасля зразумеў, што гэта мой чалавек».

Кацярына шмат удзельнічае ў артсядзібаўскіх справах, а з нядаўняга часу працуе ў краме Symbal.by і адразу стала паўнавартаснай сябрам каманды.

«Усе ідэі я спачатку расказваю ёй. Яна выслухае, нешта падкажа, калі не падкажа – проста выслухае. Гэта не толькі жонка і жанчына, але і дарадца, – прызнаецца Павал. – Я імпульсіўны. Калі трэба, я магу працаваць і ноччу, і раніцай. Яна зразумее і не паставіць свае жаданні вышэй за гэтыя патрэбы».

Як і Зміцер Афанасенка, сям’я Белавус уладкоўвае ўласнае гняздо ў вёсцы за 40 кіламетраў ад Мінска. Паша марыць пераехаць туды да свайго 30-годдзя. У яго ёсць яшчэ адна мэта да юбілея:

«У пэўны момант я даведаўся, што важу 93 кілаграмы! Я набыў сабе абанемент у качалку каля дома. Зараз пачаў бегаць. Задача – штораніцу прабягаць ад 5 да 10 км: у залежнасці ад настрою і папярэдняга дня. Я хачу зноў важыць 84 кілаграмы да лета. Не імкнуся стаць качком, але трэба не выглядаць тлустым», – прызнаўся артсядзібавец.

«Раскінеш улёткі – станеш кіраўніком управы Ліды і атрымаеш пэйджар»

Лідар «Арт Сядзібы» адносіцца да тых людзей, якім не сядзіцца на месцы з самага дзяцінства. У школе ён вучыўся ў профільным класе і ўдзельнічаў абсалютна ва ўсім.

IMG_8472 (Копировать)

На конкурсе «Вучань года» ён прэзентаваў сябе па-беларуску. Гэтым ён вельмі зблытаў карты журы, бо ў іх ужо была свая падрыхтаваная фаварытка. У яго сям’і не было свядомага патрыятычнага выхавання. Настроі бацькоў у гэтай сферы ствараліся стыхійна. Павел узгадвае, як тата заўжды бурчаў на Лукашэнку.

«У мяне звычайныя працоўныя бацькі. Вельмі разумныя і з вёсак. Сустрэліся ў лідскім тэхнікуме», – расказвае артсядзібавец.

Штогод хлопчык Паша адпачываў у летніку «Вясёлка». У той час важатым там падпрацоўваў вядомы журналіст Павал Свярдлоў, тады студэнт БДУ. «Тры чарапахі», «Паветраны шар»  пад гітару, беларускамоўная гульня «Што? Дзе? Калі?»…

Пасля змены ў летніку Павал насіўся па Лідзе ў пошуках касет «N.R.M.». На канцэрты гурта ён ездзіў на дызелі ў Гародню.

Паколькі магчымасцяў для самарэалізацыі ў школе (дарэчы, яна была беларускамоўная) яму не хапала, узорны вучань вырашыў стаць апазіцыянерам.

«Я звязаўся праз інтэрнэт з Яўгенам Афнагелям. Той прыехаў: вось вам сцяг – яго трэба павесіць, вось балон – напісаць графіці, вось улёткі – іх раскінуць. Атрымаецца першы раз – станеш кіраўніком управы горада Ліды і атрымаеш пэйджар».

Запаветны па тых часам дэвайс займець не атрымалася. За дзень да выпуснога іх з сябрам Мацвеем Шабановічам затрымалі, калі тыя ляпілі ўлёткі «Зубра». У школу прыйшоў супрацоўнік КДБ, быў скандал. Тады дзякуючы сваім выдатным характарыстыкам хлопчыкі абышліся выхавацельнай камісіяй і штрафамі ў пару базавых. Кар’ера апазіцыянера абарвалася ў самым пачатку. Заставалася падацца ў менш рызыкоўную культурніцкую дзейнасць.

«Паеду ў вёску – зраблю культурную рэвалюцыю!»

Для паступлення на геафак БДУ Паўлу крыху не хапіла балаў, таму, каб не абцяжарваць бацькоў платным навучаннем, учорашні школьнік апынуўся ў Брэсце.

Наш герой быў вельмі актыўным студэнтам. Ён паспяваў спалучаць навучанне, «Клуб вясёлых і знаходлівых», грамадскую дзейнасць ды журналістыку.

IMG_8479 (Копировать)

Павал Белавус тусаваўся ў вядомай брэсцкай супольнасці «Дзедзіч». Пасля ён стаў працаваць для радыё «Рацыя», газеты «Наша Ніва» і музычнага партала «Тузін Гітоў». Так у яго з’явіліся першыя ўласныя грошы. З інтэрната хлопец пераехаў на здымную кватэру ды купіў першы ноўтбук.

«Для «Тузіна» пачаў пісаць, бо гэта была магчымасць на халяву схадзіць на імпрэзы. Не ведаю, ці засталіся людзі, якія гатовыя пісаць толькі з-за таго, што яны трапяць на канцэрт», – разважае артсядзібавец.

Дзякуючы камандзе КВЗ «Арына Радыёнаўна», што прадстаўляла Брэсцкі ўніверсітэт імя Пушкіна, Павал навучыўся трымацца на сцэне ды прэзентаваць сябе публічна.

«Кожны дзень мы пісалі жарты, рэпетавалі. Тры гады нашая каманда станавілася фіналістам брэсцкай абласной лігі. Гэта цэлая субкультура! Ад 3-га курса я ўжо быў штатным вядучым факультэта», – гаворыць Белавус.

Пасля сканчэння ўніверсітэта першае працоўнае месца – у гатэлі ў Брэсце – раптоўна адпала. Маладому спецыялісту «свяціла» школа ў Ляхавіцкім раёне.

«З’явілася рамантыка! Паеду ў вёску, зраблю культурную рэвалюцыю! – узгадвае Павел. – У аддзеле адукацыі мне сказалі: можам табе даць 25% трудавіка, 25% фізрука і 50% географа. Я не пагадзіўся».

Ён уладкаваўся ў турыстычную фірму, аднак там не вельмі спрацаваўся з кіраўніцтвам ды быў незадаволены заробкам. Павел Белавус вырашыў не «касіць» ад войска, калі ішоў другі год размеркавання.

Вайсковая спецыяльнасць артсядзібаўца – «Тэлефаніст. Лінейны наглядчык». Інжынерны полк у Барысаве стаў для яго школай, дзе ён вучыўся знаходзіць агульную мову з хлопцамі з сельскай мясцовасці. Астатнія навыкі, па словах Паўла, наўрадці будуць карыснымі ў пачатку ХХІ стагоддзя нават у сітуацыі баявых дзеянняў.

«Большую частку часу мы мялі сцежкі-дарожкі. Калі не прыборка, то маталі лапшу, дзяжурылі па вузле, – узгадвае Павел. – Прыходзіць тэлеграма ад Жадобіна, друкуецца на перфастужцы. Ты павінен сабраць той маток, склеіць па правілах афармлення, зарэгістраваць ды перадаць адрасату. Некаторую інфармацыю мы ведалі раней за камандзіра часткі: справаздачы пра колькасць загінулых, палітычную сітуацыю ў войску».

Каб хоць неяк самарэалізоўвацца творча, хлопец пісаў тэксты. Ён хоча зрабіць рэп-праект, выдаць альбом інкогніта і нават ягоную назву пакуль трымае ў сакрэце.

IMG_8498 (Копировать)

У Мінску лідскі хлопец Павел Белавус апынуўся пасля войска. Тут і пачалася гісторыя «Арт Сядзібы» і Symbal.by, а таксама новая глава ў яго ўласнай жыццёвай гісторыі.

26 сакавіка Паўла Белавуса і яго цяжарную жонку Кацярыну затрымалі супрацоўнікі АМАПа, калі пара прагульвалася па праспекце Незалежнасці. Кацярыну пасля адпусцілі, а Паўла завезлі ў РАУС і выставілі абвінавачванне па артыкуле 17.1 «Дробнае хуліганства». Адбыўся суд, на якім сведкі расказвалі, што артсядзібавец прысутнічаў на плошчы, дзе лаяўся матам, паводзіў сябе агрэсіўна і крычаў.

Ні паказанні сведкаў, ні відэа з камер (!) не з’явіліся для суда доказам таго, што Павел невінаваты. Яго асудзілі на 15 сутак арышту. І сёння, 10 красавіка, тэрмін яго арышту скончыўся.

Система Orphus