24.04.2017

Сёння гутарка пойдзе пра горы. На першы погляд, што можа быць больш мэйнстрымным за Салігорскія горы ў рубрыцы пра беларускія падарожжы? Але пасля шэрагу фотачак у сацыяльных сетках, мяне адразу закідалі пытаннямі: «А дзе гэта?», «Гэта Салігорск?»,
«І ГЭТА БЕЛАРУСЬ?»

Бесперапынна паўтараючы налева і направа свой фірмовы лозунг беларускіх падарожжаў: «У Беларусі ёсць усё: і горы, і мора, галоўнае, захацець іх убачыць», я раптам усвядоміла, што якраз-такі пра гэтыя горы і мора я яшчэ не распавядала. Таму пра горы чытайце зараз, а пра сваё беларускае мора я раскажу пазней.

У гэтай тэме адразу трэба паставіць кропкі над «І» і рыскі над «У». Пасля падарожжа па тэрыконах праблем са здароўем у мяне не назіралася, абутак соллю не раз’ела ды, увогуле, у жыцці ўсё добра. Гэта мой скарочаны варыянт адказу на матэрыялы ў інтэрнэце тыпу: «ні за ніякія грошы не суйце туды свой нос!», з-за чаго я баялася ехаць туды 3-4 гады таму.

+++ (Копировать)

Карацей, тэрыконы – гэта не толькі прыгожа, але яшчэ і даволі бяспечна.

Але ўсё ж такі пры ўсёй іроніі варта прытрымлівацца некаторых правілаў тэхнікі бяспекі. Адправілася я на той участак, на якім цяпер не ажыццяўляюцца вытворчыя работы, а значыць, кожныя 15 хвілін не ездзяць грузавікі.

1 (Копировать)

На гэты ўчастак я прыязджаю ўжо другі раз. Дабрацца туды можна пешшу з чыгуначнай станцыі – апошняй перад Салігорскам.

Са словамі: «Як даўно я не была ў гарах!», я адправілася ў горы… кхэ-кхэ – на тэрыконы!

2 (Копировать)

Ведаеце, менавіта пад Салігорскам па дарозе ў горы, я адчула сябе сапраўдным адчайным падарожнікам па Беларусі. Адразу, ідучы кіламетр па шашы, я змагалася з шалёным па беларускіх мерках ветрам, моцы якому надавалі тыя самыя грузавікі.

Гэты кіламетр увесь час у галаве круцілася: «Ды навошта я папёрлася сюды?! Сядзела б дома з кнігай і гарбату піла! Зараз выдуе з мяне ўсё, што толькі можна!» Але, насамрэч, гэта сакрэт поспеху ідэальнай вандроўкі. Чым складаней шлях да пункта прызначэння, тым больш салодкая будзе сустрэча з ім.

І вось, нарэшце, звярнуўшы з шашы да павароту да тых самых гор, я паўстала перад маленечкім непафарбаваным шлагбаўмам. Гэтыя факты я спецыяльна вылучаю для хэйтэраў (ці як там у інтэрнэце называюць крытыкаў усіх і ўсяго). На падыходзе да ўчастка няма ніякіх забараняльных знакаў або таблічак накшталт «уваход / уезд / палёт / падплыў забаронены».

Як мне сказаў адзін шахцёр (сустрэла яго ў іншым месцы – не палохайцеся, там вы будзеце адныя), нічога страшнага няма ў тым, што вы проста прагуляецеся па дарожцы каля тэрыконаў і паздымаеце. Ніякай шкоды гэта нікому не зробіць.

3 (Копировать)

Ад павароту да пункта назначэння яшчэ дзесьці паўкіламетры трэба падымацца ўверх. І гэты раз скарэнне падэшвы адной з беларускіх гор было больш складаным, чым у мінулы. Вецер стаў яшчэ мацнейшым, ператварыўшыся ў скразняк, а неба зацягнула шэрымі хмарамі, якія час ад часу пырскалі на мяне дробным дожджыкам. Але эмоцыі ад убачанага засталіся моцныя.

Да гэтага часу, калі заплюшчваю вочы, усплывае якасная карцінка тэрыконаў у фармаце Full HD.

6 (Копировать)

У мінулы раз да гор мы з сябрамі дабіраліся на роварах. Гэта было лета са сваімі шчырымі беларускімі +25. Але ці сябры, ці ровар так згладзілі сітуэйшн, што я нават не памятаю, каб нехта скардзіўся на цяжкі ўздым, дарогу ці спякоту. І самае цікавае, што відовішча перад намі адкрылася іншае, чым цяпер. Шчыра кажучы, я чакала ўбачыць дакладна тое ж самае, што стаіць у мяне ў рамцы на стале.

4 (Копировать)

На тых фотаздымках бачна, што горы ззяюць амаль усімі колерамі вясёлкі. І калі ты маеш добрую фантазію, то можаш навыдумляць сабе розных зямных месцаў (ці незямных) адпаведна кожнаму колеру тэрыконаў. Так жыць робіцца значна вясялей. :)

5 (Копировать)

У нейкі момант, насамрэч, пачынае здавацца, што ты дзесьці за межамі Зямлі: іншае паветра, глыбокая цішыня, нетыповае навакольнае асяроддзе…

Дарэчы, адна з любімых подпісаў фотачак з геалакацыяй «Soligorsk» у сацсетках турыстаў: «На Марсе класна!», але, мажліва, яны маюць на ўвазе сам горад – я не ўпэўнена. :)

6а (Копировать)

Гэтым разам блізка мне ўдалося пабачыць толькі так званы «Тэхас» – горы з усімі адценнямі карычневага. «Ледавіковыя» горы былі ў іншым месцы, дзе актыўна ідуць працы. Па дарозе да гор сустракаюцца невялікія азёры, ці, кажучы шахцёрскай мовай, – тэхнічныя водаадстойнікі. Яны надаюць дадатковы шарм гэтай і без таго захапляльнай атмасферы.

8 (Копировать)

Такая абстаноўка падаецца больш рамантычнай, чым класічныя свечкі і пялёсткі руж.

Адразу з’яўляецца жаданне заночыць тут, гледзячы на зоркі і слухаючы чытанне вершаў якога-небудзь сімпатычнага хлопца. Але трэба адразу адагнаць ад сябе гэтую думку, хоць побач з дарогай, што вядзе непасрэдна да гор, ёсць поле, дзе актыўна прарастаюць аграрныя культуры.

У гэтую паездку я амаль не адчула, што знаходжуся каля тэрыконаў. Але летам за кошт выпарэння я была ўся белая – соль была ў валасах, на вопратцы, пад вопраткай, на вуснах і на вейках. Праз некалькі гадзін гэта ўсё пачало дзіка свярбець, таму ў спякоту больш чым на некалькі гадзін затрымлівацца тут не раю.

7 (Копировать)

Я правяла там каля трох гадзін, але мне ўсё роўна падалося мала. Вярталася на шашу я спіной уперад. Больш з-за таго, што не магла наглядзецца на карычневыя абрысы.  І, канешне, з-за ветра… Заняўшы пазіцыю звычайнага пешахода, я не магла змірыцца з тым, што на развітанне спіне дастанецца больш прыгажосці, чым вачам.

Безумоўна, гэта адно з самых ярскравых месцаў Беларусі, пра якое ведае кожны беларус. Але чамусьці амаль кожны здзіўляецца, як там маляўніча, і ў патаемных думках марыць зрабіць на фоне Салігорскіх гор круты фотаздымак :)

9 (Копировать)

Калі я пачну распавядаць пра тое, што гэта адно з самых яскравых і запамінальных падарожжаў па Беларусі, то вы ўсё адно не паверыце, бо я пра кожнае месца так кажу. Але гэта шчырая праўда.

Бо з кожным месцам ўсталёўваецца асаблівая сувязь.

Пра кожную беларускую мясціну, якую я наведала, я магу распавядаць гадзінамі, бо бярэ гонар за такую спадчыну і… «сваё ёсць сваё!».

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *