24.04.2017

Партал TuzinFM распачаў праект «(Не) расстраляная паэзія», у якім возьмуць удзел Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Cвета Бень, Кацярына Ваданосава, гурты Dzieciuki, Vuraj, Re1ikt, Akute ды іншыя вядучыя беларускія музыкі. Яны запішуць песні на вершы расстраляных паэтаў.

Удзельнікі праекту створаць песні на вершы паэтаў, якія былі расстраляныя 29 кастрычніка 1937 году. Кожны ўжо абраў «свайго» паэта.

Гурт Naka, напрыклад, напіша музыку на адзін з твораў Валерыя Маракова, рэпер Angst – на твор Зямы Піваварава, TonqiXod узяў Тодара Кляшторнага, Pomidor/off – Майсея Кульбака. Усяго атрымаецца 12 новых кампазыцый ад 12 выканаўцаў.

1937-vokl1

«Мы не дамо сцерці з народнай памяці творы і твары беларускіх паэтаў Расстралянага Адраджэння. З дапамогай нашага праекту мы хочам сказаць, што хоць аўтары і расстраляныя, іх творчую спадчыну знішчыць немагчыма, – зазначае кіраўнік праекту Сяргей Будкін. – Мы аддаем даніну павагі паэтам і ўключаем іх творчасць у сучасны культурны кантэкст: іх вершы праз стагоддзе пасля напісання стануць песнямі. І каб усё атрымалася прыгожа і якасна, мы заклікаем падтрымаць праект кожнага, каму неабыякавая гэтая тэма».

Адмыслова да праекту рэжысёр Арцём Лобач зрабіў прома-ролік, у якім зняліся Павал Харланчук, Андрэй Саўчанка і Алена Гіранок.

Ужо стартавала краўдфандынгавая кампанія на Talaka.by. Тыя, хто падтрымае праект, атрымае запрашэнні на канцэртную прэзентацыю, а таксама іншыя падарункі. Сярод іх –  «маўклівыя кнігі» – нататнікі з выявамі паэтаў ды цытатамі з іх твораў.

«Гэта метафара перарванай творчасці, помнік ненапісанаму, недастворанаму, непрачытанаму. Гэта магчымасць адчуць персанальную повязь з творцам, працягнуць ягоную справу, запоўніць старонкі словам», – гэтак тлумачыць ідэю Кацярына Пікірэня, якая цяпер працуе над дызайнерскай серыяй з 12 нататнікаў-кніг. Яе прэзентацыя адбудзецца таксама ў межах праекту.

Акрамя музычнай і дызайнерскай часткі ў праекце будзе яшчэ і адукацыйны складнік – на восень запланавана зладзіць 12 адкрытых лекцый. Кожную з іх правядзе знаўца жыцця і творчасці канкрэтнага творцы разам з музыкамі. Падчас лекцый упершыню будуць зайграныя ўжывую песні на словы паэтаў.

Падтрымаць праект можна тут.

Система Orphus