06.05.2017

6 траўня магілёўскі гурт AKUTE адыграў вялікі канцэрт у мінскім клубе «Брюгге»: пасля тура па Украіне альбом «Płastyka» быў яшчэ раз прадстаўлены ў Беларусі.

Што адбывалася падчас канцэрта? «Vicky Fatez, Станіслаў Мытнік і нейкі хлопец з гітарай» (так прадставіў гурт вакаліст AKUTE Стас Мытнік – рэд.) з дапамогай сваёй музыкі паднімалі слухачоў з месцаў, вымушаючы шалёна танчыць і спяваць грамчэй за дынамікі.

Было бачна, што мінская публіка паспела засумаваць па любімым гурце, таму з захапленнем сустракала кожную песню, зрываючы галасы і не шкадуючы далоняў.

Пасля канцэрта самыя актыўныя слухачы падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі:

Вераніка: «Я стаяла каля самай сцэны, таму што прыйшла ў клуб раней за ўсіх. Не ведаю, як там далей у залі, але каля самых ног Мытніка было вельмі горача (смяецца). А калі сур’ёзна, то рабяты вялікія малайцы. Я даўно так не танчыла!»

Глеб: «Вы калі-небудзь бачылі, каб AKUTE выступалі дрэнна? Вось і я не бачыў, а сённяшні канцэрт не стаў выключэннем: гучна, яскрава і шчыра. Менавіта тое, чаго не хапала гэтай вясне».

Арына: «Музыкі робяць вялікую справу – граюць свае песні па-беларуску. Неверагодна прыемна чуць родную мову ў песнях, прычым, у якасным выкананні і ў шчырай атмасферы. Дарэчы, сёння я пачула AKUTE упершыню, аднак ні адной хвілінкі не адчувала сябе лішняй, ці не ў сваёй талерцы. Музыкі натхняюць на ўсмешкі і добры настрой».

Музыкі на кожнай песні выкладваліся па максімуму і напрыканцы канцэрта літаральна валіліся з ног: Стас Мытнік разам з гітарай «прысеў» на падлогу і віртуозна граў, седзячы на сцэне.

AKUTE выклікалі граць на біс, але і пасля доўгіх развітанняў публіка не хацела адпускаць музыкаў, і саліст напрыканцы зайграў песню ў акустыцы.

Але ж «Płastyka» на біс!» далёка не апошняе, над чым зараз працуюць музыкі.

Па словах менеджэра AKUTE Уладзіміра Булаўскага, зусім хутка гурт будзе ладзіць акустычны выступ.

Таму ўважліва сачыце за навінамі гурта ў сацыяльных сетках і ў афішы «Арт-Сядзібы».

Аўтар тэксту: Дар’я Рублеўская.
Аўтар фота: Ганна Пахоменка.

Система Orphus