22.05.2017

У нядзелю 21 траўня магілёўскі гурт NIZKIZ сабраў сталічны «Брюгге», каб прэзентаваць свой новы альбом «Синоптик»

Мерапрыемства распачалося задоўга да афіцыйнага пачатку выступу: музыкі прывезлі з сабой фотазону і за дзве з паловай гадзіны да канцэрта аб’явілі аўтограф-сесію, дзе гутарылі з слухачамі, рабілі фотаздымкі і падпісвалі мерч. 

З рэлізу альбома «Лiрика» прайшло каля двух гадоў, таму публіка сустрэла новы альбом гурта з вялікім імпэтам і выкупіла ўсе квіткі: у «Брюгге» быў сапраўдны «біток». 

Канцэрт NIZKIZ можна смела назваць харавым, бо кожная песня выконвалася вакалістам і дзесяткамі людзей з танцпляца.

Нягледзячы на тое, што ў нядзелю прэзентаваўся новы альбом, музыкі не забыліся і на любімую ўсімі «Лирику» – альбом, які выйшоў у свет у 2015 годзе. Трэкамі менавіта з гэтага альбома пачаўся і скончыўся канцэрт.

Усе прысутныя ў зале падтрымалі слушныя словы Дзмітрыя Халяўкіна (бубнача і менеджэра гурта): «хочацца, каб такія канцэрты не заканчваліся» – і ніяк не хацелі адпускаць магілёўскіх музыкаў. Таму NIZKIZ зайграйлі «на біс» яшчэ 2 песні.

У межах прэзентацыі альбома Мінск стаў апошняй кропкай на мапе выступаў гурта, але музыкі выказалі надзею назбіраць у наступны раз яшчэ большую залу – сталічны PrimeHall.

Каб не прапускаць класныя канцэрты, сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках і афішы.

Аўтар тэксту: Дар’я Рублеўская.
Аўтар фота: Настасся Лындава.

Система Orphus