22.05.2017

Пакуль ва ўсіх кутках сталіцы святкавалі Міжнародны дзень музеяў, у клубе «ІЛІ» дзесяць таленавітых гуртоў змагаліся за права апынуцца ў фінале музычнага фестываля «Басовішча-2017».

20 траўня на «Адборышча» (папярэдні конкурсны адбор на фэст) з’ехаліся розныя музычныя каманды, каб паказаць мінскай публіцы, што менавіта яны лепшыя і вартыя фінала «Басовішча-2017»

«Басовішча» — фестываль музыкі маладой Беларусі, арганізаваны Беларускім аб’яднаннем студэнтаў у Польшчы.

Першымі пачалі запальваць у гарачы травеньскі вечар мінскія музыкі Martin S. – громка, гучна і з фірмовымі танцамі ад вакаліста Уладзіміра Боські. Нягледзячы на адсутнасць некаторых музыкаў (Маргарыты Медвецкай – бас-гітарысткі і Яўгена Шэлепеня – скрыпача) у гурта атрымалася паказаць сябе і сваю музыку з самага лепшага боку.

«У Martin S. свая атмасфера, свой настрой у музыцы – гэтым яны і адрозніваюцца ад усіх астатніх. У трэках гурта ёсць штосьці такое, што чапляе за душу і там застаецца. Ім было складана выступаць першымі, безумоўна, але яны выдатна адыгралі свой сэт і, я лічу, мусяць апынуцца ў чацвёрцы фіналістаў», – кажа Дар’я, наведвальніца «Адборышча».

Далей на сцэну выйшаў стылёвы гурт NGe: гітарысты, бубнач і мініяцюрная бландынка-вакалістка з неверагодным голасам. Выканаўшы ў межах конкурснай праграмы 3 свае песні, музыкі запрасілі ўсіх прысутных на музычны вечар разам з імі ў музеі Якуба Коласа.

Працягнулі музычны канвеер самыя загадкавыя выступоўцы «Адборышча» эпатажныя хлопцы з фармацыі ZANZIBAR. Музыкі  выйшлі на сцэну ў чорных масках на тварах, але гэта не перашкодзіла ім запаліць залу задорным панк-рокам.

«Гурт крыху не ў маім гусце, але іх арыгінальнасць і адметнасць нельга не прыкмеціць. Хлопцы малайцы – намагаліся выступіць так, каб іх запомнілі, і ў іх гэта атрымалася», – дзеліцца думкамі Алёна.

Самым цікавым чынам распачаў свой выступ гурт Leibonik: саліст гурта, Сяргей Башлыкевіч зачытаў адну са знакамітых басень Кандрата Крапівы. Пад час свайго выступа гурт праспяваў пра каханне, высокія стандарты сталічных дзяўчат, пра імідж ды іншыя рэчы. Харызма і спевы барадатага музыканта аздабляліся чароўным голасам вакалісткі Ганны Рубчэні. Музыкі так запальвалі, што ў вакаліста пачалі ірвацца струны. Але музыкі не кінулі граць, а Сяргей Башлыкевіч толькі памяняў гітару на сінтэзатар.

«На маю думку, Leibonik фаварыт сённяшняга конкурса. Адразу чуваць, што гурт сыграны, у іх песнях ёсць дынаміка і моц, а гэта менавіта тое, што патрэбна «Басовішчу». Усе музыкі неверагодна пазітыўныя, шчырыя, таму і музыка ў іх атрымліваецца светлая і жыццярадасная», – выказваецца Кірыл.

Фартэпіяна, скрыпка, акардэон, кантрабас, бубны і тангавыя матывы – вось гэта гурт BarRokka, які здзіўляў сталічную публіку сваім неверагодным гучаннем і пранікнёным вакалам.

Апроч мінскіх гуртоў на конкурс завіталі выступоўцы з Магілёва – малады boys band LIS, які абяцаў, што прарвецца, нягледзячы ні на што. Падчас свайго конкурснага сэту музыкі звярнуліся да тэмы вайны і міру і праспявалі кранальную песню «Чырвоная зямля».

Пасля LIS на сцэну выйшаў мінскі гурт Teleport – мікс меланхалічных матываў у электрычнай апрацоўцы. Цікавае гучанне і поўная самааддача – вось чаго нельга было не заўважыць у маладых музыкаў.

Працягнуў электрычны сэт на сцэне «ІЛІ» гурт SnopSnoŭ, які, як і ўсе астатнія, намагаліся атрымаць права выступаць на легендарным беларускім фестывалі.

Гучны гурт Minsk Rock Squad уразіў публіку сваёй шалёнай харызмай і няспыннымі танцамі. Музыкі выконвалі свае песні па-беларуску і па-англійску ды запрашалі ўсіх танчыць разам з імі.

Вар’яцкія танцы на сцэне працягнуў гурт Ferris Wheel – спалучэнне бубнаў, гітар, трубы ды трамбона. Музыкі ўражвалі слухачоў не толькі сваімі сінхроннымі (і не зусім) скокамі, але і вершамі ды цытатамі перад песнямі.

«Сапраўды шчыльны гук і такая неверагодная энергія, ад якой дрыжыкі па скуры. Захацелася пераслухаць усе іх трэкі, аднак, я лічу, над стылем ім яшчэ трэба крыху папрацаваць – надта моцна яны нагадваюць ранішніх «Ляпісаў», – кажа Вера, наведвальніца мерапрыемства.

Пасля чатырохгадзіннай конкурснай праграмы ў «ІЛІ» выступілі пераможцы мінулых гадоў — Яўген Кучмейна з праектам .К і гурт Бяз Назвы / :B:N:.

Напрыканцы мерапрыемства журы назвала пераможцаў «Адборышча». Імі сталі гурты Teleport, Barrokka, SnopSnoū и Leibonik.

Яны выступяць на фестывалі «Басовішча-2017», які адбудзецца 14-15 ліпеня ў польскім мястэчку Гарадок.

Аўтар тэксту: Дар’я Рублеўская.
Аўтар фота: Ганна Шарко.

Система Orphus