23.05.2017

Напрыканцы сакавіка мы абвесцілі конкурс «Вершы свабоды» – збор вершаў на тэму волі і незалежнасці нашай краіны. Мы прадстаўляем вашай увазе топ-10 лепшых «Вершаў свабоды» аўтарства маладых паэтаў.

***
Мая рука ў труне забытага народа. 
У постаці збянтэжанных вачэй. 
А для кагосьці – гэта асалода 
І справа, што дазволіць гарачэй 
Таптаць чужую, дзякуй Богу, 
Маці. 

«Вар’ят, пакінь нас!» – адусюль гучыць. 
Твае сумленне мы зачынім у хаце, 
Дзе санітары, дзе табе і быць. 
Не трэба болей нас карміць хлуснёю, 
Каб верыць у гэта чорнае жыццё. 
Бо зараз кожны кажа: «Не дазволю!»,
Бо зараз кожны будзе
Бараніць сваё.

Мацвей Лішын

 ЧАКУНЫ

апусцілі ручкі
схілілі галоўкі
сціснулі зубкі
боль схаваўшы ў грудзёх
на сваіх кухнях пратэстуеце 
моўчкі
дый тое не больш
за трох
напужаныя
гадаеце які будзе працяг
заплюшчыўшы вочкі
прыціснуўшы вушкі 

белы – белы – белы
сцяг

ужо
без
чырвонай
стужкі.

Алесь Мінаў

СВЯТОЕ ПРЫШЭСЦЕ

Маці вярнулася з храму: 
«Бацюшка кажа, што нікога не бласлаўляе 
На ўдзел у мітынгу. 
Калі не слухаеш маму, 
дык паслухай духоўнага лідара: 
пратэсты і мітынгі – усё ад нячыстага». 

«Цікава, 
А АМАП, значыць, выйшаў на вуліцы, 
Таму што займеў бласлаўленне? 
Камусьці выбілі сківіцу – 
Гэта волі Божае праяўленне? 
Можа, яны акрапляюць святою вадою 
Дубінкі і аўтаматы? 
Пратаколы, у якіх загадзя напісана: «ругаўся матам»? 
Хрысцяць шлемы і ўчора яшчэ хадзілі з кадзілам 
Па аўтазаках? 
Ва імя айца і сына і святога АМАПА. 
Вучаць малітвы, за гэта іх хваліць прапар. 
Будзеш біць – маліся, Бог пачуе і выбачыць. 
А калі не, можна схадзіць на споведзь. 
– Ойча, я саграшыў. 
Затрымаў двух студэнтаў, дзяўчыну, пенсіянера, дваровую псіну 
і ката Леапольда. Леапольда пасля вярнуў. 
– Дык навошта вяртаў? Тры разы «Ойча наш», трыста баксаў 
і Бог прабачыць». 
— 
Вайна супраць свайго народа – вайна свяшчэнная. 
Чаму нас затрымліваюць? У нас жа ўнутры нічога святога! 
А ў міліцыянераў – вера. 
І міліцыя не спыняе маліцца. 

Яны паставілі крыж на краіне 
І на ім жа яе 
хаця не распялі, але падвесілі. 
І за гэтую думку цябе «весела з песняй» 
адвязуць на Акрэсціна. 

І калі ў спісе арыштаваных 
Насупраць твайго прозвішча будзе крыжык: 
Па-любому пазнака Бога – супакой дрыжыкі. 
Крыжык нават возьмуць ў кружочак. 
Ты сядзеш, але парадуйся: 
Амапавец атрымае заробак і зводзіць у парк сваіх дочак.

Мэрлін Бі
 

***
Адкрыем нашы вочы зноў сягоння
І выйдзем, абʼяднаемся мы зноў,
Як людзі, як сапраўдныя, свабодныя,
Пазбавімся ад гэтых кайданоў.

Не авалодаць сэрцам думкам страха,
Мы вольныя, збярэмся на мяжы
Учорашняга дня і дня, што сёння,
І ўпадуць у ворага нажы.

Над намі ў небе бусел пралятае,
Ён з намі сёння, з намі, як і ты:
Той, хто не пабаяўся пакарання,
Той, хто ўпэўнены ў перамозе сапраўды.

Нам не згубіць краіну нашу маці,
Яна абудзіцца ад гэтакага сну,
І разам з намі пабудуе шчасце,
Мы вернем ёй мінулую красу!

І будзе з намі кожны: стары, малы,
І будуць з намі дрэвы і дамы.
І будзе з намі кожная істота,
І будзе з намі кожны: й я, і ты…

У гэты дзень здабудзем перамогу,
Абудзім усё навокал мы ад сну.
І на пытанне, што ў Беларусі:
«Жыве яна», – скажу. І я жыву.

Мікіта Бабло

НЯДЗЕНЬ НЯВОЛІ

Нялюдзі неграмадзянаў навідзяць.
Невіншуюць, неабдымаюць нябольна.
Небеларусы з няўсмешкай няплачуць. 
Ненапружанае нечаканне ў непаветры нявісне.
Нясвята. Нягорка.

Ганна Шакель

 

ЗАБАРОНЕНА

1. Грамадзянам забараняецца насіць кветкі,
Настойліва раіцца насіць замест іх зброю.
2. Сьценам забараняецца сьпяваць.
Настойліва раіцца слухаць.
3. Грамадзянам забараняецца захоўваць у сябе кнігі,
Настойліва раіцца рэгулярна чысьціць паліцы.
4. Мамам забараняецца сьпяваць калыханкі,
Настойліва раіцца поўнае маўчаньне.
5. Грамадзянам забараняецца ўсьміхацца
З шырынёю больш за 1.5 см у абодва бакі.
6. Зоркам забараняецца сьвяціць
У адлегласьці менш за 157 сьветлавых гадоў ад закаханых паэтаў.
7. Паэтам забараняецца закахацца,
Настойліва раіцца застрэліцца,
Пасьля падачы адпаведнай заявы ў цэнтральную камісію.
8. Грамадзянам забараняецца пісаць вершы,
Пры парушэньні гэтай забароны настойліва раіцца зьвярнуцца
Адразу да сёмага (7) пункту.

Дзякуй за ўвагу.

Анхела Эспіноса Руіс

 

***
Гады цягнуліся юзам 
Пад дабраахвотным прымусам. 
І з-пад пацярухі жалезнай заслоны 
Варанок выехаў – бусам, 
Што праз народны боль 
Вязе змардаваную волю 
За краты 
Пад подых прыгоннай 
Дэмакратыі. 

Але насуперак ззянню зорак з пагонаў 
Ды залеве дубінак у плечы 
Беларусь упарта жыве. Жыве вечна.

Валерыя Данілевіч

 

***
Мы ў векапомны жывем з вамі час,
Час адраджэння, знішчэння абраз.
Край патрабуе ад нас дапамогі,
Той дапамогі не ведаюць богі!
Дзе жа сыны яе, нашай зямлі,
Зямлі, дзе дзяды працавалі ў палях?
Там, дзе замест тое жывое вады,
Воды крыві напаўнялі гады.
Нашыя сэрцы грымяць, нібы коні,
Коні магутнай, няспыннай пагоні!
Час вызначацца табе і народу:
Гэй жа, народзе, ты хочаш свабоду?
Разам і толькі з агульнаю мэтай,
Мэтай адзінай, жаданнем сагрэтай,
Мы атрымаем у рукі жыццё –
Наша жыццё і душы пачуццё.

Фёдар Бянько

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
за стабільнасць радзімую жах,
успомню нкусаўцаў цвёрдасць святую
і чысцюткія рукі ЧэКа.
Вось шыхты прабягаюць амонаў,
рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць.
Старадаўніх савецкіх пагонаў
не забіць, не спыніць, не сарваць
Вы ў цяжкай спецформе бяжыце,
каб нязгодным даці дубца,
за дзядуляй з кіёчкам спяшыце,
каб яго зацягнуць у аўтазак.
Мо яны на праспект панясліся,
усё за пятай калоннай уздагон,
што забылі цябе, адракліся
і за гранты аддалі ў палон.
Вы па нырках іх біце дубцамі,
не давайце чужынцамі быць,
хай адчуюць, як сэрца начамі
аб крыштальным сасудзе баліць.
Маці родная, маці Краіна,
не ўсцішыцца гэтакі боль,
хай устануць на шлях выпраўлення,
ім на сутках адседзець дазволь.
Так было і так будзе да скону
І няма тут чаго гараваць
Старадаўніх савецкіх пагонаў
Не забіць, не спыніць, не сарваць.

Павел Дарохін

***
Мы зварылі свае надзеі ў шэрай таннай труне,
мы працавалі стагоддзе, каб знікнуць у імгле,
мы ваявалі стагоддзе, каб нас залілі ў бетон.
і на месцы могілак збудавалі новую школу,
дзе ніхто не вучыцца, бо рабы не павінны думаць,
не павінны жадаць, мроіць, ствараць,
апранай, хлопчык, берцы, хапай кулі,
табе скажуць, хто – вораг, а хто – гаспадар,
аблупіцца скура шчыгрынавая на скронях,
спадзе павадок з шыі пластмасавы,
і ты не пабачыш больш ліній на далонях,
і адбіткі пальцаў знікнуць. Паволі,
ты станеш часткай арганізма, экасістэмы,
будзеш жыць, як амела на дрэве,
вечнамалады, вечназялёны паразіт,
на кволай паверхні жывой Зямлі.

Маргарыта Прыка

Система Orphus