26.05.2017

Значыць, справа была такая: прачынаюся я неяк раніцай і думаю: «Я ніколі Слуцкія паясы не бачыла! А гэта ж беларуская славутасць сусветнага масшабу! Трэба ехаць…»

У Слуцку я была дзесьці паўсотні разоў, але ў дзяцінстве мне было ўсё роўна на нейкую там гісторыю, галоўнае, набыць самы файны бант на школьную лінейку. Потым на працягу года я перыядычна наведвала гэты горад, але, па сутнасці, ведала толькі адну вуліцу – вуліцу, якая вядзе да чыгуначнай вайсковай часткі. Тады я называла яго «самым ненавісным» ці «дажыначным горадам».

Бачыла ў ім толькі свежапафарбаваныя будынкі светла-жоўтых і ружовых колераў ды саўдэпаўскія кафэшкі тыпу «Спатканне», «Родны кут» і г.д. Алею падліў юбілей горада – у верасні Слуцку споўнілася 900 год.

Мы з сябрамі ўвечары трапілі на вечарыну на галоўнай плошчы каля выканкама. Гэта быў раённы агратрэш (апісваць не буду, вы і так усё разумееце). Танцы распачаў нейкі дыджэй са словамі: «Вяшчае Масква!».

Пасля гэтага вечара ў мяне была дэпрэсія некалькі дзён: «Ну як так? 900 год жа, ну! Слуцкія паясы, ну! Слуцкі збройны чын, ну! Анастасія Слуцкая, ну!».

Але цяпер я ведаю, што многае залежыць ад таго, як сябе наладзіш. Бо, насамрэч, магчымасці чалавека ў гэтым плане бязмежныя. Цяпер пра гэты горад у мяне самыя цёплыя ўспаміны.

Хачу падзяліцца сваімі гісторыямі з гэтага трыпа і раю паглядзець на Слуцк пад іншым вуглом. Пагналі!

Як мне сказаў адзін жыхар Слуцку: «Усе славутасці горада знаходзяцца ў цэнтры». Мы паслухаліся і з вакзалу адразу паехалі да рэчкі Случ у цэнтр.

Адразу скажу, што абавязкова трэба наведаць помнік Анастасіі Слуцкай.

Я разумею, што гэта дзіч для сучаснай моладзі – чытаць параду наведаць помнік. Але загадзя паглядзіце кінастужку «Беларусьфільма» «Анастасія Слуцкая», галоўную гераіню якой грае вядомая беларуская актрыса Святлана Зелянкоўская (жонка Сяргея Міхалка). Пасля гэтага фільма Слуцк для вас ужо не будзе ранейшым, а месца, дзе стаіць помнік, заззяе іншымі колерамі.

Я прывыкла, што у кожнага помніка ёсць нейкая частка, за якую трымаюцца ці труць і загадваюць жаданне. Не ведаю, ці заведзена гэта рабіць у выпадку з гэтым помнікам, але за меч я трымалася каля пяці хвілін, пералічваючы жаданні: «здароўя блізкім, душэўнай і фізічнай сілы мне, кар’ернага росту, больш падарожжаў…».

Я лічу Настассю самай моцнай і незалежнай жанчынай Беларусі. Яе, насамрэч, называюць і беларускай Жаннай Д’Арк, і жанчынай-легендай, і жанчынай-ваяром. У апошні час жартую на гэты конт, што калі ваша кабета распавядае пра сваю моцнасць і незалежнасць, то, як мінімум, прапануйце пачытаць ёй біяграфію Анастасіі Слуцкай, максімум – адстаяць і абараніць свой горад ад набегаў татар.

Трэба адзначыць, што сама скульптура будзе вельмі цікавым аб’ектам для архітэктараў, бо гэта першы і пакуль адзіны помнік у Беларусі, выкананы ў тэхніцы спалучэння бронзы і граніту ў адной скульптуры.

Усё падарожжа сябра гудзеў на вуха, што Слуцк трэба называць Змагар-град, а не проста радавым Слуцкам.

Горад праславіўся не толькі непрабіўной абаронай Анастасіі Слуцкай, а таксама Слуцкім збройным чынам (спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі).

На жаль, ніякіх памятных знакаў у горадзе няма, але на дадзены момант грамадскія актывісты вядуць актыўныя работы па выпраўленню гэтай памылкі. Такім чынам, самы моцны козыр Слуцка, перад якім многія беларускія гарады прайграюць, – гэта яго гісторыя, якой павінен ганарыцца кожны беларус. Таму, шпацыручы па Слуцку і сустракаючы мясцовых жыхароў, памятайце, якімі крутымі былі іх продкі!

Цвікам слуцкай вандроўкі, канешне ж, сталі слуцкія паясы. У цэнтры недалёк ад рэчкі стаіць вялікі будынак пад назвай «Слуцкія паясы». Зроблены ён па ўсім сучасным беларускім канонам архітэктуры: вялікі прамавугольнік з блакітным шклом, але з крутымі вокнамі і аканіцамі на першым паверсе.

Супрацоўніца ўстановы «Слуцкія паясы» неаднаразова падкрэслівала, што гэтае месца не з’яўляецца музеем у звычайным яго разуменні, то бок, не падпарадкоўваецца Міністэрству культуры, а з’яўляецца самастойным Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам мастацкіх вырабаў. У ім змяшчаецца гандлёвая лаўка, сапраўднае прадпрыемства па вырабу слуцкіх паясоў, кафэ і музей. 

У лаўцы мне адразу захацелася набыць сабе што-небудзь з унікальнай з’явай нацыянальнай мастацкай культуры, але-е-е:

  • невялічкі кавалачак тканіны тыпу маленькага слуцкага пояса каштуе 37 BYN;
  • чэхол для тэлефону абразца 2000 года – 18 BYN;
  • у рамцы кавалачак рэпрадукцыі слуцкага пояса – 20 BYN.

Канешне, у мяне была думка набыць для сваёй коткі, мянушка якой Барбара Радзівіл, той маленечкі слуцкі пояс, бо яе імя самое напрошвалася на гэта, але мяне спыніў толькі той факт, што слуцкія паясы насілі выключна мужчыны (запэўніваю вас, спыніла мяне толькі гэта:).

Але ўсё ж такі мне дастаўся трафей з лаўкі слуцкіх паясоў. Прадавачка са словамі: «Калі захочаце замовіць Слуцкі пояс, то вось вам брашурка з узорамі, памерамі, складам», працягнула мне каляровы аркуш. Ну канешне, гэта тыповыя паводзіны чалавека, які хоча набыць слуцкі пояс!

Ах да, забыла паведаміць самы галоўны факт: мінімальны кошт слуцкага пояса – (увага!) 1000 $.

У брашуры напісана, што «слуцкі 5-мятровы пояс быў прыкметай добрага густу і немалога дастатку». Ведаеце, калі б я сустрэла на вечарыне якога-небудзь дзецюка ў слуцкім поясе, то я б і цяпер згадзілася, што гэта прыкмета немалога дастатку, але б наконт добрага густу я б паспрачалася (калі гэта не якая-небудзь касцюміраваная вечарына).

Распавяду крыху пра слуцкія паясы, хоць і ніхто з вас не збіраецца набываць іх сабе, але для агульнай інфармацыі, каб падтрымліваць свецкія размовы, будзе вельмі карысна.

Вытворчасць слуцкіх паясоў у свой час наладзілі Радзівілы, зрабіўшы Слуцак заканадаўцам мод. Мясцовыя мануфактуры выраблялі паясы, якія насілі самыя багатыя людзі XVIII-XIX ст. Слуцкія паясы склалі сур’ёзную канкурэнцыю ўсходнім паясам, якія былі таксама папулярныя сярод шляхты. Кожны пояс рабіўся ўручную – у яго шаўковую аснову ўпляталіся найтанчэйшыя срэбныя і залатыя ніткі.

Цяжка цяпер адказаць на пытанне, ці захаваліся на сённяшні дзень у Беларусі арыгіналы цэлых слуцкіх паясоў, але іх часткі дакладна існуюць у музейных кутках нашай краіны.

Асаблівасць гэтай установы ў тым, што там размяшчаецца ўнікальны станок, які паўтарае  тэхналогію вырабу Слуцкіх паясоў. Чаму ўнікальны? Таму што такі станок –  адзіны ў свеце.

Супрацоўніца распавядала, што замежныя краіны рабілі спробы нешта падобнае наладзіць, але не атрымалася. Каб узнавіць тэхналогію вырабу, збіралі не адзін кансіліум спецыялістаў, гісторыкаў, майстроў і інш. Дасканала даследаваліся сакрэты майстэрства ткачоў, мастацкія асаблівасці паясоў, матэрыялы, з якіх яны вырабляліся ў XVIII ст.

Сёння ў гатовым выглядзе іх нельга набыць нідзе, можна замовіць толькі ў Слуцку. Можна самому абраць узор, памер, наяўнасць залатых і срэбных нітак, то бок, зрабіць іх максімальна ўнікальнымі.

РУП «Слуцкія паясы» дае магчымасць паглядзець на гэты станок: ён стаіць за шклом. Мы нават засталі за працай жанчыну. Дарэчы, цяпер верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі» сапраўды з’яўляецца актуальным, бо раней занятак ткаць слуцкія паясы (не блытаць са слуцкімі народнымі паясамі!) быў выключна мужчынскім. Уражанні, канешне, моцныя засталіся… Я маленькую кветку на паліто вышывала з горам папалам, а тут сотні нітачак, шпулек – неймаверна!

 Музей РУП таксама варты ўвагі і значна адрозніваецца ад тыповых музеяў.

Але больш за ўсё спадабалася, як нас там закрылі на ключ са словамі: «Ну хадзіце-глядзіце, выхад там!».

Мы засталіся адзін на адзін з экспанатамі ў зачыненым памяшканні – «ну гэта ж іншая справа!»

Перакусіць раю забегчы ў кафэ «Бліно», якое знаходзіцца праз дарогу. Яно вас парадуе аздабленнем з арнаментам і смачнымі блінцамі (асабліва да спадобы прыйшліся блінцы з бананам). Піксельны арнаментаваны дызайн там з’явіўся задоўга да таго, як гэта стала мэйнстрымам, таму – асобая павага гэтаму месцу. А блінцы робяцца на парадак смачнейшымі, калі ты іх каштуеш, гледзячы на «Слуцкія паясы» і раку.

У Слуцку таксама дзейнічае Галерэя мастацтваў, дзе на двух паверхах размяшчаюцца розныя тэматычныя выставы. Адсюль дазналася, што Слуцк з’яўляецца касмічнай сталіцай Беларусі (а гучыць як! проста космас!), таму што колькасць касманатаў-выхадцаў са Слуцку перавысіла іх колькасць з усіх астатніх беларускіх гарадоў. Але будзьце гатовыя да празмернай увагі да вашай асобы.

«А вы гісторыкі?» – спыталі нас на выставе карцін. – «Ну проста, як правіла, нас наведваюць гісторыкі з іншых гарадоў…».

Як вядома, Слуцк невялічкі горад, таму абыйсці яго за паўдня не будзе складана. На жаль, ад гісторыі засталіся толькі таблічкі, напрыклад, ад гарадзішча IX-XIII стст., ад паштовай станцыі XIX ст.

У мяне часта пытаюць, які кайф падарожнічаць па Беларусі, бо, маўляў, у нас няма на што паглядзець. Ведаеце, менавіта такім чынам ты найбольш цесна знаёмішся з родным домам, з самім сабой. Часам Беларусь вельмі радуе, і ў душы ўзнікае гонар за сваю краіну. Але часам адбываюцца гісторыі, якія зусім не радуюць, мякка кажучы. Вось і ў Слуцку: людзі ветлівыя і ўсмешлівыя. Перад паездкай нейкі хлопец пад логінам «Смачны дранік» нават кінуў геалакацыі некаторых славутасцяў.

Але адбыўся выпадак, як я яго называю, – тыповы перажытак савецкага мінулага. Зайшоўшы ў кінатэатр «Беларусь» – будынак 50-х гадоў мінулага стагоддзя – я была здзіўлена архітэктурай, не падобнай да архітэктуры іншых беларускіх кінатэатраў. Я адразу дастала камеру і пачала фатаграфаваць калоны ў холе.

Да мяне хуценька падбегла прадавачка квіткоў: «А что Вы делаете? Вы разрешения спросили?!» Ад такіх пытанняў я аж аслупянела, але камеру не прыбрала.

Неяк дзікавата нават абмяркоўваць гэта. Але жанчына ўсё не супакойвалася – на дапамогу паклікала адміністратаршу. «А куда Вы это снимаете? А потом куда эти снимки пойдут? Это, конечно, не запрещено, но всё-таки нужно было спросить, а вдруг Вы фотографируете, чтобы (!) БОМБУ ПОТОМ ПОДЛОЖИТЬ?!».

Калі ўжо фатаграфаваць грамадскія месцы ў Беларусі не будзе праблемай?

За ўвесь час маёй практыкі – гэта самая арыгінальная версія, таму Гран-Пры дастаецца той жанчыне ў пухавічку. Ведаеце, і смешна, і сумна адначасова. Спадзяюся, мая дзесяціхвілінная лекцыя на гэты конт стала ёй карыснай.

Калі не ўлічваць гэтую сітуацыю, у гэты раз ад Слуцка засталіся цалкам прыемныя ўражанні з адценнем беларускасці, бо столькі беларускамоўных шыльдаў на адзін метр квадратны не магу прыпомніць ні ў адным горадзе. На платах узоры слуцкіх паясоў, на вокнах ручнікі… Аж неяк непрывычна!

Пасля Слуцку мне пакуль не хочацца Слуцку, але адназначна: беларусам трэба больш падарожнічаць па сінявокай, каб у музеях ды галерэях не ўзнікала пытанняў накшталт: «А вы гісторыкі?».

Гэта павінна быць звычайнай з’явай, што жыхар сваёй краіны наведвае розные яе месцы. І трэба больш фатаграфаваць у грамадскіх месцах, замуціць флэшмоб тыпу #фатаграфуюграмадскаемесца, каб такіх абсурдных сітуацый у Беларусі больш ніколі ні ў каго не ўзнікала.

Система Orphus