Фінал конкурса «Мова—Музыка—Футбол» адбыўся ў Гродна

28 траўня ў Гродна перад фінальным матчам Кубка Беларусі па футболе стаў вядомы пераможца конкурса «Мова—Музыка—Футбол».

Конкурс быў арганізаваны «Арт Сядзібай» і Федэрацыяй футбола Беларусі.

Тры гурты, якія прайшлі ў фінал конкурса: Mashin’ Gun, Сталіца Marsa, Laurynienka прадставілі свае песні гродзенскім гледачам. Спецыяльныя госці канцэрта — NaviBand — падтрымалі ўдзельнікаў конкурса яскравым музычным сэтам.

Вынікі конкурса:

1 месца — Laurynienkа;
2 месца — «Сталіца Marsa»;
3 месца — Mashin’ Gun.

Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад Федэрацыі футбола Беларусі і «Арт Сядзібы», а гурт-пераможца Laurynienka атрымаў галоўны прыз — здымкі прафесійнага кліпа. 

Пераможцу абраў вялікі склад журы са спартоўцаў, музыкаў і журналістаў. 

Таксама на канцэрце адбылася прэзентацыя музычнай складанкі, куды трапілі 20 беларускамоўных твораў — конкурсныя працы, гімны футбольных клубаў, футбольныя песні, якія былі выдадзеныя па-беларуску за апошнія 25 гадоў.

Бясплатна спампаваць складанку ўжо можна на нашым сайце.

Набыць складанку на CD можна на symbal.by.

Больш фотаздымкаў можна паглядзець у суполцы «Арт Сядзібы» «УКантакце».

Фота: Даша Бялькевіч.