31.05.2017

З нагоды 18-годдзя легендарнага клуба «Графіці» мы пагутарылі з яго цяперашнімі ўласнікамі: Мікалаем Маторыным і Аляксеем Ажогіным.

– Як вы сталі працаваць у клубе, а пасля кіраваць ім?

Мікалай: Я з 2001 года раблю розныя імпрэзы, з большага вечарынкі, дыскатэкі, запрашаў мясцовых і прывозіў замежных дыск-жакееў, рабіў вялікія і маленькія рэйвы.

У 2006 ці 2005 мы пазнаёміліся з Янам Буслом (на той час гэта быў адзін з кіраўнікоў «Графіці» – рэд.), ён займаўся канцэртамі. І мы пачалі рабіць сумесныя мерапрыемствы па схеме: увечары канцэрт, бліжэй да ночы – дыскатэка. У 2008 мы сталi ўласнікамі клуба.

Мікалай Маторын і Ян Бусел

Аляксей: У 2009 годзе «Графіці»  святкаваў свой 10-гадовы юбілей на турбазе «Прудавое», мой сябра папрасіў мяне дапамагчы з арганізацыяй і адміністраваннем. І неяк пасля мяне сталі запрашаць выконваць нейкую частку працы ў «Графіці». Кім я толькі не быў: і гукачом, і адміністратарам, і за барам стаяў, і падлогу мыў.

– Чым адрозніваецца «Графіці-2008» ад «Графіці-2017»?

Аляксей: У «Графіці-2008» можна было паліць. А пасля забаранілі. Доўга ўсе скардзіліся на гэта. Але, напрыклад, духавікі былі рады, таму што ім лягчэй дыхалася. Ну і ўвогуле ў тых, хто не паліць, з’явіўся шанец наведаць клуб і адчуваць сябе камфортна.

Мікалай: У дзяцей таксама з’явіўся шанец (смяецца). Бацькі цяпер часцей прыводзяць сваіх дзяцей на канцэрты. Хацелася б таксама заўважыць, што за гэты час адбылася эвалюцыя рынка. У 2008 мы ставілі перад сабой задачу рабіць імпрэзы кожны дзень. Гэта было складана, таму што ў той час было нашмат менш гуртоў і дыск-жакеяў.

Увогуле, у 2001 годзе я пачаў рабіць вечарыны, таму што нармальных мерапрыемстваў у нармальных месцах амаль не было. У прынцыпе, і месцаў асабліва не было – такіх, дзе можна патанчыць і адпачыць. У той час, напрыклад, у «Белай Вежы» ў сярэдзіне зала стаяў фантан, на сталах былі белыя абрусы і падавалі там катлеты. «Madison» быў VIP-дыскатэкай, «Бліндаж» – дыскатэкай МТV, умоўна кажучы.

Мы былі маладыя, нам хацелася тусавацца, таму мы самі пачалі ствараць вечарыны для сябе.

У 2008 мы сталі займацца «Графіці», рабіць імпрэзы там. Тады было складана знайсці «кантэнт» і напоўніць праграмны календар. У нас былі сапраўдныя мазгавыя штурмы, мы шмат чаго вынайшлі ў той час: сталі праводзіць «Мафію», гульню «Чапаеў» – пстрычкі з шашкамі, гэта ўвогуле была ўнікальная з’ява, наш сябра Паша «Батон» зрабіў цэлы чэмпіянат па «Чапаеву». Праводзілі вечары з настольнымі гульнямі – гэта зараз усяго шмат, а 10 год таму гэта было рэдкасцю.
  Турнір па гульні «Чапаеў»

Запусцілі вечарыны «Funk On Fridays», якія пратрымаліся каля пяці гадоў. Спачатку два месяца пасля запуска ў нас апускаліся рукі, бо прыходзіла мала людзей, і неяк усе перасталі верыць, што з гэтага штосьці атрымаецца. І тут знянацку – раз! – прыйшло шмат людзей, другі раз – зачыняемся праз паўгадзіны, бо няма месцаў. Пасля гэтую ідэю падхапілі іншыя клубы.

І ў прынцыпе, розныя клубы і бары капіравалі і капіруюць «Графіці».

Мы сачылі за адкрыццём-закрыццём шматлікіх клубаў, раней іх часцей адкрывалі фанаты сваёй справы ці музычныя аматары. Зараз вельмі шмат камерцыйных месцаў, хаця ўсе арт-менеджары перад адкрыццём кажуць – ніякіх кавераў, толькі аўтарскія праграмы.

Мы такое не заяўлялі. Але пахвастацца гэтым дакладна можам.

– Ці ёсць у Мінску клуб, старэйшы за ваш?

Мікалай: Ёсць адзін – клуб Maxshow. Гэта самае паспяховае камерцыйнае месца Мінска за ўвесь час (смяецца).

– Якая канцэпцыя ў клуба «Графіці»?

Мікалай:  Канцэпцыя з самага першага дня – адкрыццё новых імёнаў, лабараторыя музыкаў, пляцоўка для маладых гуртоў.

Аляксей: Многія калектывы ўтварыліся ў «Графіці», на джэмах, напрыклад.

Мікалай: А некаторыя разваліліся (смяецца).

 – Хто малюе графіці ў клубе?

Мікалай: На жаль, я не ведаю, хто маляваў самыя першыя графіці. З тых, каго магу прыгадаць: Света Петушкова і Надзя Макеева – шырока вядомыя ў вузкіх колах дызайнеркі і мастачкі, на той час яны былі яшчэ студэнткі. Надзя зараз робіць вокладкі, малюе для гуртоў, Света займаецца дызайнам адзення.

Калі з’явіўся стрыт-праект Signal, мы пазнаёміліся з Жэнем Ковекам і зараз ён малюе нам графіці ў клубе. Мы давяраем яго густу і таленту. На сцяне каля бара ёсць намаляваны персанаж, выдуманы ці рэальны, дакладна невядома, яго клічуць Пятровіч.

Калі мы сталі кіраваць барам, ён там ужо быў, мы не сталі яго зафарбоўваць, а толькі ўвесь час змяняем яму прычоскі і асвяжаем колеры. Дарэчы, трэба яму ў наступны раз зрабіць хіпстарскую фрызуру.

Аляксей: І бараду дамаляваць! 

Мікалай: Асобы, намаляваныя на сценах каля столікаў, мяняюцца, мы зараз малюем актуальных мінскіх музыкаў, з якімі сябруем.

– Ці можна сказаць, што жыццё кіраўнікоў клуба – рок-н-ролл?

Мікалай: З аднаго боку – так. Такі беларускі рок-н-рол.

«Я б сказаў, беларускі хард-трэш-рок-н-рол! Калі-некалі думаеш, што «я слишком стар для этого д***ма» – жартуе Аляксей.

Мікалай: Адказ залежыць ад таго, як разумець слова «рок-н-рол». Як у кіраўніка, арганізатара, у цябе ёсць адказнасць: мы ж не бібліятэка, людзі прыходзяць адрывацца, выпіць, тусіць. Калі алкаголь прысутнічае на канцэртах, трэба быць гатовым да нестандартных сітуацый. Хаця апошнім часам неяк цішэй стала, больш адэкватна. Але, мне здаецца, што тут шмат чаго на сябе перацягнула Зыбіцкая.

Аляксей: Усё прадугледзець немагчыма, мы стараемся, але розныя бываюць сітуацыі. Ведаеце, сканчваецца піва-лавачны сезон і ў нас пачынаецца вясёлае жыццё. Столькі ўсяго было, пагрозы розныя: і пабіць, і звольніць…

– Як у вас з рэжымам працы? Паспяваеце адпачываць?

Мікалай: У нас ненармаваны працоўны дзень. А што датычыцца адпачынку… Калі табе 20-25 гадоў, ты малады, можаш тусіць, піць усю ноч, і пасля зранку пайсці на пары. А зараз прачынаешся зранку, галава баліць, думаеш: навошта я гэта зрабіў?

Аляксей: Ненармаванасць –  пастаянная з’ява, таму што толькі, здаецца, усё зрабіў, скончыў, штосьці новае з’яўляецца: пытанне, праблема, якія трэба вырашаць. І мы ж з людзьмі працуем, не паперкі перабіраем, вельмі шмат уплывае чалавечы фактар.

Канцэрт Паліны Рэспублікі

 – Якая у вас зараз каманда? Хто стварае «Графіці»?

Мікалай: Гэта, насамрэч, складанае пытанне, таму што шмат хто нам дапамагае, пачну пералічаць – баюся кагосьці забыць і пакрыўдзіць. У нас ёсць Насця Доль – яна арт-дырэктар, складае праграмы канцэртаў, Аляксей – больш па тэхнічна-адміністратыўна-гаспадарчай частцы.

Аляксей: У нас няма «чужой» працы, кожны робіць тое, што трэба ў дадзены момант. Насця можа таксама прымаць піва, калі трэба. Мы ўсе – універсальныя супрацоўнікі. У нас ёсць сябры: адмінстратары, гукачы, бармэны, афіцыянты, гардэробшчыкі. Усе яны дапамагаюць ствараць «Графіці» такім, якім вы яго бачыце зараз. Складана вось так зараз кагосьці вылучаць. Проста ўсе займаюцца сваёй працай.

– З якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся пры кіраванні клубам?

Мікалай: Калі-некалі стамляешся крэатывіць.

Аляксей: А бывае, што шмат ідэяў, а няма выканаўцаў, каб іх рэалізаваць.

Мікалай: Зараз змянілася індустрыя: музыкаў стала да халеры.

Аляксей: Камбайнёраў не хапае, а музыкаў зашмат:)

Мікалай: Былі жарты раней: дыджэяў больш, чым людзей, пасля фатографаў больш, чым людзей.

Правільна сказаў у сваім інтэрв’ю Макс Фадзееў: “Музыка – ужо больш не музыка, гэта музычная інжэнерыя”.

Я згодны з гэтым выказваннем, сітуацыя менавіта такая. У мяне быў адзін таварыш, з якім мы заўжды спрачаліся на гэты конт: я казаў, што музыка – гэта матэматыка, а ён – што музыка – гэта музыка. Я выйграў са сваім меркаваннем, мне здаецца.

Адміністратыўных пытанняў шмат. Праверкі да нас любяць прыходзіць. Але да гэтага мы прывыклі. Некаторыя, хто прыходзяць першы раз, заходзяць такія, разганяюцца, і – оп! – ужо прыйшлі, дайшлі да барнай стойкі. Няма куды далей ісці. Карацей, мы думаем, што да нас часта прыходзяць з-за вялікай любові да клуба.  

Аляксей: Хадзілі розныя чуткі, калі былі выбары. У нас у будынку быў выбарчы ўчастак, пачалі казаць, што нібыта тут штаб апазіцыі, калі нехта з назіральнікаў вёў стрымы.

Мікалай: Насамрэч, усё гэта дробязі. Я б сказаў, што галоўная цяжкасць – усё кардынальна мяняецца, трэба заўжды трымаць руку на пульсе музычнай індустрыі і развівацца. Напрыклад, тая ж Зыбіцкая зараз унесла карэктывы ў існаванне ўсіх клубаў. Там няма ніводнага рок-бара, але ёсць дыджэі. Канкурэнцыя вялікая. Але да нас ходзяць і сталыя наведвальнікі, і новыя. Вельмі розных узростаў. Тыя, хто першы раз калі прыходзяць, кажуць, маўляў, шмат чулі, але ні разу не былі. Некаторыя думаюць, што у нас тут зала як у PrimeHall:)

Горад мяняецца, зараз шмат месцаў, дзе граюць кавэр-бэнды, часта людзям усё роўна: хто, што і як грае. І аўтарская музыка застаецца непачутай. Нам крыху перашкаджае лакацыя, нас не так проста знайсці з першага разу.

Але ў нас ёсць гісторыя. Хочацца, каб людзі гэта цанілі. Дарэчы, людзі таксама мяняюцца. Але перамены – гэта здорава.

Аляксей: Быў выпадак, калі забег у клуб нейкі мужчына і такі: “А дзе піяніна?Тут жа стаяла!” Ну вельмі чалавек перажываў, што яго няма:)
            Cяргей Пукст

Мікалай: Быў наведвальнік, які шукаў бацінкі Кругловай, якія віселі калісьці ў «Графіці». І амаль расплакаўся, калі пабачыў, што мы іх знялі.

– У 2016 годзе вы прэзентавалі на сваёй летняй тэрасе сорт піва Muzyk Ale, «прысвечаны ўсёй беларускай непоп-музыцы»? Ці будзеце яшчэ рабіць што-небудзь падобнае?

Мікалай: Мы якраз ужо адчынілі нашую летнюю піўную тэрасу, разліваем там піва, якія робяць нашыя сябры-партнёры на сваіх піваварнях. Нам усе гэтыя эксперыменты спадабаліся, штосьці новенькае дакладна будзе. Пакуль не будзем расказваць, а то як кажуць «словы шмат энэргіі забіраюць».

– Што б вы хацелі змяніць у сваёй працы?

Аляксей: Памер арэнднай платы. Ці знесці гаражны кааператыў і зрабіць там бізнес-цэнтр.

Мікалай: Памяшканне хочацца паболей. І тут як у песні NeuroDubel  «До х*я советчиков»: прыходзяць нейкія людзі і давай казаць,  што ў нас гэтага няма, таго-сяго… Мы шмат чаго робім, але ёсць некаторыя рэчы, якія немагчыма змяніць у цяперашніх умовах.

Аляксей: Нядаўні прыклад: былі ў меню канверцікі, мы іх прыбралі, дадалі сэндвічы. Пачынаюць скардзіцца: вярніце канверцікі. Вярнулі канверцікі, іншыя пытаюцца: а дзе сэндвічы? Усім не зможаш дагадзіць, тут шмат чаго лежыць ад уласнага густа.

Мікалай: Наколькі магчыма апгрэдзіцца, мы апгрэйдзімся, павесілі сучасныя экраны, памянялі апаратуру. Мы ў 2008 годзе зрабілі новую сцэну, якая яна ёсць цяпер. І адныя музыкі нам кажуць: “Што вы ўсё сапсавалі!” Быццам каля бара на плітцы было лепш выступаць. Гэта нейкая беларуская асаблівасць: што ні зробіш – усё дрэнна! Але потым яны такія: “Ну ладна, нармальна”. Таксама чулі крытыку, калі павесілі экраны. Тыпу “вы ж не нейкі там кабак”. Але зараз наадварот : “о, прыкольна”. Мы там паказваем жывыя канцэрты ці кліпы розных гуртоў, гэта ж крута – адкрыць для сябе нейкі новы гурт. І ў нас яшчэ рок-караоке праходзіць.

Старая сцэна «Графіці»

Канцэрт гурта NeuroDubel

 – Які канцэрт за апошні год-два здзівіў вас?

Аляксей: Гэта сумесны канцэрт Саладухі і гурта РСП. Гэта быў першы стэйдж-дайвінг у нашым клубе. Увогуле, такога, у добрым сэнсе, трэшу і ўгару я ніколі не бачыў.

– У 1999 годзе «Графіці» адчыніў свае дзверы першым наведвальнікам. У 2017 вам спаўняецца 18 гадоў. Як плануеце святкаваць?

Аляксей: У нас з 1 па 15 чэрвеня будзе насычаная музычная праграма, дзе зайграюць сябры клуба «Графіці»: тыя, хто часта грае тут ці пачынаў адсюль.

Хочам падзякаваць усім музыкам, якія падстроіліся пад гэтыя даты, і атрымаўся, не пабаюся гэтага выразу, «залаты склад» з беларускай жывой музыкі.

Мы вельмі гэтаму рады. На тыдні будуць яшчэ начныя вечарыны, а днём гульні.

Мікалай: Дзякуй усім, хто да нас прыходзіць і цэніць добрую музыку. Чытайце афішу на нашым сайце і прыходзьце на канцэрты.

Святкаваць Дзень нараджэння «Графіці» можна ажно два тыдні! 

«Аддис Абеба», Паліна Рэспубліка, «Кассиопея», «Крама», Leibonik, Znarock і шмат іншых крутых гуртоў!

Глядзіце святочную афішу клуба, выбірайце імпрэзы і прыходзьце слухаць якасную музыку!

 
Фота: budzma.by, graffiti.by, Аляксандр Ждановіч, Даша Бялькевіч, фота з прыватнага архіва Уладзімера Ветра.

Система Orphus