02.06.2017
Свабодны тэатр паставіў новы інтэрактыўны спектакль

31 траўня Беларускі Свабодны тэатр паказаў спектакль «Быў у пана верабейка гаварушчы…» па кнізе Змітра Бартосіка.

Кніга «Быў у пана верабейка гаварушчы…» выйшла ў 2016 годзе і паспела займець акрамя шматлікіх захопленых чытачоў прэмію імя Стагановічаў за «непрыдуманую літаратуру».

Гэта кніга – зборнік сюжэтаў з жыццяў людзей, якія дакладна і праўдзіва адлюстроўваюць Беларусь ХХ стагоддзя. 

Прэм’ерны паказ спектакля адбыўся 23-га красавіка, і з таго часу пастаноўка раз за разам праходзіць з аншлагам. І гэта нядзіўна: незвычайны фармат з неверагоднай блізкасцю акцёраў да глядачоў, дзе звыклыя адносіны «акцёр-глядач» сціраюцца спрэс. Падмурак гэтага спектакля – сапраўдныя гісторыі людзей, якія падчас пастаноўкі расказваюцца ў нязмушанай гутарцы на дні народзінаў адной з гераінь.

Месца падзей – беларуская вёска, час – пасляваенны. Атмасфера да такой ступені прыбліжаная да XX стагоддзя, што спачатку адчуваеш сябе чужым на гэтым свяце жыцця, аднак, як толькі гаспадыні ўсаджваюць цябе за стол, застаўлены ежай і пітвом, і пачынаюць гутарыць, гэтае пачуццё знікае начыста. Глядач становіцца часткай усёй карціны: ён частуецца, п’е, размаўляе, часам спрачаецца з акцёрамі наконт тых пытанняў, што ўзнімаюцца ў пастаноўцы.

За святочным сталом абмяркоўваюцца тэмы дабра і зла, менталітэт беларусаў, чалавечая душа, перадумовы войн ды іншыя, але ў цэнтры – пытанне вайны. Адметная рыса ўсіх размоў – дэідэалагічнасць, то бок, кожны мае свае думкі і вольны выказваць асабістае меркаванне пра падзею без прывязкі да пэўнай парадыгмы.

Марына Якубовіч, актрыса: «Для мяне, як акторкі, гэта вельмі цікавы эксперымент, таму што, наколькі я ведаю, такога інтэрактыву з гледачамі ў беларускіх спектаклях яшчэ не было. Наша мэта была ў тым, каб кожны глядач стаў яшчэ і ўдзельнікам. Калі ты хочаш расказаць гісторыю – расказвай, а мы будзем цябе ўважліва слухаць. Для беларусаў вельмі важна абмеркаванне пытанняў, якія мы ўздымаем у пастаноўцы. Трэба прагаворваць, каб усе разумелі, што вайна – гэта жах, і што не бывае добрых і дрэнных людзей: былі і кепскія партызаны, і добрыя паліцаі. Я разумею, што старэйшаму пакаленню будзе вельмі складана гэта прыняць, таму што ў іх склалася ўстойлівае меркаванне, якое не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Трэба ствараць грамадскую дыскусію».

Усе спектаклі Беларускага Свабоднага тэатра па-свойму атмасферныя і, у пэўным сэнсе, нефарматныя, але «Быў у пана верабейка гаварушчы…» займае асобнае месца ў рэпертуары тэатра. Паказы яшчэ не скончыліся, таму ў вас ёсць магчымасць наведаць Беларускі Свабодны тэатр і атрымаць неверагодныя ўражанні ад гэтага спектакля. 

Сачыць за раскладам паказаў вы можаце ў суполках тэатра ў сацсетках: «УКантакце» і Facebook.

       

Аўтар: Дар’я Рублеўская
Фота: Андрэй Уразаў.