08.06.2017

Татуіроўка – адна з самых старажытных форм упрыгожвання цела. Вядома, што яшчэ ў VI—III стагоддзях да нашай эры прадстаўнікі пазырыкскай культуры аздаблялі такім чынам сваю скуру.

Але што прадстаўляе сабой татуіроўка зараз? 

Мы падабралі пяць найбольш цікавых відаў беларускіх тату і вырашылі разабрацца, чым жа яны так прывабліваюць сваіх уладальнікаў.

 

1. Арнамент

Найбольш распаўсюджаным малюнкам у нацыянальным стылі з’яўляецца арнамент – традыцыйны беларускі ўзор, які звычайна размяшчаецца на прадметах адзення і іншых рэчах. 

Віталь Сакалоўскі

Юлія Шаблоўская, уладальніца татуіроўкі ў арнаментальным стылі, расказвае:

У мяне на руцэ арнамент, які рэальна існуе: гэты ўзор я пабачыла на старажытным фартуху ў Нацыянальным мастацкім музеі. Як мне патлумачылі, такі від арнамента – зажыначны, на добры ўраджай. 

Юлія Шаблоўская

2. Герб «Пагоня»

Гэтую выяву ўзброенага вершніка, які трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай — белую, чырвоную альбо сінюю тарчу з залатым шасціканцовым крыжом, часта можна прыкмеціць на скуры беларусаў. 

Міхаіл Кісель носіць на плячы традыцыйны нацыянальны герб беларусаў:

«Для мяне гэта пазнака прыналежнасці да спадкаемцаў Вялікага княства Літоўскага. Колькі б часу не прайшло, сэнс яе не зменіцца».

Міхаіл Кісель

3. Бел-чырвона-белы сцяг

Адзін з нацыянальных сімвалаў беларусаў, якому прысвечана шмат паэтычных і празаічных твораў, усё часцей пачынае з’яўляцца ў якасці татуіроўкі: як знак гонару за сваю гісторыі, за свае карані.

4. Знакамітыя беларусы

У гэтую катэгорыю трапляюць выбітныя паэты, палітычныя дзеячы і сучасныя героі.

Дар’я Андронава

Дар’я Андронава – шчаслівая ўладальніца выяваў Максіма Багдановіча і Тадэвуша Касцюшкі.

Яна расказвае пра свае татуіроўкі так: «Спачатку я зрабіла татуіроўку Максіма Багдановіча, бо з дзяцінства захаплялася яго паэзіяй, міфалагічным светам, які ён стварыў у сваіх творах. Што датычыцца Тадэвуша Касцюшкі, мяне ўражвае постаць гэтага не толькі нашага, але і сусветнага героя, яго рамантычна-гераічны вобраз. Для мяне мае татуіроўкі – сімвал любові да сваёй культуры і гісторыі, а яшчэ – метафара нязломнасці, мужнасці і веры ў свае мары. Людзі рэагуюць па-рознаму. Часта пытаюцца, хто гэта, а калі я расказваю (а размаўляю я па-беларуску), звычайна ўхваляюць і цікавяцца маімі поглядамі на розныя рэчы. Некаторыя, канешне, ставяцца скептычна. Мне вельмі падабаецца, як рэагуюць дзеці! Я зараз кірую дзіцячым тэатральным гуртком і, калі паказваю дзецям свае татуіроўкі, яны пачынаюць хорам расказваць вершы Багдановіча. Яшчэ я планую аздобіць гэтыя татуіроўкі беларускім арнаментам». 

 

5. Іншыя малюнкі на скуры

Не менш цікавымі з’яўляюцца выявы, якія не падпалі пад катэгорыі вышэйназваных татуіровак, аднак таксама адметна перадаюць нацыянальны стыль беларусаў. Асобнае месца займаюць разнастайныя надпісы – найбольш папулярнымі з’яўляюцца радкі з вершаў, але нярэдка магчыма сустрэць і цытаты з песен. Так, напрыклад, на скуры Сяргея Міхалка красуецца надпіс «Не быць скотам» – радок з верша Янкі Купалы і аднайменнай песні гурта «Ляпис Трубецкой».

Сяргей Міхалок

На скуры Яўгена Яленскага – яго фамільныя гербы, якія падкрэсліваюць яго нацыянальную адметнасць і расказваюць пра яго карані:

«Першы герб па лініі бабулі, у яе было прозвішча Катовіч, а герб называецца «Корчак».  А вось другі, па дзеду, ён Яленскі, а герб мае назву «Адрованж». Я зрабіў менавіта іх, таму што гэта тыя рэчы, якія назаўсёды застануцца са мной і не зменяцца, што б не здарылася».

 Яўген Яленскі

Як робяцца татуіроўкі і наколькі гэта страшна ці не страшна, можна даведацца з гісторыі Юліі Калодкінай.

 

Фота: budzma.by, kp.by, Міхаіл Кісель, Сяргей Гудзілін, Беларускае Радыё Рацыя, фота з афіцыйнай суполкі Tattoo Fest, Дар’я Андронава,Tasha Ivanova, liapis.ru.

Система Orphus