13.06.2017

«Арт Сядзіба» сабрала для вас 7 краўдфандынгавых праектаў, вартых увагі ў гэтым месяцы. Вартых, дарэчы, не толькі ўвагі, а яшчэ і падтрымкі😉😉;)

1. Народны мемарыял «Курапаты»

Народны Мемарыял «Курапаты» — святыня беларускага народу, яго боль і нязгасная памяць, Там былі знішчаныя каля 250 тысячаў нявінных людзей. Курапаты — адно з месцаў на тэрыторыі Беларусі, дзе былі забітыя і пахаваныя ахвяры рэпрэсій 1937-1941 гадоў.

За сабраныя грошы адбудзецца рэканструкцыя крыжовага перыметра Народнага Мемарыяла «Курапаты»: замест драўляных крыжоў паставяць металічныя. 

 

Падтрымаць праект можна на платформе talaka.by.

 

2. (Не) расстраляная паэзія

Праект, накіраваны на тое, каб узгадаць таленавітых літаратараў, якія былі рэпрасаваныя і расстраляныя за выказванне сваёй думкі і меркавання. Хоць аўтары і загінулі, іх творчую спадчыну ліквідаваць немагчыма. З дапамогай гэтага праекту аддаецца даніна павагі паэтам, а іх творчасць уключаецца ў сучасны культурны кантэкст. Іх вершы ўзгадаюць і ператвораць у песні.

Akute, Dzieciuki, Vuraj, Vincent, Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі і іншыя музыкі ўвасобяць  у песнях творы расстраляных паэтаў. Акрамя музычнай часткі, будзе праводзіцца лекцыйная: пра кожнага героя будуць распавядаць літаратуразнаўцы і эксперты. Таксама будуць створаныя 12 нататнікаў (маўклівых кніг): кожны асобнік будзе прысвечаны канкрэтнаму аўтару, на вокладцы будзе яго партрэт, а ўнутры — цытаты з яго твораў.

Пры падтрымцы праекта можна атрымаць маўклівую кнігу, світшот, запрашальнік на канцэртную прэзентацыю, адпачынак на дваіх на хутары Вайцюшкі, майстар-клас па вакале і нават прыватны канцэрт аднаго з удзельнікаў праекта.

Так што калі вы даўно хацелі паслухаць Vincent, то ў вас будзе такая магчымасць, калі вы падтрымаеце праект на вызначаную суму. 

 

Падтрымаць праект можна на платформе talaka.by.

 

3. «Спеўны сход» з Сержуком Доўгушавым

«Спеўны сход» – гэта сустрэчы, дзе людзі збіраюцца разам, каб спяваць розныя беларускія песні. Сяржук Доўгушаў, кіраўнік праекту, ладзіць гэтыя сустрэчы, вучыць людзей спяваць ды спявае разам з імі. 

Імпрэзы адбываюцца па каляндарных фальклорных спевах і па тэматычных песнях з удзелам вядомых музыкаў (як гэта адбылося на сходзе па «Народнаму альбому» разам з Лявонам Вольскім).

Каб ладзіць «Спеўны сход» рэгулярна для 200-300 наведвальнікаў у Мінску і ў гарадах Беларусі, патрэбныя грашовыя выдаткі (арэнда памяшкання, праектар, раздрукоўкі тэкстаў і інш.), бо праект не мае стабільнага і сталага фінансавання. Нават невялікі ўнёсак зможа дапамагчы «Спеўнаму сходу» ажыццяўляцца і далей.

У якасці падарункаў можна атрымаць зніжкі ў крамах symbal.by і prastora.by, майстар-клас па вакале, дыск з фальклорнымі песнямі і безтэрміновы абанемент на канцэрты гурта Vuraj і Сержука Доўгушава

Падтрымаць праект можна на платформе talaka.by.

 

4. Моўныя курсы «МоваНанова»

«МоваНанова» – бясплатныя курсы беларускай мовы. Існуюць са студзеня 2014 года. Запачаткаваныя ў Мінску філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам. Таксама курсы дзейнічаюць у Астраўцы, Бабруйску, Баранавічах, Берасці, Віцебску, Гародні, Гомелі, Магілёве, Маладзечне і Светлагорску.

Канцэпцыя курсаў – неакадэмічнае вывучэнне мовы. То бок, уся інфармацыя – лексіка і граматыка – падаецца праверанай і пісьменнай. Але робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, цікава і нязмушана.

На сённяшні дзень курсы не маюць сталай крыніцы фінансавання, дзейнасць ажыццяўляецца на ахвяраванні людзей. Курсы ўвесь час сутыкаюцца з недахопам сродкаў.

Калі вы ахвяруеце грошы на курсы «МоваНанова», то зможаце атрымаць зніжкі ў крамах, кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя» У. Арлова і П. Татарнікава, «МоваНанова: 20 крокаў да беларускай мовы»«Дзіцячая ЗаМова» і, канешне, магчымасць цікава і эфектыўна вывучаць беларускую мову па панядзелках.

 

Падтрымаць праект можна на платформе talaka.by.

 

5. Мадэрнізацыя галерэі пры беларускім саюзе мастакоў

Галерэя «Артблік» па вуліцы Някрасава існуе пры мастацкім камбінаце з 1997 года і хоча працягваць аб’ядноўваць дзеячоў і аматараў мастацтва. 

Мастацкі камбінат з’яўляецца важнай часткаю гістарычнага і культурнага асяроддзя Беларусі. Комплекс уключае 80 майстэрняў мастакоў, графікаў і скульптараў. Тут стваралі свае шэдэўры Алег Бембель, Заір Азгур, Сяргей Селіханаў і іншыя знакамітыя дзеячы мастатцтва.  

Выставачная прастора функцыянуе з 1997 года, яна папулярная сярод мастакоў і аматараў мастацтва, але ў дадзены момант ёй патрабуецца тэрміновая рэстаўрацыя і добраўпарадкаванне вулічнай прасторы, якая прылягае да галерэі.

Неверагодныя падарункі чакаюць тых, хто дапаможа ў рэмонце галерэі: майстар-класы па жывапісу, скульптуры і разьбе на пенаблоках, фатасесія, паштоўкі з аўтографам Уладзіміра Цэслера.  Таксама вас навучаць рабіць каляровы чэрап з гіпса і раскроюць сакрэты жывапісу ў стылі «ню» (натуршчыца/натуршчык прыкладаецца;)

 

Падтрымаць праект можна на платформе ulej.by.

 

6. «Shaman Jungle» збірае на новы альбом «The Great Will»

Беларускі гурт, які грае ў стылях ethno-fusion і world music, збірае грошы на новы альбом. Па сваёй сутнасці музыка «Shaman Jungle» – гэта свабода духа, фантазіі і рытма, дзе няма межаў для эксперыментаў. 

У студзені 2017 года выйшаў дэбютны кліп на кампазіцыю «Nagavor» з альбома «Amazing». Ён быў зняты ў Нацыянальным запаведніку на аснове старажытнага нагавора на паляванне.

За дапамогу гурту вы можаце атрымаць паштоўку, фірмовую цішотку з надпісам «Спонсар творчага працэсу», запрашэнне на адкрытую рэпетыцыю, тры папярэдніх альбома гурта, а таксама прыватны канцэрт «Shaman Jungle».

 

Каб гурт і далей радаваў усіх сваёй шаманскай музыкай, прапануем падтрымаць іх на ulej.by.

 

7. Кніга для дзяцей «Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя»

Дзякуючы краўдфандынгу, у красавіку гэтага года выйшла кніга «Мастацтва Беларусi ХХ стагоддзя. Віцебская школа» накладам 500 асобнікаў. Ужо шмат дзетак пачалi вывучаць беларускае мастацтва, што для нас – дарослых – было калісьці маладаступным.

Кніга зрабілася такая запатрабаваная, што за месяц яе наклад скончыўся. А попыт застаўся! І каардынатары праекта вырашылі рызыкнуць – запусціць другую краўдфандынгавую кампанію на невялікую суму. Яны разлічваюць сабраць як мага больш папярэдніх замоваў. Кніга выйдзе сёлета, у верасні, і можа стаць карысным падарункам да пачатку навучальнага года.  

У кнігу ўвайшлi творы Казіміра Малевіча, Марка Шагала, Алесi Паслядовiч, Уладзіміра Цэслера, Генадзя Хацкевіча, Людмілы Русавай і Руслана Вашкевіча. Таксама ў кніжкі ёсць казкі Валянціна Акудовіча, Адама Глобуса, Ганны Кісліцынай ды вершы Андрэя Хадановіча і Лявона Вольскага.

 

Каб прыяднацца да выдання кнігі, можна падтрымаць праект на ulej.by.

 

Дарэчы, калі вы маеце (ці размесціце) краўдфандынгавы праект на платформе talaka.by, то ў вас ёсць цудоўная магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе «IT-Майстэрня БелХард» і бясплатна атрымаць паслугі IT-спецыялістаў. Падрабязнасці па спасылцы.

 

 

 

Система Orphus