15.06.2017

1. Віялета Пачкоўская «Архітэктура тваіх касцей»

архітэктура тваіх касцей
нашмат складаней
за шкілет тваёй чарапахі
але, напэўна, прасцей
за формулу паху
дажджлівай восеньскай ночы
дзіўныя нейкія сны
спрасоння працягваю руку
і спрабую намацаць
тваю рабрыну
але ты не побач
да цябе 5 прыпынкаў
на падземным каўчэгу
і 5 навучальных дзён
ва ўніверсітэце
да цябе не было людзей
у цябе няма рабрыны
але ёсць выйсце
на правы бок
з яго крыштальным паветрам
гарбатай
пацеркамі
і саплівым носам
наўзамен.

 

2. Кірыла Анохін «Ад адзіноты»

ад адзіноты
ў сваёй кватэры
павесіўся
48-гадовы жыхар сталіцы
мужчына пакінуў
перадсмяротную запіску
аднак
так і не зразумела
каму

3. Таццяна Нядбай «Рызыка, а не рыза»

рызыка, а не рыза – мая другая натура
візавая свабода забірае ў палон
мне – заставацца з племем качэўнікаў і трубадураў
і ў бітве з клаўстрафобіяй ставіць усё на кон

і бяздомным сабакам злізваю хмары з лужаў
смела бяру цукеркі ў незнаёмых мужчын
і надзяваю шкарпэткі, калі за вакном сцюжа
і не вылажу з ложка без дастатковых прычын

марнае, а не мара свярбіць і свідруе болем
не спакушае бляск і багацце вітрын
рай – гэта не там, дзе – усяго даволі
рай – гэта калі цішыня ўнутры.

Система Orphus