20.06.2017

1. «World War Z» («Вайна сусветаў Z»)

Фільм пра зомбі-апакаліпсіс з Брэдам Пітам у галоўнай ролі. Па сюжэце, самалёт кампаніі Belarus Airways становіцца для яго апошнім шанцам выжыць у завірусаваным Ізраілі. Лічыце, беларусы выратавалі мілашку Піта ад жудасных зомбі. Але ў самалёт усё ж такі трапіў хворы чалавек, і самалёт пераўтвараецца ў душагубку. Фраза лётчыкаў: «Вадим, сиди!» гучыць вельмі эпічна.

Дарэчы, было б крута стварыць у Беларусі прыватную авіакампанію з назвай Belarus Airways — ужо гатовая рэклама і продакт-плэйсмэнт.

2. Серыял «Supernatural» («Звышнатуральнае»)

Сцэнарысты містычнага серыяла пра двух братоў, якія палююць на пачвар, таксама ўзгадалі нашую краіну. Архангел тэлепартуе галоўных герояў з небяспечнага месца выбуху на нейкую паляну ў глухім лесе. Аказваецца, гэта нашая радзіма.

«Где мы? — Белоруссия. — Чтоо?!».

У англамоўнай версіі серыяла гучыць назва «WhiteRussia». Разам са страшным лесам і рэакцыяй персанажаў — неяк крыўдненька. Як яшчэ мядзведзь з лесу не выйшаў з такім-та ўяўленнем пра нашую краіну. Калі б сцэнарысты добра вывучылі Беларусь, то магла б атрымацца цікавая серыя з палавяннем на цмока ці лесуна. 

3. «The Terminal» («Тэрмінал»)

Напэўна, самы вядомы фільм са згадкай пра Беларусь. Галоўны герой, ролю якога выконвае Том Хэнкс, не можа пакінуць аэрапорт, таму што пакуль ён ляцеў у Амерыку, у яго краіне адбыўся дзяржаўны пераварот.

У адной са сцэн персанаж паказвае правы, дзе па-англійску напісана, што яны выдадзеныя Віктару Наворскаму. А на кірыліцы напісана зусім іншае:

«Гуліна Гульнара Надыраўна». «Месца жыхарства — Гомель»

Па інфармацыі ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, Гульнара Гуліна жыла з бацькамі пад Гомелем у ваенным гарадку Зябраўка. У 1995 яна атрымавала правы, а ў 1999-м эмігравала ў ЗША. З магчымых варыянтаў, як беларускае пасведчанне кіроўцы трапіла да Стывена Спілберга, можна зняць новы фільм.

4. Серыял «Star Trek: The Next Generation» («Зорны шлях: наступнае пакаленне»)

У навукова-фантастычнай медыяфраншызе, якая існуе ўжо 51 год, здаралася ўсякае. У тым ліку, і телепартацыйная станцыя «Бабруйск».

 

5. Серыял «Marvel’s Agents of S.H.I.E.L.D.» («Агенты Шч.Ы.Т.»)

Сцэнарысты кінастужкі прысвяцілі Беларусі цэлую серыю: у Віцебскай вобласці, у неіснуючым горадзе Злода шукаюць злачынцу, якая скрала брыліянты. Беларусь паказаная вельмі еўрапейскай і ўтульнай. Шыльды на вуліцах па-беларуску, сустракаюцца машыны з беларускімі нумарамі, але людзі размаўляюць па-руску.

— Гэта так здорава! Я марыла наведаць Злоду з той пары, калі была школьніцай.
— Злода, Беларусь? Мара ўсяго жыцця?! Ты сур’ёзна?!
— Тут нарадзіўся нобелеўскі лаўрэат Жорэс Алфёраў, фармальна ён з Віцебску, але гэта ў гадзіне адсюль, і я вельмі здзіўленая, што ты гэтага не ведаў.

Дарэчы, Жорэс Алфёраў на самой справе нарадзіўся ў Чашніках.

 

6. Серыял «Covert Affairs» («Тайныя сувязі»)

Шпіёнскі серыял пра супервумэн Эні Уокер, якая ведае шэсць моў і распутвае павуцінне змоваў спецслужб і ўдзельнічае ў сакрэтных аперацыях. У адной з серый яны з напарніцай трапляюць у лес на мяжы з Беларуссю. У іх нават ёсць чыпы і крутое абсталяванне, замаскіраванае пад… бульбу! І ўявіце, беларусы ўсё ж такі бяруць іх у палон! Таму што няма чаго шастаць каля дзяржаўнай мяжы.

Лепшую фразу з гэтага эпізоду сказала кіраўніца аддзялення спецслужбы: «Эні і Рыва ў палоне, іх захапілі беларусы, зараз жа выязджай у Польшчу!» 

І закалочвае апошні цвік у гэтай серыі беларускі памежнік, які прадстаўляецца як МАКС КУПАЛА. 

 

7. Серыял «Scandal» («Скандал»)

Серыял заснаваны на рэальных гісторыях з жыцця былой прэс-сакратаркі Джорджа Буша-старэйшага, якая адкрыла сваю агенцыю па вырашэнні далікатных праблем багатых і публічных асоб.

У адным эпізодзе героі серыяла разважаюць пра тое, што яны б зрабілі, калі б Расія і Пуцін захапілі Беларусь. Спадзяемся, іхнія разважанні не спатрэбяцца ў рэальным жыцці.

 

8. Серыял «11.22.63»

Звычайнаму настаўніку выпадае шанец вярнуцца ў часе ў 1960 год, каб паспрабаваць прадухіліць забойства Кэнэдзі. Але з часам ён прызвычайваецца да жыцця ў мінулым.

У адной серыі Харлі Лі Освальд і яго жонка Марына высвятляюць стасункі і абмяркоўваюць паездку ў Мінск:

— Я хачу, каб усё было, як раней. Ты памятаеш, памятаеш тыя ночы ў Мінску…
— Не, не, ведаеш, што я памятаю пра Мінск? Чэрствы хлеб і вечна замерзлыя пальцы.
— Ды не пра тое, я маю на ўвазе НАС.
— Не, мне патрэбна новае жыццё, а не старое, ніякага Мінску, ніякіх брудных кватэр, ніякай лаянкі і збіцця.

 

9. «The Tourist» («Турыст»)

Фільм з аднымі з лепшах актораў Галівуда: Анджэлінай Джолі і Джонні Дэпам. Зноў пра шпіёнаў і разборкі мафіі. У гэтым кіно няма прамой згадкі Беларусі ці Мінску, але мафіозі размаўляюць… па-беларуску!

У якім яшчэ галівудскім фільме вы зможаце пачуць чыстае і роднае: «Зразумеў» і «Пайшоў ты».

 

10. Серыял «Nikita» («Нікіта»)

Па сюжэце другога сезона серыяла, нашай краінай кіруе прэзідэнт Валерый Авечкін, які насамрэч, не сапраўдны прэзідэнт, якога выбралі грамадзяне, а яго злобны двайнік.

Дзеяннямі двайніка кіравалі спецслужбы Амерыкі, але ілжэпрэзідэнт выйшаў з-пад кантроля і абвясціў у Беларусі ваеннае становішча. І ўвогуле, лічыць сябе галоўным і робіць, што захочацца.

Глядзіш гэты серыял, і не ведаеш: ці то плакаць, ці то смяяцца.

 Паводле tut.by і youtube-канала dzianiskaaa.

 

 

Система Orphus