20.06.2017
Як адзначалі «Свята Сонца» ў Дудутках

Музейны комплекс Дудуткі ў чарговы раз адчыніў дзверы ўсім захопленым народнай культурай! 17-18 чэрвеня тут прайшоў этнічны купальскі фестываль «Свята Сонца», арганізаваны Экстрым тэатрам «Берсерк».

Як вядома, на Купалле ўсё вакол набывае чароўную моц. Сапраўды чароўным стаў і час, праведзены на фэсце. Нацыянальны каларыт адчуваўся ўсюды: спевы фолк-гуртоў, дзяўчыны ў доўгіх сукенках і вяночках, танцы, артысты на хадулях, старажытныя забавы, смех і гульні – вось што адразу захоплівала на фестывалі!

На свяце кожны мог знайсці сабе забаву на свой густ. Дзяўчын, безумоўна, зацікавіла этна-пляцоўка, дзе можна было сплесці вянкі і паваражыць на каханага.

З усмешкай назіралі за жывёламі і птушкамі ў заапарку не толькі дзеці, але і дарослыя. Інтэрактыўныя пляцоўкі збіралі жадаючых паўдзельнічаць у сярэднявечных народных гульнях, пастраляць з лука і, апрануўшы даспехі, пазмагацца на мячах.

Жадаючых набыць сувеніры на памяць прывабіў сваёй разнастайнасцю рамёсны кірмаш. У горадзе майстроў можна было знайсці духмяныя свечкі, вырабы з гліны, скуры, мешкавіны, спецыі, упрыгожванні і нацыянальнае адзенне. Гандляроў было столькі, што разбягаліся вочы. А каб адчуць не толькі дух, але і смак гісторыі, кожны мог наведаць «Карчму» і пакаштаваць нацыянальныя стравы беларускай кухні.

Але, безумоўна, большую частку наведвальнікаў сабрала каля сябе галоўная сцэна. На ёй выступалі вядомыя гурты ў жанрах folk/folk-rock/pagan, сярод якіх былі Rokash, «Стары Ольса», Pawa, Irdorath і іншыя. 

На заходзе сонца каля сцэны ўжо пачыналася магічнае вогненнае шоу, бо якое ж Купалле без агню?! Лепшыя артысты і калектывы з усёй краіны парадавалі гасцей майстэрскім валоданнем стыхіяй, добрай музычнай падборкай і незвычайнымі язычніцкімі казкамі пра купальскіх духаў.

Людзей на фэсце сабралося вельмі шмат. Цёплы сонечны дзень і незвычайная атмасфера прыцягнулі аматараў актыўнага адпачынку. Да сцэны было немагчыма прабіцца. І таму адзіным мінусам фестывалю была адсутнасць вялікіх экранаў, якія б транслявалі тое, што адбываецца на сцэне для тых, хто стаяў далей ці сядзеў на пледзе.

Да самай ночы працягваліся выступы, пасля якіх гучным вясёлым шэсцем усе самыя стойкія госці фестываля адправіліся да ракі. Там гарэлі велізарныя купальскія вогнішчы, гучала старажытная музыка, запускалі на ваду вянкі і шукалі чароўную папараць-кветку.

Людзей усіх узростаў сабрала купальскае «Свята Сонца». Не дзіўна, бо кожны тут мог знайсці нешта блізкае і цікавае для сябе: ад сучаснай музыкі да старажытных абрадаў, ад рамёстваў да вясёлых гульняў. Хараство фестывалю ў тым, што ў адным месцы і ў адзін час цесна пераплятаюцца цяперашняе і мінулае, сучаснае і гістарычнае.

Хочаце адчуць дух продкаў? Тады Вам сюды, на «Свята Сонца»!

 

Аўтар тэксту: Ганна Фурс.
Аўтар фота: Кацярына Навуменка.