23.06.2017

У купальскія дні Symbal.by прадстаўляе прома-відэа на адмысловую летнюю версію песні «Блізка» гурта «J:МОРС» з удзелам ансамбля FolkRada. У роліку зняліся 150 чалавек з розных краін у адзенні з беларускай сімволікай.

Лепшая песня Беларусі па выніках нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра» за 2016 год загучала ў абноўленай аранжыроўцы з даданнем яскравых купальскіх спеваў дзіцячага ансамбля FolkRada пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай.

Відэашэраг быў створаны Symbal.by на аснове фотаздымкаў у беларускім стылі, якія на заклік крамы дасылалі беларусы з розных куткоў Зямлі. Ролік візуальна распавядае пра «тое, што нам блізка».

– Нам штодзённа ва ўсіх сацыяльных сетках крамы дасылаюць мілыя фоткі ў беларускім стылі з нашымі і не толькі рэчамі, беларускім дэкорам, цікавымі элементамі, традыцыйнымі, гістарычнымі і нацыянальнымі сімваламі, – кажа кіраўнік Symbal.by Павел Белавус. – Для ўздыму настрою проста хапае націснуць тэг #symbalby у інстаграме і тысячы прыгожых людзей глядзяць на цябе з фотаздымкаў, якія даказваюць, што Беларусь жыве ды мае свае карані і традыцыі, якія нас усіх аб’ядноўваюць. Пра што і спявае Уладзімір Пугач у сваёй песні.

Арыгінальная версія песні «J:морс» «Блізка» выйшла ў снежні 2016. Гэта першы сінгл з новага альбома калектыву, які мае выйсці ўвосень 2017.

Система Orphus