26.06.2017

Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове: кніжная серыя «Амерыканка» шукае чытачоў праз краўдфандынг. 

У чэрвені стартаваў збор сродкаў на новую кніжную серыю «Амерыканка», якая, па словах стваральнікаў, «аб’яднала кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць».

Падчас краўдфандынг-кампаніі «Лета з «Амерыканкай» на платформе ulej.by, перакладчыкі і выдаўцы спадзяюцца сабраць 30 тысячаў беларускіх рублёў на выпуск чатырох пілотных кніг серыі. У малым кішэнным фармаце ў выдавецтве «Логвінаў» выйдуць раманы «Байцоўскі клуб» Чака Паланюка, «Чытво» Чарлза Букоўскага, «Пенелапіяда» Маргарэт Этвуд. У вялікім фармаце выдавецтва «Янушкевіч» выпусціць раман «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі.

Падчас кампаніі цягам двух летніх месяцаў можна будзе перадзамовіць друкаваныя або электронныя выданні, а таксама ахвяраваць на развіццё серыі, якая ў будучыні працягнецца новымі перакладамі.

Першыя 150 замоўцаў атрымаюць 4 кнігі са зніжкай ажно ў 30% – за 40 беларускіх рублёў.

Іх таксама запросяць на вялікую імпрэзу для сяброў «Амерыканкі» ў кастрычніку 2017 года. Ураздроб чатыры кнігі будуць у суме каштаваць 60 рублёў. Камплект электронных кніг абыдзецца замоўнікам у 19 рублёў.

На старонцы праекту на платформе «Улей» можна паглядзець, як будуць выглядаць вокладкі выданняў ад дызайн-студыі «Адліга», пазнаёміцца з біяграфіямі аўтараў і перакладчыкаў, а таксама пачытаць і нават паслухаць урыўкі з перакладзеных твораў на літаратурных рэсурсах «ПрайдзіСвет» і «Літрадыё».

Таксама заснавальнікі серыі просяць запоўніць апытанку «Амерыканкі», якая дапаможа выдаўцам і перакладчыкам зразумець, якія яшчэ кнігі можна ўключыць у серыю: https://goo.gl/forms/0mpsEAoEnd8VhCFx2

У пілотным выпуску серыі – вострыя, скандальныя не толькі для свайго часу раманы, напісаныя ў вострай сакавітай стылістыцы, даўно вядомыя і любімыя чытачамі ва ўсім свеце. Серыя «Амерыканка» дае магчымасць беларусам нарэшце чытаць гэтыя тэксты на роднай мове.

Паўночнаамерыканскую прозу бліскуча перастварылі Аляксей Знаткевіч, Вольга Калацкая, Ігар Кулікоў і Сярж Мядзведзеў. Два з чатырох перакладаў паўсталі ў выніку працы Перакладніцкай майстэрні Беларускага Калегіюму.

Краўдфандынг-кампанію «Лета з «Амерыканкай» падтрымалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-Цэнтр, грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!», культурніцкая арганізацыя «Арт Сядзіба», а таксама шэраг беларускіх СМІ. Стваральнікі серыі запрашаюць да супрацы новых партнёраў: прадпрымальнікаў, грамадскіх актывістаў і проста аматараў добрай літаратуры.

Далучайцеся да «Амерыканкі», ахвяраваўшы сродкі на платформе «Улей».

Сачыце за кампаніяй у сацыяльных сетках:

«УКантакце»https://vk.com/amerykanka
Facebook: https://www.facebook.com/amierykanka/?fref=ts

 

Система Orphus