29.06.2017

У вялікім падземным пераходзе на станцыі метро «Уручча» сярод шматлікіх крамаў адна выдзяляецца сваёй незвычайнасцю: усе надпісы звонку і ўнутры яе зроблены па-беларуску.

І не толькі кірыліцай, а яшчэ і лацінкай, што ўвогуле з’яўляецца экзотыкай для Беларусі. Назва гэтага цудоўнага месца — Uruččakrama

Заснаваў краму 28-гадовы прадпрымальнік Андрэй Савельеў

Ён наняў на працу прагрэсіўных і амбіцыйных маладзёнаў, і разам рабяты стварылі сучасную беларускую краму, дзе камунікацыя з наведвальнікамі, дызайн інтэр’еру, меню, цэннікі — усё па-беларуску і з беларускім каларытам. Мы паразмаўлялі з супрацоўнікамі крамы Іванам і Аляксеем.

– Якая канцэпцыя крамы і ці ёсць яна ўвогуле?

Іван: Я б сказаў, што крама крышачку эксперыментальная. Але пэўная канцэпцыя ёсць.

Uruččakramaгэта салодкая крама ў пераходзе метро, дзверы якой адчынены для кожнага. Мы проста спрабуем зрабіць штосьці добрае для звычайнага чалавека, каб ён прыйшоў, выпіў кавы, гарбаты ці какавы, каб ён застаўся задаволены і ў добрым настроі правёў свой дзень.

Аляксей: У нас адэкватныя кошты, мы стараемся трымаць іх на адным узроўні. Важныя адносіны да пакупнікоў: мы заўжды прыязна і ветліва ставімся да нашых кліентаў і звяртаем увагу на дэталі, напрыклад, на бэйджах акрамя імёнаў, намаляваныя сцяжкі, – на якіх мовах мы можам абслугоўваць пакупнікоў.

Іван: Мы вельмі гібкія і робім усё, каб палепшыць нашую працу.

Напрыклад, кліент можа ўзяць маркер і намаляваць аднарога на шыбе. Ці яшчэ што-небудзь. Пакупнікі часта прапаноўваюць якія-небудзь паляпшэнні, мы заўжды да іх прыслухоўваемся. 

Напрыклад, у прысмакаў была назва «Дзіўная птушка», але больш лагічна і прыгожа – «Дзівосная птушка», і менавіта пакупнікі прапанавалі нам такі варыянт. Мы адкрытыя да канструктыўнай крытыкі.

– Чаму вы вырашылі выкарыстоўваць беларускую мову ў бізнесе?

Іван: Я думаю, што гэта натуральна – размаўляць па-беларуску. У нармальнай звычайнай беларускай краме ў Беларусі павінна гучаць беларуская мова.

Хаця, мы можам абслугоўваць кліентаў на розных мовах. На рускай, польскай, англійскай, украінскай. Напрыклад, калі-некалі расіяне наведваюць нашую краму, штосьці замаўляюць, а выходзяць ужо з веданнем мінімум трох словаў па-беларуску.

– Як людзі рэагуюць, калі чуюць беларускую мову?

Аляксей: Пазітыўна рэагуюць, часта кажуць, што мы прыгожа размаўляем.

Іван: Падчас размовы 90% адсоткаў пакупнікоў дзякуюць па-беларуску і ўжываюць простыя словы: «калі ласка», «да пабачэння» кажа амаль кожны. Дарэчы, я заўважыў, што хлопцы часцей пераходзяць на беларускую мову. 

– Ці быў у вас негатыўны досвед пры ўжыванні беларускай мовы?

Іван: Вельмі рэдка, але здараецца, што пакупнікі просяць перайсці на рускую мову. У кнізе скаргаў адзін раз пра мяне напісалі: «Расіст». Але гэта хутчэй выключэнні. Вы не паверыце, але мне складана размаўляць па-руску, бо сам я з Беларусі, але жыў доўгі час за мяжою і рускую мову амаль не ўжываў. Калі пачынаю размаўляць па-руску, такая жэстачайшая трасянка атрымліваецца.

Аляксей: Адзін раз быў такі выпадак: прыйшоў пакупнік і пытае: «А чаму вы так напісалі: «гарачы сабака»? Я кажу, маўляў, мой сябра прыдумаў так «хот-дог» перакласці. У адказ я пачуў: «Дык ён што, бандэра?».

Іван: Не ведаю, чаму, але ўва мне часта не прызнаюць беларуса. Як толькі мяне не называлі: паляк, латыш, малдаванін, украінец, адзін раз увогуле сказалі, што я прыехаў з Расіі, вывучыў беларускую мову і параілі вяртацца назад. Яшчэ ў нас ёсць хэштэг #validanas, некаторыя чытаюць з неправільным націскам #validАnas і пасля кажуць: а, дык вы з Літвы!

– А якія-небудзь забаўныя «моўныя» гісторыі здараліся?

Іван: Дзіўны выпадак, звязаны з мовамі, здарыўся, калі пакупнік запытаўся: а чаму вы не на мінскай мове размаўляеце? Я мінчук, але так і не зразумеў, якая яна – мінская мова.  

Аляксей: Было такое печыва, па-руску называлася «Шалунья». Мы назву пераклалі, падпісалі «Гарэзніца» і ўнізе пазначылі склад: яблык, мак, гарэхі. Пакупнікі заўжды падыходзяць і просяць узважыць «ну вось таго… ээээ… з яблыкам, макам і гарэхамі». Ніводны чалавек за ўвесь час працы не прачытаў назву. Але ніхто і не запытаўся ні разу, што ж значыць гэтае слова. 

 

– Ці ставіце вы сваёй задачай выконваць адукацыйную функцыю?

Іван: Ведаеце, людзі часта слаба чытаюць па-беларуску. Сонейка – гэта санЕйка, сочнік – сачнЯк, мурашанЯ – мурашАня. Часта пытаюць, што такое гарбата. Таму, так, безумоўна. У нас частыя пакупнікі – школьнікі, і мы матывуем іх размаўляць па-беларуску. Яны ўжо ведаюць: калі замаўляеш штосьці на мове, то атрымаеш два містэр Гама (дзве жувальныя цукеркі – заўв. рэд.) ў падарунак. Часам некаторыя купляюць 50 гумак, я прашу дзяцей палічыць іх па-беларуску з умовай, што за гэта яны атрымаюць яшчэ.

Аляксей: Дзеці вельмі хутка вучацца і захапляюцца, кожны дзень запамінаюць новае слова, пачынаючы з «так», «не», «да пабачэння», «дзякуй».

– Што параіце пакаштаваць у вашай краме ў першую чаргу?

Іван: Гарачы сабака («хот-дог»). Ведаеце, не ўсе людзі адразу разумеюць, што гэта хот-дог. Пыталі, ці ёсць там у складзе сабака (смяецца). Ва ўсім свеце назву «хот-дог» перакладаюць на свае мовы ці нават называюць па-свойму. Чаму б не назваць па-беларуску «гарачы сабака»? Але зараз людзі ўжо прызвычаіліся і ведаюць, што гэта такое.

Аляксей: Раю пакаштаваць квасік-ананасік – гэта квас з ананасавым сіропам. Можна дадаць і іншы, шакаладны, напрыклад. Півасік з сіропам ячшэ. Кава з рознымі сіропамі і пасыпкамі.

Дарэчы, у суботу і нядзелю ў нас мінус 30% на ўсе тавары. А ў панядзелак і аўторак – мінус 30% пры замове чабурэка ці гарачага сабакі.

P.S Супрацоўнікі «Арт Сядзібы» пакаштавалі гарачага сабаку, квасік-ананасік, каву з сіропам і засталіся дужа задаволеныя, таму што ўсё сапраўды вельмі смачна.

«Арт Сядзіба» раіць наведаць Uruččakrama!

Сачыць за крамай можна праз: 

FB: uruččakrama
Instagram: uruccakrama

 

Система Orphus