06.07.2017

У многіх беларусаў склалася практыка з’язджаць на выходныя за мяжу: у Варшаву, Львоў, Вільню… Называюць гэта па-рознаму: гастранамічны тур, шоп-тур і г.д.

Правёўшы выходныя ў Брэсце, я зразумела, што трэба вырывацца ў такія туры і ў гэты беларускі горад, назваўшы яго, напрыклад, патрыёт-турам.

Брэст – незвычайны/надзвычайны (блізкае вам падкрэсліць) горад. Гэта праяўляецца ў яго гісторыі, архітэктуры, грамадскіх месцах і іншых фішках.

Як і Гродна (Гародня/Горадня), Брэст выклікае ў інтэрнэце бурную палеміку наконт сваёй назвы. Таму, трымайце гістарычныя факты:

  • 1019 г. – Берасце;
  • др. пал. XVII ст. – Брэст-Літоўск;
  • 1921-1939 – Брэст над Бугам;
  • 4 снежня 1939 г. – Брэст.

Як бачыце, праз два гады Брэсту спаўняецца ажно 1000 год! З гэтай нагоды ў горадзе праводзіцца шмат цікавых конкурсаў. Нядаўна культурная пляцоўка «Дзедзіч» арганізавала конкурс віншавальных паштовак.

Таму адназначна трэба ехаць, лавіць перадсвяточную атмасферу горада і ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах.

Уявіце, якое свята прагрымыць там на юбілей! Адзначу яшчэ адну цікавостку: у цэнтры горада ўсталяваны выдатны помнік (!) 1000-годдзю горада, які адлюстроўвае гісторыю Берасця на працягу ўсіх 10 стагоддзяў. На ім можна пабачыць нават Вітаўта :)

Калі я яго разгледзела, то радасна крычала на ўсю плошчу: «Гэта ж Вітаўт! Глядзі-глядзі!».

Яшчэ з Брэста (Берасця) вы можаце на нейкі час тэлепартавацца ў Бярэсце. Я, калі вярнулася дадому, яшчэ доўга маральна не магла тэлепартавацца адтуль, і на ўсе фоткі ляпіла геалакацыю – Бярэсце (О май гад! :/).

Дык пра што гэта я? Пра ўнікальны археалагічны музей, які знаходзіцца на мысе паміж ракой Заходні Буг і левым рукавом ракі Мухавец, – карацей, каля Брэсцкай крэпасці. Там вы можаце пабачыць рэшткі пабудоў XIII стагоддзя. А калі хочаце рэальны спойлер, то вазьміце пяцірублёвік і разгледзьце яго. Вось тое, што вы толькі што пабачылі, і ёсць экспанатамі гэтага музея!

Сам будынак зроблен незвычайна – максімум празрыстых сцен, каб сюды трапляла больш натуральнага святла. Таму там можна не толькі грунтоўна гістарычна прасвяціцца, але і нарабіць шмат крутых фотачак. Далёка не хавайце грошык – ён нам яшчэ спатрэбіцца.

Ва ўсіх Брэст, у першую чаргу, асацыюецца з Брэсцкай крэпасцю і Белавежскай пушчай. І гэта правільна, бо яны сталі сакральнымі месцамі для беларусаў.

На крэпасць мы патрапілі а 6-й гадзіне раніцы: была магчымасць паблукаць у адзіноце па комплексу, паслухаць цішыню, якая зусім не падобная да цішыні ў яе звычайным разуменні, злавіць пах пажару і трывогі…

Безумоўна, пра што і як думаць на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, кожны абярэ для сябе сам. Дзякуй Богу, 2017 год прадастаўляе нам нейкае інфармацыйнае поле: веды са школьных падручнікаў, фільмы накшалт «Брестская крепость», мастацкая літаратура беларускіх класікаў, матэрыялы незалежных гісторыкаў, якія публікуюцца, напрыклад, на «Радыё Свабода». Але няхай кожны застанецца пры сваіх думках.

А 9-й гадзіне раніцы на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці было ўжо каля паўтысячы турыстаў. Безумоўна, гэта не дрэнна, нават наадварот… Але калі ты свабодны падарожнік (не блытаць з трыпутнікам! :D), то гэта вельмі дрэнна! Таму вы павінны зразумець, чаму я так радуюся, што мы прыйшлі туды раней за ўсіх. Вось будзе і вам такі маленечкі лайфхак)

Далей мы вырашылі пагуляць за межамі крэпасці і падаліся ў бок Паўночнай брамы. Дарэчы, існуе прылада на тэлефон «Бресткая крепость», дзе змяшчаецца мапа тэрыторыі з падрабязным апісаннем усіх аб’ектаў. Але, аказваецца, далёка не ўсе адрэстаўраваныя аб’екты, што знаходзяцца ў цэнтры, складаюць тэрыторыю крэпасці. 

Брэсцкая крэпасць не абмяжоўваецца турыстычным комплексам, захаваліся некранутыя пабудовы тых часоў.

Гэта бясплатны квэст для тых, у каго вельмі крэпкія нервы. Вось мне было там складана… Ідзеш па будынку, які нагадвае катакомбы, а навокал цемра, і толькі наперадзе свеціцца выхад. Прыслухоўваешся да кожнага трэску і шоргату. Паскараеш крокі, каб хутчэй выйсці з гэтага напружання, і ледзь не вылятаеш у тое вакенца, але спыняешся на краю, бо вакол знаходзіцца водны канал. Уздрыгваеш пры кожным слове спадарожніка, бо акустыка там неверагодная.

Калі я нарэшце выйшла адтуль, то сказала: «Божа, я жыва!» Потым злавіла сябе на думцы, што я крыху адчула тое, што ў свой час перажылі тут людзі. Гэта было адно з самых моцных уражанняў за апошні час.

Калі мы вярнуліся ў горад, то вырашылі крыху раслабіцца, пагуляць па вуліцах і пазнаёміцца з архітэктурай горада. Уразіла вуліца Гогаля, на якой размешчана алея ліхтароў, якія прадстаўлены ў розных выявах, пачынаючы з гогалеўскіх герояў, сканчваючы ліхтарамі спонсараў, тыпу life:) і розных банкаў. Дарэчы, там ёсць і помнік Гогалю.

З усёй маёй любоўю да Мікалая Васільевіча, усё ж такі мела дзёрзкасць памарыць пра аналагічную вуліцу ў гонар якога-небудзь беларускага пісьменніка.

Вось уявіце толькі: вуліца Максіма Багдановіча з яго помнікам і ліхтарамі ў выглядзе вянка, валошак, слуцкай ткачыхі, пагоні (ну ўсё, не гарачыся!) Цікава, такі час калі-небудзь настане ў Беларусі?

У дадатак да тэмы ліхтароў: у Брэсце існуе рэальная прафесія ліхтаршчыка (гарадскога супрацоўніка, які назірае за спраўнасцю вулічных ліхтароў, а таксама ў абавязкі якога ўваходзіць іх запальваць). Каб здзейсніць свой рытуал, ён падымаецца па лесвіцы і ўручную запальвае (ці гасіць) газавую лямпу ў кожным з 17 ліхтароў, якія знаходзяцца на вуліцы Савецкай. Час з’яўлення ліхтаршчыка залежыць ад часу заходу сонца. Час, калі адбываецца гэты сакральны акт, паказаны на гадзінніку, які размешчаны недалёк ад гэтых ліхтароў. 

Існуе цікавая і адначасова варварская прыкмета: кажуць, што калі патрымацца за гузік на форме ліхтаршчыка і загадаць жаданне, яно абавязкова збудзецца.

Адразу ўзгадваю, як бедалагу ледзь не задавіў натоўп. Калі я назірала за гэтым брэсцкім рытуалам, то насамрэч у галаве круцілася пытанне: «І гэта Беларусь?!». Такой мілай фішкі я не бачыла ні ў адным беларускім горадзе – гэта з разраду чагосьці казачнага. Адразу ўспомніла «Маленькага прынца» Экзюперы. Абавязкова паназірайце за гэтым!

У Брэсце працуе Зімовы сад, гэта вялікі парк а-ля Мінскага батанічнага саду. Абяцаюць таксама раслінную экзотыку, тым больш, што уваход – капейкі. Але мне не пашчасціла, бо аўторак і панядзелак – выходныя. Хто наведае гэтае месца з чароўнай назвай (ці паважаныя працаўнікі аранжарэі) – выкладайце фотаздымкі (#ihetabelarus #artsiadziba_travel) ці дасылайце мне ў прыват, бо вельмі цікава, што хаваюць прыгожыя вітражы.

Яшчэ хачу расказаць пра адно месца – кніжную краму «Искра» (вул. Пушкінская, 4), але я назвала яе крамай беларускай літаратуры, бо суадносіны рускай і беларускай тут – прыкладна 70 на 30. Што хаваць, гэта рэдкасць, бо ў звычайных дзяржаўных кніжных крамах (асабліва не мінскіх) для беларускай літаратуры адводзіцца добра, калі палічка. Самае цікавае, што ў «Искре» прадстаўлены навінкі і самыя «хадавыя» кнігі.

Я ўзяла сабе за звычку прывозіць кнігі і паштоўкі з падарожжаў. І падпісваю тыпу: «На памяць табе, даражэнькая. Памятай пра мяне ў свае складаная часы, твой Брэст» :D 

Вельмі раю наведаць Касцёл Узвіжання Святога Крыжа. У касцёле шмат шыльдаў на польскай ды беларускай мове.

Здзівіла шыльда, якую там сустрэць увогуле не чакалі: «Тадэвушу Касцюшку, выдатнаму сыну Палескай зямлі, нязломнаму змагару за вольнасць і справялівасць».

Калі яе знайшлі – быў і шок, і радасць, бо ў Беларусі цяжка знайсці надпісы ў грамадскіх месцах тыпу: «З нагоды 210-годдзя паўстання Касцюшкі 1794…». Таму зноў маё пытанне «І гэта Беларусь?!» актуальнае тут, як нідзе. Гонар!

А яшчэ тут Ленін (помнік на плошчы) паказвае сваім знакамітым жэстам на касцёл. Прыязджайце ў Брэст і пабачыце гэта на ўсё ўласныя вочы:)

Хто чытаў папярэднія выпускі, той ведае, што калі ў горадзе ёсць прыгожы street-art, то я заўжды згадваю пра яго. У артыкуле пра Віцебск я казала, што файна было б пабачыць графіці з беларускімі дзеячамі, а не толькі расійскімі ды замежнымі. У Брэсце ў гэтым плане ўсё, як я хацела.

Без асаблівых цяжкасцяў вы знойдзеце графіці, прысвечаныя Максіму Багдановічу і Янку Купалу з іх вядомымі выразамі. Ну хіба не цуд?!

Недалёка ад Брэста знаходзіцца знакамітая Камянецкая вежа. Дабрацца туды можна на аўтобусе ці маршрутцы – ходзяць амаль кожную гадзіну з аўтавакзалу. Я да апошняга песціла надзею (і веру, і любоў), што траплю наверх вежы. Тым больш, што загадзя я патэлефанавала і даведалася пра такую магчымасць у супрацаўнікоў музея.

Але зноў тут пойдзе урывак з беларускай балады «Перажыткі савецкага мінулага …». Прыехалі мы сюды а трэцяй гадзіне, а касірка ўжо крычала нам, што «яна нікуды не пойдзе, бо сядзіць тут ужо цэлы дзень, і хоча дамоў ужо, і трэба было раней прыязджаць, і ёй усё роўна, адкуль мы прыехалі…».

Вось так вось. Настрой у нас сапсаваўся, і каб сябе неяк падбадзёрыць, запілілі серыю мэйнстрымных фотачак з тым жа пяцірублёвікам (казала ж, не хавайце яго!) тыпу «давай быццам ты трымаеш вежу на далоні! Ага, цяпер падпіраеш! А цяпер утрымліваеш у паветры!».

І зноў, хто заваюе вяршыню Камянецкай вежы, кідайце фотаздымкі ў сеціва, бо з-за той касіркі ў мяне незавершаны гештальт!

Былі планы наведаць Белавежскую пушчу. Вельмі хацелася там на ровары паганяць, нават кошт паслугі загадзя знайшла. Ды і як не скарыстацца магчымасцю трапіць у пушчу – у адзіны некрануты лес у Еўропе і адзін з першых запаведнікаў у свеце?!

Грамадскі транспарт ходзіць туды не так часта, таму вырашылі рвануць аўтаспынам: «Пфф, нейкіх 30-40 кіламетраў!». Толькі мы паднялі руку – адразу спынілася мясцовая жыхарка, але падвезла нас толькі да бліжэйшай вёскі, далей яна не ехала. І папярэдзіла нас аб тым, што могуць узнікнуць цяжкасці з аўтаспынам. Але на той момант мы былі аптымістамі (ключавое слова – былі).

Проста факт: за гадзіну праехала каля 70 машын, з іх каля 55 з расійскімі нумарамі. Проста пакіну гэты факт тут. Проста. Таму, калі будзеце ў тых краях, не спадзявайцеся на аўтаспын. Некалькі кіламетраў мы шлі пешшу.

У рэшце рэшт, у горад мы вярнуліся на шыкоўнай тачцы з добразычлівым беларусам. Увага: інфа аб шыкоўнасці транспарта недакладная, бо я адразу заснула пасля шалёнага шпацыру па палях і дарогах Палесся. Было мякка і цёпла – асноўныя паказчыкі якасці ў той момант.

Вярнуліся мы ў горад пад вечар – змучаныя, змерзлыя і крыху злыя. Але шпацыр па Савецкай згладзіў напружанасць. З прыгожага на гэтай вуліцы – людзі і месцы з прышпільнымі фішкамі. Напрыклад, у адной з кавярняў можна не толькі выпіць каву з рознымі смакамі, але і бясплатна адправіць паштоўку.

Калі вы хочаце падзівіцца на архітэктуру Заходняй Беларусі, то вам не на гэтую вуліцу. З цікавага тут толькі кінатэатр, бо раней тут размяшчалася сінагога.

Кажуць, што ў мужчынскай прыбіральні захаваліся фрэскі. Але фотаздымкі адсюль кідаць не трэба, дзякуй, паверым на слова :)

На развітанне зайшлі ў культавае месца ўсёй брэсцкай моладзі – кафэ «Параграф». На жаль, мне было ўжо не да фотаздымкаў, таму пакіну вам інтрыгуу. Ведаеце, гэта такая сумесь лакшэры і лофта з настолкамі і топавымі напоямі (дарэчы, раю для сагрэву безалкагольны яблычны збіцень). Мне здаецца, што так вы зможаце адчуць сапраўдны брэсцкі дух. Вырашылі, што на выходныя трэба ехаць тусіць менавіта ў Брэст. Бо жыццё тут кіпіць і грэе, нават у дажджлівыя дні. 

У гэтым артыкуле не змясціўся ўвесь Брэст – гэта толькі адзін дзень. Я ўпэўнена, што калі прыеду сюды яшчэ раз, то накатаю яшчэ адзін не меншы артыкул з новымі месцамі. Як бачыце, кожнае беларускае месца здольнае здзівіць і зачараваць, для гэтага трэба толькі падацца ў маленькае падарожжа, якое стане для вас адным з самых вялікіх! :)

Система Orphus