18.07.2017

Беларускі world-rock гурт Re1ikt выканаў кампазіцыю памяці культавага амерыканскага спевака Крыса Корнэла, які заўчасна памёр амаль два месяцы таму пасля канцэрту Soundgarden у Дэтройце. Песня «Black Hole Sun» прагучала на выходных падчас выступу Re1ikt на фестывалі «Басовішча» ў Польшчы.

«Смерць Крыса Корнэла была шокам для нас, як і шмат для каго, – мы вельмі чакалі новы альбом гурта, сачылі за навінамі, – распавядае бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка. – Рашэнне выканаць песню «Black Hole Sun» узнікла спантанна – так мы аддалі даніну памяці вялікаму музыканту, на творчасці якога раслі. Музыкі жывуць, пакуль людзі слухаюць іх песні, і нам хочацца, каб песні Крыса Корнэла гучалі як мага даўжэй».

Кампазіцыя «Black Hole Sun» увайшла ў найпапулярнейшы альбом Soundgarden «Superunknown», які прадаўся накладам большым за 9 мільёнаў асобнікаў. Крыс Корнэл напісаў свой галоўны хіт за 15 хвілін, як ён казаў, не ўкладаючы ў песню асаблівага сэнсу. Між тым, кліп да кампазіцыі, у якім крытыкуецца грамадства спажывання, зрабіўся знакавым, а сам запіс атрымаў прэмію Грэмі.

Пасля распаду Soundgarden Крыс Корнэл пачаў сольную кар’еру, а праз некалькі гадоў з былымі ўдзельнікамі Rage Against The Machine стварыў супергурт Audioslave, які ператварыўся ў адну з найбльш значных альтэрнатыўных камандаў у свеце. У 2010 годзе Soundgarden аднавіўся ў класічным складзе, а пазней выдаў альбом «King Animal».

«Не сакрэт, што Soundgarden паўплываў на нашу творчасць больш за ўсіх», – падсумоўвае лідар Re1ikt.

Гурт Re1ikt быў заснаваны ў Светлагорску як грандж-калектыў, але з цягам часу змяніў стыль. Зараз у творчасці каманды спалучаюцца элементы арт-рока, прагрэсіва, альтэрнатыўнай і беларускай народнай музыкі. Re1ikt з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод (у тым ліку найлепшы беларускі рок-альбом па версіі Experty.by) у Беларусі i Польшчы, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.

Цяпер музыкі працуюць над шостым студыйным альбомам.

Найлепшыя кампазіцыі з папярэдніх рэлізаў можна будзе пачуць на акустычным канцэрце ў прасторы «Квартирник» (вул. Багдановіча, 7) у Мінску 23 ліпеня.

Пачатак а 19-й. Квіткі: 10-12 рублёў. Iнфалiнiя: +365 29 365 98 48.

Система Orphus