15.08.2017

Пасля індывідуальных і групавых заняткаў ды студыйнай працы фіналісты конкурсу «Заспявай 4×4» рыхтуюццца да канцэртаў, якія пройдуць пры падтрымцы вядомых беларускіх гуртоў.

«Тутэйшыя» выступяць на адной сцэне з Vuraj, K3tyvana разам з Cherryvata«Палац» падтрымае гурт «Малала», а канцэрт гурту «Heli°us» Марыі Гаўрыленкі і Аліны Казачэнкі пройдзе пры ўдзеле Дзмітрыя Нікановіча і Мікіты Найдзёнава, пераможцаў леташняга конкурсу «Заспявай».

Лета фіналістаў «Заспявай 4×4» было насычана лекцыямі, майстар-класамі, трэнінгамі, кансультацыямі ды працай на студыі. Лідар Vuraj Сяргей Доўгушаў зладзіў сэрыю заняткаў па прыродным голасе, саўндпрадусар Андрэй Акатаў распавёў пра тонкасці студыйнай працы.

Дызайнерка Наста Шастак падрыхтавала ўнікальную лекцыю пра цэласць вобразаў у музыцы і правяла практычныя заняткі, на якіх разам з музыкамі шукала адпаведную іх творчасці візуальную канцэпцыю.

Кіраўнік лэйблу Ezhevika і лідар гурту Cherryvata Дзмітры Літвіновіч падзяліўся ўласным досведам па продажу і распаўсюду музыкі, а музыка і выкладчык універсітэту культуры Алег Хаменка правёў лекцыі пра маркетынгавыя тэхналогіі ў музыцы.

Пра асаблівасці арганізацыі канцэртаў і вулічных фэстаў фіналістам «Заспявай 4×4» распавёў прамоўтэр Антон Сіманкоў, а піар-менеджар Зміцер Безкаравайны даў свае парады музыкам, як прасоўваць сваю творчасць. Вялікі інтарэс таксама выклікалі лекцыі даследчыка,  Віктара Сямашкі і выкладчыка БДУ, кандыдата мастацтвазнаўства Аляксея Стрэльнікава, прысвечаныя адпаведна гісторыі беларускай сучаснай музыкі і гісторыі беларускай сучаснай паэзіі.

Фінальны этап навучальнай сесіі – запіс конкурснай песні на студыі Central Station пад кіраўніцтвам ментараў конкурсу – Сяргея Доўгушава (ён адказны за «Тутэйшых»), Змітра Літвіновіча (ён працуе з K3tyvana), Алега Хаменкі (ён кансультуе «Малалу») і «Heli°us» (ім дапамагае Андрэй Акатаў). Неўзабаве музыкі прадэманструюць вынік сваёй працы.

Пакуль жа можна паслухаць дэма-варыянты песень фіналістаў.

Канцэрты фіналістаў «Заспявай 4×4» пройдуць на летняй тэрасе «Двор», што знаходзіцца ва ўнутраным дворыку на плошчы Свабоды, 4 (уваход праз кавярню ChillOut) 25 і 26 жніўня, 1 і 2 верасня. Пачатак у 20.00.

Можна загадзя забраніраваць столікі па тэл. +375 44 760-63-43. Уваход вольны.

25/08 (пятніца)
Vuraj і «Тутэйшыя»

26/08 (субота)
Дзмітры Нікановіч/Мікіта Найдзёнаў і «Heli°us»

1/09 (пятніца)
Cherryvata і K3tyvana

2/09 (субота)
«Палац» і «Малала»

Система Orphus