26.08.2017

З апошняга дня фестывалю Zaxidfest 2017, што 18-20 жніўня традыцыйна праходзіў у вёсцы Радатычы непадалёк ад Львова, мінуў ужо амаль тыдзень. Але каб прыйсці ў сябе і ўпарадкаваць думкі пасля такой нечаканай феерыі, спатрэбіцца яшчэ шмат часу.

Захід сустрэў нас трыццаціградуснай спёкай і сотнямі шчаслівых твараў. Сёлета на фестывалі чакаецца шмат беларусаў (нядзіўна: на галоўнай сцэне другога дня ўжо хутка будзе шчыраваць Вольскі, а крыху пазней на індзі-сцэне — Паліна Рэспубліка). І сапраўды, зайшоўшы ў намётавае мястэчка, мы адразу запрыкмецілі цэлыя статачкі бела-чырвона-белых сцягоў.

Аблюбаваўшы месца паміж партызанскім сцягам Крамбамбулі і бела-чырвона-белым з надпісам «Гэй, ліцьвіны!», мы адправіліся на галоўную сцэну фестывалю, дзе ўжо пачыналі свой сэт адкрывальнікі падзеі The Elephants.

У адрозненне ад многіх драбнейшых фэстаў, звыклых для беларусаў, дзе звычайна ўвесь дзень чакаеш толькі хэдлайнера, на Західзе ты заўжды знойдзеш, чым сябе заняць. Акрамя шчыльнай нясумнай музычнай праграмы, цябе чакаюць дзясяткі гульняў, зона НДА з цікавымі і важнымі лекцыямі, альтэрнатыўныя сцэны і проста велічэзны фудкорт з ежай на любы густ. Засумаваць не атрымаецца.

Так міла даносяцца мэсыджы арганізатараў да насельніцтва намётавага мястэчка

Першы дзень запомніўся неверагодна энергетычным выступам гурта Тартак. Гурт склаў сэт-ліст паводле жаданняў прыхільнікаў — атрымаўся такі настальгічны выступ з любімымі песнямі ўсіх часоў. Была і непрыемная нечаканасць: гурт Breaking Benjamin, які павінен быў выступаць у Еўропе ў другі раз у сваёй гісторыі, не даехаў да фестывалю праз хваробу ўдзельнікаў. Але трэба сказаць, што з роляй хэдлайнераў цалкам справіліся ўкраінцы O.Torvald, сабраўшы пад сцэнай тысячы адданых прыхільнікаў.

У самы першы дзень наведнікаў чакала сумная навіна

Zaxidfest — гэта месца, дзе ты не баішся выглядаць дзіўна. Які можа быць страх, калі праз хвіліну табе насустрач можа прайсці зебра, а яшчэ праз тры метры — балярына ці Чалавек-Павук? І гэта сапраўды разнявольвае, улівае ў атмасферу і дазваляе адчуць сябе часткай вялікай і вар’яцкай кампаніі.

Другі дзень мы чакалі з асаблівым нецярпеннем: сёння на галоўную сцэну выйдзе Лявон Вольскі!

І Volski не падкачаў. Сотня чалавек, якая сабралася пад сцэнай напачатку выступу, расла з кожнай хвілінай і пад канец пераўтварылася ў сапраўдны натоўп. Сцягі, слэм, супольныя спевы разам з выканаўцам — усё як мае быць. Калі музыкам адмовіла тэхніка і адключыўся мікрафон, натоўп без праблем дапеў «Łamaj Scenar!»

Лявон Вольскі на галоўнай сцэне фестывалю

Рэпертуар выступоўцы прыемна здзівіў нават беларускіх прыхільнікаў сваёй разнастайнасцю і ў асаблівасці выцягнутым з далёкіх паліц «Я еду». Напрыканцы выступу музыкі разгарнулі вялікія бела-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі, чым выклікалі авацыі фанатаў абедзвюх краін.

Другі дзень, па праўдзе кажучы, атрымаўся cамым насычаным з усіх фестывальных. Рок-сцэну ўзрывалі We Butter the Bread with Butter і Pain, на галоўную за Вольскім выйшлі The Qemists, якія прыехалі ва Украіну ўпершыню. Было бачна, што іх чакалі: харызматычны саліст пасля выступу раздаў не менш за сотню аўтографаў і сэлфі.

Noize MC парадаваў насычаным гадзінным сэтам, а пасля настала чарга тых, дзеля каго некаторыя займалі месца пад сцэнай з самага ранку — хэдлайнераў сённяшняга дня пост-хардкоршчыкаў Enter Shikari.

«Шикарні», як іх ласкава называюць тут, далі выступ, які можа паслужыць узорам спалучэння магутнай музыкі і суцэльнага эстэтычнага задавальнення. Без дапамогі дадатковых спецэфектаў артысты рабілі на сцэне тое, што прымушала глядзець на іх не адрываючы вачэй. Можна з упэўненасцю сказаць, што выступ Enter Shikari — самае эфектнае, што бачыў Західфэст у гэтым годзе.

Рэспубліка Паліна

Zaxidfest — гэта месца, дзе цудадзейным чынам ужываюцца поўныя супрацьлегласці. Дзе на рок-сцэне тысяча людзей спрабуе праламіць зямлю пад Pain, а ў той жа час каля індзі-сцэны сотні прыхільнікаў атрымліваюць задавальненне ад выступу гурта ФІОЛЕТ. І ўсе гэтыя людзі прыехалі з розных куткоў Украіны і свету дзеля адной і той жа падзеі — гэта ўражвае.

Volski – не адзіны беларус на сёлетнім фестывалі. У апошні дзень а 18:45 распачынаецца выступ Рэспублікі Паліны. Выступаючы ў новым фармаце — з сінтэзатарам і без бэнду — Паліна гэтак жа любіма ўкраінскімі фанатамі. Яе выклікаюць на біс двойчы, і нават пасля трэцяга сыходу сотня людзей скандуе яе імя.

Прыхільнікі Рэспублікі Паліны слухаюць яе выступ

Вялікія фестывалі адметныя тым, што даюць магчымасць адкрыць дя сябе новую якасную музыку. Для нас такім адкрыццём сталі In Extremo, якія ўпрыгожылі рок-сцэну класічным і акуратным нямецкім рокам — якраз тое, што трэба перад хэдлайнерамі Editors.

Да Zaxidfest ніхто раней не мог прывезці «Рэдактараў» ва Украіну. З самага пачатку іх выступу стала зразумела, што менавіта такой музыкі — яскравай, простай і вельмі эфектнай — не хапала гэтай падзеі. Editors адыгралі на поўную моц, а шчыры смех Тома Сміта Україна запомніць яшчэ надоўга.

Што ж, выступ галоўных зорак скончаны. Праз дзве гадзіны нас чакае цягнік да Львова, адтуль аўтобус у Берасце і начная «кругасветка» у Мінск. Праз дзень пераезду, апынуўшыся зноў на працы, усведамляеш, што, напэўна, закахаўся. Гэта было варта таго. Абавязкова наведайце Західфэст у наступным годзе — вы не пашкадуеце.

Тэкст, фота, відэа: Ганна Клокава

Система Orphus