29.07.2013

Рэдакцыя сайта artsiadziba.by пры інфармацыйнай падтрымцы газеты «Наша Ніва» распачынае журналісцкі праект «Экспедыцыя Арт Сядзібы “Зробім лепш!”».На працягу двух месяцаў некалькі груп маладых журналістаў адправяцца ў дзесяць міні-экспедыцый па Беларусі. Кожная экспедыцыя знойдзе цікавага чалавека ці ініцыятыву ў розных рэгіёнах Беларусі, якія шчыра і паспяхова займаюцца сваёй справай і вырашаюць пэўныя сацыяльныя, грамадска значныя і культурныя праблемы ў сваёй мясцовасці.

Па выніках кожнай вандроўкі з’явяцца вялікія мультымедыйныя матэрыялы пра беларусаў, якія робяць нашую краіну лепей.

«Арт Сядзіба» запрашае зацікаўленых далучацца да арганізацыі экспедыцый і ўдзелу ў іх. Калі вы ведаеце цікавых і адметных людзей з рэгіёнаў, якія аддана і паспяхова займаюцца сваё справай — запрашайце! Адна з экспедыцый «Арт Сядзібы» з задавальненнем прыедзе да вас у госці.

Калі вы журналіст, фатограф ці відэааператар, ды хочаце далучыцца да адной з экспедыцый пад агульнай назвай «Зробім лепш!», звяртайцеся да нас праз e-mail: artsiadziba@gmail.com. Мы адкрытыя да супрацы і заўсёды шукаем новых таленавітых аўтараў.

Усе матэрыялы з экспедыцый будуць апублікаваныя на сайце artsiadziba.by, а найлепшыя з’явяцца ў газеце «Наша Ніва» і на сайце nn.by.

Праект ладзіцца ў межах агульнанацыянальнай кампаніі Асамблеі НДА «Зробім лепш — 2013!».

Система Orphus