20.08.2013

Населены пункт, які не абазначаны на мапе і які не знойдзеш пры дапамозе GPS, месціцца ў двух кіламетрах ад вёскі Івесь, у якой знаходзіцца беларускі цэнтр Еўропы.  Скрабатуны — хутар у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. У сезон адпачынкаў сюды з’яжджаюцца замежнікі і беларусы, каб пакатацца на конях і падаіць кароў.artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_39

Экспедыцыя Арт Сядзібы «Зробім лепш!» адправіліся ў Скрабатуны, каб на свае вочы пабачыць, што значыць жыць натуральнай гаспадаркай. Пяць з паловай гадзін начной дарогі з Мінску да станцыі Зябкі і а палове на пятую раніцы мы былі гатовыя сустракаць узыход сонца на Віцебшчыне.

На што не трэба разлічваць прыезжым да Якава Серафімовіча, гаспадара фермерскай гаспадаркі, дык гэта на камфорт. Скрабатуны — хутар з некалькімі хатамі. Яшчэ хлявы з каровамі і віслабрухімі ўетнамскімі парсючкамі. І ўсё. Сярод забавак — верхавыя прагулкі, купанне ў азёрах, паходы ў грыбы ды ягады. Пра начоўку трэба паклапаціцца загадзя і ўзяць з сабой намёт, у іншым выпадку можна скарыстацца невялікім гасцінічным комплексам у суседняй вёсцы Івесь. Ахвотнікам свежага паветра Серафімовіч можа прапанаваць пераночыць пад страхой на сене.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_46

Забіраць нас прыехаў спадар Якаў. З той самай хвіліны, калі мы селі ў машыну, і пачалася нашая вандроўка па невядомай Глыбоччыне.

— Сюды ехаць няпроста, — кажа нам Якаў. — Дарогу даводзіцца тлумачыць з дапамогай мабільнай сувязі.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_1

Дваццаць хвілін на шостую. Дарога на возера Шо даволі складаная.

— Не будзем мучыць мой «Форд», бо масла цячэ адразу, — папярэдзіў Якаў. — Пройдземся трохі пехам.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_44

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_43

Летам з лёгкасцю можна дабрацца з аднаго населенага пункта ў іншы. А зімой здараецца так, што замятае ўсе сцежкі — не выехаць.

— Дзіўная назва — Шо, — кажу Якаву.
— Яна мае скандынаўскія карані. Абазначае «нізкае месца», ці «возера», — патлумачыў мужчына.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_56

Выйшлі з машыны. Ногі патрапілі ў халодную расу — травы тут высокія. З берагоў возера зарасло трыснягом. Паміж ім добра заўважныя светлыя сцежкі ў вадзе. Бачым, рыбак на лодцы плыве. Гэта Казік, знаёмы Якава. Ловіць траваядных амура і таўсталобіка.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_2

Памахалі Казіку рукамі. Павіталіся.

Палова на шостую раніцы. Едзем па густым разгалістым лесе.

«Лясы — гэта своеасаблівасць паўночна-заходняй ускраіны Беларусі. Тут як у казцы: чым далей, тым усё больш жахліва. Лесу болей, чым у Гомельскай вобласці. І ў гэтым лесе чаго толькі няма! — парушыў маўчанне Якаў. — Каля возера Каравайнае ўвогуле непралазныя гушчары».

Трыццаць пяць хвілін на шостую. Едзем па гушчары на старахрысціянскія могілкі. Галінкі зарасніку царапаюць дзверы машыны. Звонку — цішыня. Ні птушак, ні звяроў. Як у серыяле «Твін Пікс». Адчуванне чакання нейкага здарэння.

Выйшлі з машыны, накіраваліся ў гушчар. Недалёка ад дарогі ўбачылі ўросшыя ў зямлю крыжы. Могілкі расцягнуліся метраў на 50. Ніякіх датаванняў тут няма. Толькі мох утапталі.  Нас абляпілі камары.

— Камары — таксама мясцовыя жыхары.
— Вы іх проста адухаўляеце, — адказала Якаву.
— Ну а чаму? Яны ж сапраўды, такія жыхары, як і мы. Яны таксама маюць душу.

З гэтага дыялогу зразумела, што мужчына не проста любіць прыроду, а, больш  за тое, адчувае сваё яднанне з ёю. Гарманічныя стасункі з сусветам пачаліся ў Якава з маленства. Ён з дзяцінства ведаў, што будзе жыць у вёсцы. Так і адбылося. Пасля заканчэння школы, хлопец двойчы паступаў і не змог здаць іспыты ў Маскоўскую ветэрынарную акадэмію. Тады, у траўні 1992 года, узяў у Скрабатунах зямлю пад фермерскую гаспадарку, пачаў вывучаць вясковае жыццё, спрабуючы займацца рознымі відамі гаспадаркі. Коней разводзіць з 2001 года. І зараз у Якава іх 20! Рэпка, Дзвіна, Ліпа, Паркет, Галактыка, Грэйпфрут, Смуглянка, Ракурс, Тэкіла… Гэта далёка не ўсе мянушкі, якія маюць коні Якава.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_58

Гаспадар зарабляе на жыццё тым, што прапаноўвае верхавыя прагулкі, індывідуальнае навучанне яздзе на конях, здае іх у пракат. Усе гэтыя прапановы карыстаюцца попытам і ў беларусаў (шмат прыезжых з Полацку і Мінску), і ў замежнікаў. Працоўны сезон для Якава пачынаецца ў траўні, калі расейцы прыязджаюць на хутар у час вясновых святаў. Натуральна, што мёртвы сезон — гэта зіма.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_17

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_15

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_9

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_11

А шостай раніцы павінны былі вярнуцца на хутар. У Якава пачынаўся звычайны распарадак дня: падаіць кароў, накарміць курэй, шчанят ды кацянят. А дзеці, іх у бацькі трое, могуць спаць да абеда. Нас ад працы вызвалілі: хадзілі з Андрэем па гародзе, сачылі за гаспадарамі, што тыя робяць. А ў саміх вочы зліпаліся, так моцна хацелася спаць.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_37

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_38

Сем гадзін раніцы. Пайшлі гуртам у хату. Дастала з заплечніка бохан мінскага хлеба — пачастунак для гаспадара. Якаў усміхнуўся:

Сустракаеце мяне, як кажуць, з хлебам-соллю.

Селі за стол. П’ем «Lavacca espresso» са свежаспечанай слодыччу. Сагрэліся пасля халоднага ранішніку.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_41

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_42

Надвор’е сапсавалася, пайшоў дождж. Зразумелі, што ў хвалёных азёрах не паплаваем. «Амуніцыі» для мокрых палявых умоў у мяне не знайшлося. Якаў апрануў у сваё. Выдаў  гумавыя боты, куртку, джынсы. Усё большае за мяне на некалькі памераў. Галоўнае — цёпла і ўтульна.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_30

Якаў павёў нас у поле знаёміцца з коньмі. Яны тут ночаць і днююць. Якаў не трымае жывёл у стайнях. Ён распавёў, што мінулай зімой коні ночылі ў адкрытым загоне. Адна з кабылак нават нарадзіла жарабя ў траўні пасля халоднай зімоўкі.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_23

— Каню трэба свабода, магчымасць рухацца. Рух — гэта жыццё, — кажа гаспадар.

Цікаўлюся ў Якава, як ён выбірае коней, калі захоча набыць іх.

— Я гляджу ў вочы і адчуваю, што гэта мой конь, што гэта мой характар.

На чым жа выбудоўвае мужчына ўзаемаадносіны з коньмі? На пачуццях! Во як!

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_14

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_19

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_36

— Глядзіце, — гладзіць Спірэю Якаў, — гэты конь мае характэрныя рысы старажытнага беларускага каня, якія захаваліся ад лясных тарпанаў, што жылі на Палессі. Гэта цёмная палоска на спіне, уздоўж хрыбетніка, называецца «рэмень». Таксама чорны колер грывы і ног. І зеброіднасць — папросту кажучы, валасы на конскіх нагах. Такія прыкметы беларускага каня.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_31

У  полі я страціла адчуванне часу. Апошні раз глянула на гадзіннік каля адзінаццаці. Падумала тады, што ў нас яшчэ цэлы дзень наперадзе. І што тут рабіць да вечара? Азёры, лясы, коні…

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_40

Пазнаёміліся з сям’ёй з Масквы. Яны прыпыніліся на некалькі дзён у лесе, недалёка ад Якава. Есці прыходзяць у гаспадарскую хату. Тут можна скарыстацца газавай плітой. Ёсць ракавіна і прыбіральня. Умовы жыцця самаго Серафімовіча і яго вялікай сям’і вельмі простыя. Госці могуць разам з гаспадарамі «тусіць» на кухні, снедаць, абедаць і вячэраць за адным сталом. Правілы паводзін даволі свабодныя. Ніякай фармальнасці. Па-сяброўску. Дарэчы, і чужынец можа стаць «сваім»:

«Амерыканец спаў на сене. А раніцою папрасіўся падаіць карову», — смяецца Якаў.

У Якава ўжо выпрацавалася своеасаблівая сістэма адбору тых ахвотнікаў, што жадаюць прагуляцца на конях. Гаспадар не пасадзіць на каня занадта поўнага чалавека, бо жывёле будзе цяжка ісці. Не падпускае Серафімовіч да коней і падвыпіўшых, а, тым больш, п’яных. Такія правілы.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_32

— Навучанне верхавой яздзе — індывідуальны працэс. Аднаму чалавеку спатрэбіцца паўтары гадзіны заняткаў у дзень, другому — паўгадзіны. Трэба кіравацца ўласным самаадчуваннем. Увогуле, двух трэніровак у месяц будзе дастаткова для таго, каб цела запомніла правільную пасадку. Да таго ж, падчас язды я тлумачу, што і як трэба рабіць. Пасля паўтараем з вучнем пройдзены тэарэтычны матэрыял. Для тых, хто добра ўмее трымацца на кані, ладжу верхавыя прагулкі. Можна выбраць любы з пяці маршрутаў. Самы доўгі разлічаны на 8 гадзін. Ён дазваляе праехаць да 45 кіламетраў, — расказаў Якаў.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_47

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_48

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_51

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_50

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_52

Пяць гадзін вечара. Прыехалі ў пасёлак Ломашы, каб далучыцца да слухачоў канцэрту, прысвечанага песеннаму рэпертуару 70-х гадоў. Якаў спяваў там песні, у яго было нават некалькі выступаў. У Якава файны голас!

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_4

Вечар. Сонца бярэцца на захад. Разумею, што хутка з’едзем, а я не зрабіла самага галоўнага: не пакаталася на кані. Яшчэ ёсць час, каб здзейсніць жаданне.

Жэня, дачка Якава, прывяла булана-машыстую Спірэю з крыламі на спіне. Бываюць коні «ў яблык», а у гэтай — белыя крылы. Асядлалі кабылку. Упершыню буду катацца.

— Спіну трымай роўна і прама, плечы расслабленыя, адчувай паясніцу, — вядзе Спірэю і дае інструкцыі Якаў. — Галава павінна быць на ўзроўні гарызонту. Дзяўчатам кажу, што пасадка павінна адпавядаць каралеўскай. Адчуй сябе Елізаветай II, якая аглядае свае ўладанні.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_59

І я адчула. Страху ў мяне не было, няўпэўненасці таксама. Толькі спакой і давер да каня.

«Трэба ўсвядоміць, што пад табой жывая істота — конь. І, як чалавек, яна мае свой характар і свой настрой. Страх не дазволіць адчуць энергію каня. Залазіць на каня трэба ў спакойным стане. І гэты ж стан спакою неабходна трымаць на працягу ўсёй язды».

Калі спускаліся з горкі, плечы адводзіла назад, каб утрымаць раўнавагу і заставацца на адной хвалі са Спірэяй. Вярталіся на роўнае месца, плечы прымалі першапачатковую пазіцыю. Так сапраўды лягчэй.

— Пераходзім на рысь.
— Чакайце, я ж без рук…

Аднак, неспадзеўка спраўдзілася! Спірэя дадала хуткасці. «Каралева» ўжо не аглядала свае ўладанні, а глядзела на грыву каня. Унутраны голас крычаў: «Трымайце каня!». Але яго і так трымалі і кіравалі ім. Гаспадар спыніў каня, паказаў, як правільна злазіць. А я разумею, што  так не саскочу.

— Гэта як у Егіпце, — кажа мне сяброўка Якава, якая прыехала да яго, каб пакатацца на конях. — Залезці на вярблюда каштуе 10 даляраў, а злезці з яго — 20.

Сказала так і рассмяялася. Мой страх дагнаў мяне зараз, калі конь стаяў, а ўсе чакалі, пакуль я рашуся саскочыць са Спірэі. Скажу, што чакаць прыйшлося доўга. Аднак я зрабіла гэта правільна, а не саслізнулася з сядла на пузе, як робяць некаторыя баязліўцы.

Стала на зямлю, а ногі трасуцца. Адчуваецца пазваночны столб і мышцы ў паясніцы.

— Верхавая язда можа выправіць хрыбетнік. У мяне быў скаліёз трэцяй ступені, праз два гады катання на конях ён ператварыўся ў першую ступень. Эка-тэрапія, — сказаў Якаў.

artsiadziba_andrei-shauliuha_skrabutany_60

Я зразумела, што палюбіла каня. Андрэй, фатограф, які прыехаў разам са мной, зрабіў нам са Спірэяй цэлую фотасесію. Партрэцікі дзвюх сябровак. Конь і чалавек.

У Мінск вярталіся поначы. Сябар Якава, які жыве ў Ратамцы, развёз нас па дамах. З дарогай сапраўды пашчасціла! Нам, стомленым за такі доўгі дзень, было ўжо не да начнога цягніка.

photocamera
Болей фота са Скрабатуноў — на нашай старонцы «УКантакце»!
Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *