09.09.2013

Чацвёрты год запар у вёсцы Залессе збіраецца брэсцкая моладзь, каб аднаўляць і будаваць дом. Які дом і з якой мэтай? Экспедыцыя Арт Сядзібы «Зробім лепш!» завітала ў госці на летнік «Залессе – 2013», каб даведацца пра грандыёзныя планы яго ўдзельнікаў і арганізатараў.

Вёска Залессе нічым не адрозніваецца ад большасці сучасных беларускіх вёсак. Сярэдні ўзрост жыхароў пераваліў за 70, краму даўно зачынілі, большасць дамоў пустыя ці выкарыстоўваюцца як лецішчы. Адзіныя адметнасці — брукаванка праз усю вёску, ды знаходжанне ў памежнай зоне: да польска-беларускай мяжы тут тры кіламетры.

Ціхае жыццё Залесся кардынальна змянілася ў 2008-м, калі сябры брэсцкай моладзевай арганізацыі «Дзедзіч» купілі тут адзін з нешматлікіх цагляных дамоў.

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0897

Пра гісторыю набыцця дома расказвае Дзмітрый Шыманскі — адзін з заснавальнікаў і нязменны кіраўнік «Дзедзіча» напрацягу амаль 14 гадоў:

— Найперш мы куплялі гэты дом як месца складавання свайго архіва, бо ў нас быў вялікі офіс у цэнтры Брэста. Мы яго пазбавіліся і трэба было кудысьці адвесці ўсё, што ў нас назапасілася за шмат гадоў працы. У 2008-м годзе літаральна ў суседняй вёсцы «Дзедзіч» праводзіў летнік. Убачылі абвестку, што прадаецца дом у Залессі. Той дом нам не спадабаўся, але затое знайшлі іншы. Яго і купілі. Пасля пабачылі, што дом цікавы, што ў моладзі, якая з намі працуе, ёсць вялікае жаданне зрабіць з гэтага дома штосьці большае, чым проста архіў ці месца летняга адпачынку. Таму мы вырашылі стварыць Дом еўрапейскіх сустрэч, дзе можна праводзіць адукацыйныя, культурніцкія мерапрыемствы, запрашаць на абмены моладзь з іншых рэгіёнаў Беларусі, з іншых краін Еўропы так, як гэта робяць нашыя польскія і нямецкія партнёры.

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0883

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-1066

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0911

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0917

У гэтым годзе адбыўся ўжо чацвёрты працоўны летнік. За гэты час валанцёры і прафесійныя будаўнікі пашырылі плошчу дома амаль ў чатыры разы. У гэтым сезоне плануецца скончыць уцяпленне дома звонку і пафарбаваць фасад, а ў наступным — заняцца ўнутранай апрацоўкай. Кіраўніцтва «Дзедзіча» спадзяецца, што ў 2015-м годзе будзе ўрачыстае адкрыццё Дома.

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0954

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0964

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0987

Памеры будынка і планы ініцыятараў будоўлі сапраўды ўражваюць. Тэмпы працы замаруджваюць фінансавыя праблемы. Кожны год арганізацыя знаходзіць невялікія сродкі на будаўніцтва дома. Штосьці ўдаецца зэканоміць з іншых праграм — усе зацікаўленыя дабудаваць дом як мага хутчэй.

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0982

Дзмітрый Шыманскі зазначае, што дом будуюць не толькі на патрэбы сваёй арганізацыі:

— Мы зацікаўленыя ў тым, каб і іншыя грамадскія арганізацыі праводзілі тут свае мерапрыемствы. Мы не спадзяемся ўласнымі сіламі запоўніць гэты дом так, каб ён кожны дзень прыносіў карысць грамадству. Таму будзем запрашаць іншыя грамадскія арганізацыі. Адарванасць ад вялікіх населеных пунктаў стварае добрыя ўмовы для адукацыйных праграм. Людзі аб’яднаныя адным месцам і ўвесь час могуць камунікаваць паміж сабою.

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-1150

Само Залессе маляўнічае і ціхае. Раней вёска была даволі буйной: у 1950-м, калі тут арганізоўвалі калгас, у вёсцы налічылі 104 гаспадаркі. Былі ў Залессі свае школа і бібліятэка.

— Школы няма даўно: яе зачынілі ў 1986-м, — расказвае стараста вёскі і апошні дырэктар школы Іван Леванюк. — Людзей няма. Зараз на 104 гаспадаркі ажно 28 жыхароў і ўсе майго ўзросту. Двое працаздольных на ўсю вёску, адзін вучань. Астатнія выехалі ў Брэст і далей, старыя памерлі.

Паводле слоў старасты вёскі, дом, які зараз належыць «Дзедзічу», будаваўся па праекце адміністрацыйнага будынка:

— Гэты дом пабудаваны ў 1931-м годзе. У Воўчыне стаіць дом дакладна такой жа формы. Пры Польшчы той будынак у Воўчыне быў цэнтральным домам гміны, як зараз сельсавет. Майстры, якія будавалі будынак гміны, зрабілі і гэты дом у Залессі, бо яго гаспадар быў намеснікам войта (старшыні — заўв. рэд.) гміны.

Стараста вёскі падтрымлівае ідэю стварэння ў вёсцы Дома еўрапейскіх сустрэч.

— Калі моладзь будзе прыязджаць і падправіць гэты дом, то зробіць добрую справу. Вёску будзем старацца самі падтрымліваць. Тым больш, калі будуць госці з Захаду прыязджаць, — зазначае Іван Іванавіч.

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-1198

Яшчэ адна адметнасць вёскі — гэта брукаваная дарога, якая цягнецца праз усю вёску. Пабудавалі яе за польскім часам: напрыканцы 20-х — пачатку 30-х гг. XX ст. У час акупацыі, калі прыйшлі немцы, яе адрамантавалі ўсю ад пачатку да канца. З тых часоў яна засталася нязменнай. Там дзе сканчаецца дарога, пачынаецца польска-беларуская мяжа. А раней там былі палі, якія ездзілі апрацоўваць мясцовыя жыхары.

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-1132

Нядоўгі час у вёсцы дзейнічала пратэстанцкая царква, яна знаходзілася ў звычайнай вясковай хаце, на якой і зараз вісіць крыж. — Былі ў доме баптысты. З Воўчына прыязджалі, з Навасёлак, але даўно ўжо ніхто не быў тут, — расказвае жыхарка суседняй хаты баба Ганна. — Яны сходы рабілі. Іх шмат прызджала. Няма ўжо цяпер каму ездзіць і хадзіць. У канцы вёскі ёсць баптыст, вось яны ў яго хаце і моляцца.

Побач з Залессем шмат значных гістарычных мясцін. Найперш гэта мястэчка Воўчын, у якім знаходзіцца Троіцкі касцёл, дзе пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Побач знаходзіцца горад Высокае — там захаваліся рэшткі старога замка Сапегаў XVII стагоддзя і палацавы комплекс Патоцкіх, які збудаваны ў 1816—1820 гадах.

Калі пайсці ў іншым напрамку, то можна ўбачыць вайсковыя ўмацаванні часоў Другой Сусветнай вайны і крыніцу, як кажуць, з лячэбнымі ўласцівасцямі вады. Недалёка знаходзіцца горад Камянец з Камянецкай вежаю і Белавежская пушча. Блізка і памежны пераход у Пяшчатцы: гасцям Залесся будзе зручна дабірацца да Дома еўрапейскіх сустрэч з іншых еўрапейскіх краін. І хоць Дом еўрапейскіх сустрэч яшчэ не адчыніўся, на будаўнічым аб’екце кожным летам віруе культурнае жыццё. У госці на летнікі ў Залессе за гэтыя чатыры гады наведалася шмат цікавых людзей, культурных дзеячоў Беларусі.

— На самым першым летніку былі Валярына Кустава і Уладзімер Някляеў. Пасля да нас прыязджалі Зміцер Бартосік, Алесь Камоцкі, розныя музычныя гурты з Берасцейшчыны, — расказвае Зміцер Шыманскі. — У гэтым годзе ў межах кампаніі «Рок-салідарнасць» мы запрасілі прыехаць да нас вядомага беларускага музыканта Піта Паўлава.

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-0908

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-1026

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-1087

artsiadziba_mikita-brouka_zalessie-1071

«Дзедзіч» паступова даводзіць да ладу сваю сядзібу ў вёсцы Залессе, каб праз два гады ператварыць гэтую вёску ў месца сустрэч моладзі з усёй Еўропы. Аналагічныя ўстановы існуюць ва ўсіх еўрапейскіх краінах: напрыклад, у Польшчы ў кожным ваяводстве іх па некалькі адзінак. У нашай краіне першы з такіх дамоў будуе «Дзедзіч».

У наступным годзе сябры арганізацыі зноў запросяць усіх ахвотных да сябе ў госці на летнік. Можа быць і нехта з вас захоча далучыцца да іх, каб дапамагчы пабудаваць дом для маштабных культурных імпрэзаў і адукацыйных семінараў.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *