25.09.2013

Без іх гэты горад выглядаў бы зусім інакш. Прынамсі, ягонае культурнае жыццё. Гомельская моладзевая грамадская арганізацыя «Талака» з’явілася ў 1986 годзе і актыўна дзейнічае да сённяшняга дня. Чарговая экспедыцыя Арт Сядзібы «Зробім лепш!» накіравалася ў Гомель.

Старшыня Рады «Талакі» Яўген Меркіс сустрэў мяне на чыгуначным вакзале ў вышыванцы.

— Гэта «Талака», дзетка! — адказаў Яўген на мой камплімент ягонай стылёвай кашулі.

Відаць, быць нашчадкам найстарэйшай недзяржаўнай арганізацыі абавязвае прыходзіць на «дзелавыя» сустрэчы ў традыцыйным строі.

Як ні дзіўна, мы накіроўваемся не на «Жаніцьбу коміна» і не ў фальклорную экпедыцыю. Я прапаную Яўгену правесці экскурсію па важных для сённяшняй «Талакі» месцах у Гомелі.

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-08

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-07

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-05

Голыя торсы за драўляную забудову

Гарадскія мастакі прыходзяць на гэту вуліцу з мальбертамі. На фоне гэтых дамоў фатографы робяць фотасэты ў жанры «паўаголены ню». У дварах мясцовыя людзі вырошчваюць абрыкосы ды смажаць шашлыкі. Гомельскія ўлады бачаць тут кавалак зямлі пад бізнэс-цэнтр «Гомель-Сіці». А сябры «Талакі» пішуць лісты ў Пракуратуру, гарвыканкам і Мінкульт, каб захаваць 100-гадовую забудову.

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-02

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-01

Мы на вуліцах Валатоўскай і Парыжскай Камуны.

— Так, мы змагаемся за забудову, як у 80-х гомельскія талакоўцы, але іншымі метадамі. Голымі торсамі, напрыклад, — кажа Яўген.

Пра фішкі гэтых дамоў, казкі і гісторыі пра іх былых жыхароў ён быў гатовы расказваць гадзінамі.

Зусім нядаўна талакоўка ў душы Марына Драбышэўская правяла «патрыятычную» акцыю. Сфоткала хлопцаў з накачанымі прэсамі і біцэпсамі на Валатоўскай, выклала ва «УКантакце» і падпісала «Захавайма драўляную забудову разам!»

Перапіска з чыноўнікамі ў талакоўцаў і іх прыхільнікаў адбываецца з пераменнымі поспехамі. Напрыклад, Міністэрства культуры забараняе гмахі на месцы гістарычнай забудовы і ў той жа час які-небудзь дэпартамент дае санкцыю на знос старых дамоў. Зрэшты, такая сітуацыя не толькі ў Гомелі.

«Сож-stylе»

— Сож-stylе… Ён ёсць. Летам 5 хвілін — і ў вас у цэнтры горада пляж. Зімой у вас ёсць спускі. Ну, не гарналыжныя, але пакатацца можна. Зламаць нос, дык дакладна. Гарантую на ўласным досведзе. Я адчуваю вялікую сувязь з гэтым месцам, — мы шпацыруем па наберажнай Сожа.

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-09

Недалёка адсюль у «Талакі» нефармальная танцпляцоўка. Падыспань, базар, полька, кракавяк, ойра-ойра — абавязковы харэаграфічны мінімум кожнага паважаючага сябе талакоўца. За пастаноўку танцаў у арганізацыі адказвае Ірына Глушэц і Марыся Тульжанкова.

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-10

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-11

Карта Гомеля: вавёркі, альпы і помнік гіпнажабе

— Для маёй плыні з гістфака БДУ было шокам, што я збіраюся вяртацца ў Гомель, — расказвае Яўген.

Каб нават самыя непрасунутыя ў гомельскіх фішках адчулі мясцовы style, талакоўцы вырашылі скласці крытычную карту горада. Ідэю падгледзілі ў 34mag, метад — у нямецкай грамадскай ініцыятывы «Orangotango». Што будзе на карце — вызначаюць самі складальнікі пад час адмысловых сустрэч. Неўзабаве тут з’явіцца карта з малавядомымі гарадскімі цікавосткамі.

«Напрыклад, „Гомельскія альпы“, ці помнік гіпнажабе. Ці гомельскія нахабныя вавёркі ў парку: калі батон не ўзяў з сабой, ты лузер — столькі фотак прападзе. Ці не батон, а арэшкі ці што там яны ядуць», — тлумачыць Яўген.

artsiadziba_chryscina-marczuk_talaka-04

«Вы іншыя. Але гэта «Талака»

І ўсё ж шматгадовая візітная картка «Талакі» — гэта фальклорна-этнаграфічная дзейнасць. Чаго вартыя толькі экспедыцыі на Брагіншчыну ў забруджаныя радыяцыяй вёскі!

— На Купаллі ў гэтым годзе было больш за 70 чалавек. Мы ўжо пачалі паміж сабой жартаваць, што наступны раз патрэбна рыхтаваць купальскую паркоўку і дзіцячы садок. Такое сямейнае Купале выйшла, — хваліцца Яўген.

У Сяргея Дубаўца, якога, гомельскія талакоўцы лічаць сваім родным бацькам, ёсць лекцыя «Жыццё ў спыненым часе». Вядомы журналіст лічыць, што грамадства застыла ў 1980-х гадах, калі такія арганізацыі як «Талака» з’явіліся адразу ў некалькіх гарадах. Ці ўдалося пераўзысці сённяшнім талакоўцам сваіх папярэднікаў? На заканчэнне задаю гэта пытанне Яўгену Мерскісу.

— Сучасная гісторыя ставіць перад адраджэнскімі арганізацыямі заўжды адны і тыя ж мэты: адукоўваць людзей, папулярызаваць іх жа родную культуру і мову. Калі ў 80-я гады быў ціск з боку камуністычнай улады, то зараз ціск з боку афіцыйнай улады Рэспублікі Беларусь. Так што пэўныя дасягненні ў таго першага пакалення адраджэнцаў усё-ткі ёсць, — кажа Яўген і дадае — На 25 год арганізацыі прыйшло 60 былых талакоўцаў.  І не было такога: «Вось, «Талака» ўжо не тая!» Яны заўжды казалі: «Вы іншыя. Але гэта «Талака».

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *