27.09.2013

Калі ў вас заваляліся старыя кросны, маслабойка ці, скажам, ганчарны круг — не спяшайцеся аддаць іх у музей! Магчыма, вашыя дзеці калі-небудзь выпадкова іх знойдуць і стануць гуру ў традыцыйных рамёствах — так, як гэта адбылося з нашымі чарговымі героямі. Разбіваючы гендэрныя стэрэатыпы, экспедыцыя Арт Сядзібы «Зробім лепш!» адшукала двух маладых сімпатычных (і нежанатых!) майстроў па ткацтве.
calka-markevich_tumb

«Калі ёсць вольны час, чаму і не паткаць?»

З 22-гадовым Яўгенам Маркевічам мы сустрэліся ў Лідскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры. Калісьці хлопец выпадкова зайшоў сюды, пабачыў ткацкі станок і прапанаваў заправіць яго ніткамі. Супрацоўнікам гэта спадабалася. Цяпер Яўген — адзін з двух майстроў па ткацтве. Другая майстрыца — ягоная вучаніца. Разам па фатаграфіях, кавалках тканіны яны аднаўляюць рэгіянальныя строі.

«Мяне заўсёды цягнула да бабулінага калаўрота. А мне яго не давалі, каб не сапсаваў! Я шукаў таго, хто расказаў бы, як працуе станок. Чытаў энцыклапедыі: там так зачаравана напісана! Калі не пабачыш, не зразумееш. Карацей, неяк справіўся і выткаў свой першы ручнік. Праўда, атрымаўся ён страшны. Нават не ведаю, дзе ён цяпер. Мабыць, у бабулі ў шафе», — узгадвае Яўген.

Вучань лідскай сярэдняй школы № 4 Жэня Маркевіч на канікулах ганяў не футбольны мяч ці танкі ў прыстаўку, а чоўнік па аснове будучага палатна. Браў на гарышчы бабулінай хаты лён, верацяно, калаўрот, сам праў і бяліў ніткі. За тыдзень ён паспяваў выткаць тры ручнікі і дзяругу. Нават за пяць дзён: дзень на падрыхтоўку станка, у нядзелю Яўген стараецца не працаваць. Цяпер за дзве гадзіны ён можа саткаць два метры палатна, а за пяць — ручнік з узорам.

artsiadziba_12_markevich

artsiadziba_04_markevich

artsiadziba_07_markevich

artsiadziba_05_markevich

Сваім захапленнем хлопец займаўся насуперак волі бацькоў. Яны баяліся, што ткацтва дрэнна адаб’ецца на вучобе ў школе.

«Бабуля таксама была супраць, — кажа Яўген. — Яна не хацела нічога мне паказваць. Яна крычала, што гэта не патрэбна, што ніхто ўжо гэтым не займаецца, што спаліць станок. Было шмат працы ў хаце — трэба было дапамагаць. Я дапамагу і не адпачываю, а сядаю за кросны. Яна ведала, што гэта вельмі цяжка: іх калісьці прымушалі ткаць сабе пасаг. Кросны ніколі не пуставалі: яна ўставала, адразу сядала сястра. Калі гэта не нядзеля і не свята, у хаце заўжды быў стук кроснаў».

Ад бабулі Яўген наслухаўся і іншых гісторый пра ткацтва. Напрыклад, калі быў калгас, ткаць забаранялі, каб не кралі льну. Пад вокнамі хадзілі слухалі, ці чуваць характэрны гук ад кроснаў.

«Калі я бачу настольнік, мне хочацца яго паўтарыць. Мая прабабуля магла такое саткаць. Чаму я не магу? Я сядаю, разбіраю схему, гляджу, як нітка маталася, пытаюся, калі магу ў каго спытацца, хто памятае, і аднаўляю нешта падобнае. Гэта як разгадваць рэбусы ці крыжаванку», — тлумачыць Яўген.

artsiadziba_06-03_markevich

Агулам на рахунку ў маладога ткача больш за 200 ручнікоў. Гэта калі не лічыць дываноў, посцілак і палатна на касцюмы. Ягоны ручнік ёсць нават у Ватыкане. У 18 год Яўгена папрасіла выткаць яго сястра Таццяна з касцёла, калі адпраўлялі саркафаг з мошчамі святых мучаніц наваградскіх у Рым.

«У нас вельмі складана з ніткамі. Беларусь — краіна льну, а льну нідзе няма. Хіба, у Воршы. Але даехаць туды з Ліды цяжкавата. На замову з прыватнымі асобамі яны не працуюць. Каб хацеў заняцца ткацтвам — умоваў няма», — расказвае пра цяжкасці свайго занятку Яўген.

Цяпер ён вучыцца ў гродзенскім медуніверсітэце — улюбёным рамяством удаецца займацца, калі прыязджае дахаты ў Ліду.

«Для мяне медыцына — важная частка жыцця. Мне падабаецца дапамагаць людзям. Я заўсёды ўдзельнічаю ў валанцёрскіх каталіцкіх акцыях. А ткацтва — гэта хобі для душы. Калі ёсць вольны час і натхненне, чаму і не паткаць?»

artsiadziba_02_markevich

artsiadziba_10_markevich

artsiadziba_09_markevich

artsiadziba_11_markevich

З сабой у Гродна Яўген бярэ адну посцілку. Астатнія захоўвае дома: шкадуе і зберагае вынік руплівай працы.

«Добра, што ёсць прамысловасць. Выткаць сабе аддзенне — займала б вельмі шмат часу. Усю зіму жанчыны пралі, ткалі, каб зрабіць кашулю. І гэтага не хапала! — не хавае эмоцый Яўген. — Усё, што падралася, не выкідалі. Нават маленькага кавалка! Усё перашывалася, а калі было ўжо зусім дрэннае — гэта рэзалі і рабілі палавікі».

Вярнуць ткацтва ў тым аб’ёме, як было калісьці — нерэальна, лічыць наш герой. І ўсё ж ён прызнаўся, што думкі адкрыць уласную крамку з даматканымі рэчамі былі. Мода на «этна» вяртаецца, хоць сам Яўген вышыванак не носіць.

«Традыцыйная кашуля не вельмі зручная: яна мешкаватая. Над мадэлямі трэба падумаць. Але цяпер увесь час займае вучоба — перадапошні пяты курс. Пакуль так расставіў прыярытэты».

artsiadziba_chryscina-marczuk_tkaczy_9

«Калі ўбачыць у ткацтве космас, яно ніколі не стане банальным»

Шлях да рамяства ў 24-гадовага Пятра Цалкі ляжаў праз этнаграфічныя экспедыцыі. Пятро вучыўся на беларускім філфаку і часта збіраў фальклор у ваколіцах Гомеля. Хлопчыка з вёскі Сіманічы Лельчыцкага раёна вельмі здзіўлялі лекцыі па фалькларыстыцы: усё, пра што там расказвалі, Пятро чуў з дзяцінства. Ягонае знаёмства з ткацтвам цягне на сцэнар фантастычнага блакбастэра пра тое, як адзін чалавек можа змяняць свет:

«Быў Дзень музеяў. Мне сказалі, што ў Веткаўскім музеі ўваход халяўны. Спрацавала проста халява. Я даўно марыў туды трапіць, але ўсё ж такі студэнт — кожную капейку лічыш. Мае сябры ўжо ведалі, што я павернуты на гэтым усім — мы селі на машыну і паехалі», — узгадвае Пятро.

У Веткаўскім музеі экспазіцыя з традыцыйнымі ручнікамі і вопраткай — гэта не проста аднаўленне вясковага інтэр’еру. У значэннях арнаментаў пабудаваны цэлы Сусвет.

«Карацей, тады я проста згубіўся ў залі з ткацтвам», — працягвае хлопец.

artsiadziba_07-12_calka_muzej

Пасля Пятрова прыгода з гэтым рамяством развівалася досыць імкліва.

«Аказалася, што ў сястры маёй бабулі на гарышчы ляжыць ткацкі станок! Я зразумеў, што гэта мой шанец!» — кажа Пятро.

У студэнцкім інтэрнаце ён прапанаваў выхавацельцы ўсталяваць кросны і вывучаць ткацтва. Але з часам забыўся пра сваю ідэю. Неяк яна сама пагрукалася да яго: «Слухай, мы тут з Рыгораўнай вырашылі, што даем табе пакой — арганізуй там музейчык». Пятру выдзялілі асобнае памяшканне — адзін з ізалятараў (калі студэнт захварэў і каб усіх не заразіў, яго змяшчаюць туды).

«Тут ужо адно адному дапамагала. Аказваецца, быў дзядзька з маёй вёскі, які жыў у Гомелі. Ён за „дзякуй“ мне ўсё завёз. Па кніжцы, метадам „тыка“ ўпершыню сабраў станок», — расказвае Пятро.

artsiadziba_chryscina-marczuk_tkaczy_10

Зайздрошчу жыхарам таго інтэрната, бо штовечар ў сваім двары маглі бачыць цэлае шоў! Пакой быў на першым паверсе, вокны без фіранак, усюды вісяць саламяныя павучкі — і за кроснамі сядзіць хлопец.

«Аказалася, усе хадзілі глядзелі, а пасля некаторыя заходзілі і запытвалі, чым я тут займаюся. Гэта мяне і падкупіла. Сапраўды для людзей, нават для вясковых, гэта была дзіковінка. Я ўжо маўчу пра гарадскіх», — гаворыць Пятро.

Ён вучыўся на чацвёртым курсе і дзякуючы свайму захапленню ўжо тады знайшоў працу. Дакладней, праца знайшла яго.

«У адзін з цёплых дзён мне тэлефануюць з Веткаўскага музея і кажуць: „Я іду ў дэкрэт — нам патрэбны ткач. Мы чулі, што Вы тчэце“. Я нават марыць не марыў — працаваць у Веткаўскім музеі! На той час я ўжо прачытаў „Арнаменты Падняпроўя“, артыкулы Галіны Рыгораўны Нячаевай — для мяне гэта былі нябёсы! І я такі: „Так-так-так! Канешне! Калі трэба выйсці на працу?“», — прыгадвае хлопец.

artsiadziba_chryscina-marczuk_tkaczy_5

На наступны дзень Пятро адчыніў дзверы дырэктаркі Веткаўскага музея Галіны Нячаевай для суразмовы, а ўжо ў верасні ён пачаў працаваць майстром па ткацтве на 0,25 стаўкі. Цяпер Пятро Цалка — загадчык філіялу ў Гомелі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.

«У музеі мала зарабляюць, у музейшчыкаў невысокі статус у грамадстве — гэта ўсё я лічу перажыткамі. Я прыходжу з працы не ў 18 гадзін, а ў 20 і адчуваю сябе найшчаслівейшым у свеце. Калі ты бачыш чалавека, які проста выбухае пасля выставы ці экскурсіі!.. Ты можаш чалавеку дарыць такую асалоду!», — шчыра прызнаецца Пятро.

Больш за ўсё ён любіць займацца тым, што працуе на папулярызацыю традыцыйнай культуры. «У музеях вельмі часта «захаваць» становіцца сінонімам «пахаваць», — лічыць ён і актыўна праводзіць экскурсіі і майстар-класы. 23 верасня ў Гомелі Пятро арганізаваў фестываль ткацтва «Кросенцы». Цяпер спрабуе наладзіць выраб саколак і торбаў з арнаментамі.

«Больш за ўсё я люблю працаваць з дзецьмі. Гэта самая ўдзячная аўдыторыя. Калі яны ведаюць пра арнамент: гэта „вядзьмедзь“, тут „верабейкі паляцелі“, „козлікі паскакалі“, гэта „сляпы верабейка“, а гэта „глухі“ — яны будуюць сістэму і цэлы мікракосм для сябе. Тады ткацтва не стане нечым банальным. Яны будуць бачыць у гэтым цэлы твор», — гаворыць Пятро пра свае заняткі.

artsiadziba_chryscina-marczuk_tkaczy_13

У Пятра вучацца не толькі малыя, але і дарослыя. Часам на ягоныя майстар-класы прыязджаюць ажно за тысячу кіламетраў.

«Я люблю выкладаць здымкі ў сацыяльных сетках. Аднойчы са мной у „Аднакласніках“ звязаліся дзве жанчыны: адна з Самары, другая з Краснадара. Мне часам мясцовыя кажуць: „Ой, каб я магла! Мне ж трэба да вас з Валатавы ехаць!“ Што тут ехаць? 15 хвілін на аўтобусе. А тут жанчыны, у якіх ёсць свае сем’і, прыехалі ў Гомель і тыдзень вывучалі тэхналогіі і выкладанне ткацтва», — распавядае Пятро.

Ён старанна захоўвае свой першы вытканы кавалак тканіны. Для яго гэта сямейная рэліквія і навучальны матэрыял:

«Гэта вельмі важная рэч. Там шмат колераў, нітак і тэхнік. Напрыклад, там я паспрабаваў выткаць кавалак рушніка, які быў пасагам маёй маці. На працы я яго паказваю, калі мае вучні губляюць цярпенне. Дастаю той кавалак — касы, крывы — і кажу: «Гэта маё першае ткацтва».

artsiadziba_11-06_calka_muzej

Як і ў нашага папярэдняга героя Яўгена Маркевіча з Ліды, родным Пятра таксама не спадабалася захапленне ткацтвам:

«Маці мне адразу сказала: „Табе што няма што рабіць?“ Сястра да гэтага часу лічыць, што я займаюся не зразумела чым. Бабуля Валянціна толькі была вельмі рада: мы з ёй былі блізкія людзі. У сваёй вёсцы я спрабаваў абрады ладзіць, але не знайшоў падтрымкі. А так, можа, і вярнуўся б».

Затое на шырокую аўдыторыю хлопец за кроснамі робіць фурор. Хоць мужчына-ткач не такая ўжо і экзотыка. Усе ведаюць, што, напрыклад, Слуцкія паясы на мануфактуры ткалі мужчыны.

«Моладзь гэта ўспрымае як нешта нестандартнае. Усё незвычайнае або адмаўляюць, або ўзвышаюць. У дадзеным выпадку гэта спрацавала на ўзвышэнне», — дадае Пятро.

Ён акружыў сябе даматканымі рэчамі не толькі на працы, але і ў кватэры. Абрус на працоўным стале — з экспедыцыі ў Буда-Кашалёўскі раён. Абраз у чырвоным куце падарылі сябры за тое, што наладзіў ім ткацкі станок.

artsiadziba_chryscina-marczuk_tkaczy_1

artsiadziba_chryscina-marczuk_tkaczy_3

«Я не адношу сябе да практыкуючых хрысціян, але мне прыемна, што чырвоны кут у мяне ёсць», — шчыра дзеліцца Пятро.

hr-p

Ці можа быць традыцыйнае рамяство добрым бізнэсам? Пятро расказвае, што сам ужо не спраўляецца з замовамі — саткаць кашулю, пояс, ручнік. Ён марыць адрадзіць традыцыю з вёскі Неглюбка і сабраць сваіх вучняў у адну каманду: «Я сам ніколі не сяду ткаць з дрэнным настроем. Таму для мяне важна, каб гэта былі апантаныя і пазітыўныя людзі».

Система Orphus