03.10.2013

Чарговая экспедыцыя «Зробім лепш!» выправілася ў Віцебск, каб даведацца, што з сябе ўяўляе культурная пляцоўка VITEBSK4ME, якую мясцовыя часам называюць «віцебскай „Арт Сядзібай“».Паблукаўшы трошкі па цэнтральных вуліцах Віцебску, з атмасферай часоў Шагала і адчуваннем творчасці ў паветры, мы такі знайшлі стары будынак, у падвале якога месціцца офіс мясцовага канцэртага агенцтва. Месца не надта прэзентабельнае, але ўсе ўжо звыкліся з тым, што наша культура вымушана існаваць у не самых лепшых умовах.

Ініцыятыва VITEBSK4ME паўстала яшчэ ў 2008 годзе. Асноўныя старажылы пляцоўкі і яе заснавальнікі — Віталь Броўка і Раман Воранаў. Як кажа Уладзімір Булаўскі, Віталь Броўка — яскравы ініцыятар праекту. Разам з Раманам яны вызначаюць ідэалогію тусоўкі, займаюцца фармальнымі справамі.

Каля дзвярэй офіса безліч плакатаў, афіш з падзей, якія арганізоўваліся ў Віцебску пляцоўкай. Іх колькасць уражвае.

— Ды гэта яшчэ малая частка з таго, што мы рабілі, — кажа Уладзімір.

— Тады акрэслі, чым вы займаецеся.

— Ну як чым? Культурай і займаемся. Арганізоўваем лекцыі, семінары, навучальныя курсы, сустрэчы розныя, канцэрты, фэсты, выставы рознага кшталту, экскурсіі.

— Набор добры.

— Культура паўсюль.

artsiadziba_vitebsk4me-15

— А як ты сам трапіў сюды?

— Я ў культурніцкай дзейнасці з 12 год. Быў перапынак, калі паступаў і вучыўся ў Мінску. Тады прыязджаў у Віцебск толькі адпачываць, але пасля вярнуўся і пачаў далучацца да ўсіх гэтых культурніцкіх падзей. Віцебск гэта вельмі кампактнае месца. І калі ты не далучаешся да нейкай дзейнасці, ты ўсё роўна ў гэтай тусоўцы.

— І ты займаўся толькі VITEBSK4ME?

— Неее, якое там. VITEBSK4ME — гэта не праца, а лад жыцця. Пасля Мінску я працаваў ахоўнікам у краме. Паспеў за сваё жыццё яшчэ настаўнікам папрацаваць і кухарам. Калі звольніўся з працы ахоўніка, пачаў заходзіць да VITEBSK4ME. Пляцоўка была выспай культурніцкай ініцыятывы.

artsiadziba_vitebsk4me-7

artsiadziba_vitebsk4me-9

artsiadziba_vitebsk4me-5

— Падабалася тут тусавацца?

— Ну канешне. Тут я займаўся гістарычнай і краязнаўчай справай. Ну і канцэрты арганізоўваў. Бо так атрымлівалася, што большасць на той час вядомых музыкаў былі або мае асабістыя сябры, або мы былі нейкім чынам павязаныя.

— А зараз касцяк пляцоўкі складае якая колькасць людзей?

— Нас шэсць чалавек, але ў любы час мы можам сабраць каманду для арганізацыі канцэрта ці іншай падзеі ў колькасці 50 чалавек: тэхнічная дапамога, журналісты, фатографы, кіроўцы нават.

artsiadziba_vitebsk4me-voranau

У гэты момант на офіс завітвае Раман Воранаў. Блакітнавокі, даволі стрыманы, прыемны чалавек. Адразу адчуваецца, што за словамі ён сочыць.

hr-p

— Мне казалі, што вы настолькі крутыя, што з цяжкасцю прымаеце новых людзей ў свае шэрагі. Такая вось «манаполія» на культуру.

— Хто вам такое сказаў? — пытаецца Раман. — Глупства якое. Мы заўсёды кажам новым людзям, якія завітваюць да нас, каб яны прыходзілі з новым ідэямі, не баяліся нешта прапаноўваць, але адразу папярэджваем, што рабіць за іх мы нічога не будзем. Усё залежыць ад іх ініцыятывы.

artsiadziba_vitebsk4me-11

Вельмі часта ідэі сканчваюцца на этапе іх агучвання. Яшчэ адной праблемай культурнай пляцоўкі ў свой час быў недахоп журналістаў і відэааператараў. Пытанне вырашылі проста: узялі і арганізавалі курсы. Філасофія простая: калі чагосьці не маеш, вазьмі і зрабі сам.

hr-p

— VITEBSK4ME заўсёды шукае людзей, людзі пытаюцца ці ёсць у нас праца. А ў нас яе няма. Мы не сядзім на офісе з 8 да 17, мы не можам сказаць, каб ты выконваў тое і тое.  Кожны, хто прыходзіць, стварае сваю нішу і ўжо далей займаецца ёй.

— Уладзімір, вы, як мэнэджэр VITEBSK4ME, адкажыце, ці цяжка ўвогуле ў межах Віцебску заахвоціць людзей да наведвання падзей?

— Ну на звычайную нудзяціну ніхто хадзіць не будзе. Я пачаў рабіць не проста падзеі. Трэба прымушаць людзей праз канцэптуальныя штукі думаць. Гэта вымагае вялікіх высілкаў: рухацца, ствараць, камунікаваць, насуперак жаданню  валяцца на канапе і нічога не рабіць. У 2012 годзе мы распачалі серыю канцэртаў каляакустычнай музыкі, на якія мы запрашаем паэтаў, ладзім фотавыставы ці мастацкія выставы. І гэта збірае аўдыторыю.

artsiadziba_vitebsk4me-17

Офіс, у якім знаходзіцца VITEBSK4ME, неаднаразова падтапляла, кожны раз пасля такіх «падарункаў» арганізатары мусяць рабіць рамонт. І ўсё ўласнымі рукамі. Вось і напярэдадні нашага прыезду офіс ізноў падтапіла. Напэўна, арганізатараў гэта ўжо задзяўбала, і яны задумалі абараніць памяшканне ад залеваў і змяніць яго фармат, пашырыўшы прастору дзейнасці.

hr-p

— Я тут планую адчыняць кнігарню «БУ». Паколькі я Булаўскі, то гэта даволі сімвалічна.

— Як ідэя такая прыйшла?

— Быў навучальны візіт ва Украіну. Сябар і добры каньяк.

— А іншыя ідэі творчых праектаў і ідэй такім жа чынам прыходзяць?

— Ну як сказаць… У Віцебску вельмі мала месцаў, дзе можна свабодна сустракацца і камунікаваць, размаўляць і, напрыклад, піць каву. Людзі да нас прыходзяць, пытаюцца: «А шо ў вас новага?». Што зрабіць, калі, часам, пад бляшанку піва выдатна прыдумваюцца розныя ідэі для будучых выстаў ці праектаў.

— Вось вы столькі ўсяго ладзіце не толькі самі, але і разам з афіцыйнымі ўстановамі. У вас там свае падвязкі?

— Ды мы проста гарадская мафія! (смяецца). У нас паўсюль ёсць свае людзі. Толькі гэта вы нікому не кажыце.

artsiadziba_vitebsk4me-18

— Вы лічыце VITEBSK4ME папулярнай пляцоўкай?

— Калі вы з Мінску прыехалі пра нас пісаць, значыць, мы дакладна папулярныя. Усе падзеі абмяжоўваюцца Мінскам, ну колькі можна гэта цярпець. Хай Мінск пра нас ведае, а не мы пра яго. Пра нас ведае практычна ўся прасунутая моладзь, мы робім сапраўды шмат для гэтага горада. Нам прасцей ў тым, што горад маленькі, настолькі маленькі, што практычна ўсе з актыўнай моладзі адзін аднаго ведаюць. Віцебск — гэта вельмі творчы горад. Калі Мінск — адміністратыўны цэнтр, то Віцебск — цэнтр вольны. Яшчэ з часоў Шагала і яго кампаніі тут выраблялася невядома што. І ўвогуле, вельмі шмат вядомых мастакоў праходзіла праз віцебскую мастацкую школу. Так, ёсць у нас уласцівасць задзіраць нос, але нам можна.

artsiadziba_vitebsk4me-3

Сярод іншых падзей, правядзенне якіх дае права VITEBSK4ME задзіраць нос, можна ўзгадаць конкурсны фестываль альтэрнатыўнай музыкі «NoLogo Fest», свята вулічнага мастацтва «Гравітацыя», серыя «V4M Open Lectures», школа новых медыя «Public Republic» і праект «Аўтарскія экскурсіі». Да іх прыязджае вялікая колькасць беларускіх пісьменнікаў ды паэтаў, адзін Віктар Марціновіч чаго варты.

hr-p

— Прыязджалі з 34mag.net, якія рабілі свае прэзентацыі, навезлі дыскаў, дагэтуль не ведаем куды іх дзець.  Мы зацікаўленыя ў тым, каб людзі не жылі чымсьці адным. Мы заўсёды зацікаўленыя ў тым, каб да нас прыязджалі. Мы забяспечым і месцам, і аўдыторыяй. Любая ініцыятыва, акрамя экстрэмізму нейкага, знойдзе нашу падтрымку. Мы падтрымаем, дапаможам і па-магчымасці забяспечым усім патрэбным.

— А аўдыторыя ў вас тут якая?

— Хіпстараў канечне і сваіх хапае, але гэта не абсалютная большасць. Пераважна гэта адукаваная моладзь.

artsiadziba_vitebsk4me-bulauski

— Справы ў вас ідуць добра, канцэрты арганізоўваюцца, людзей можаце сабраць больш, чым шэраговая Мінская імпрэза. Вы не думалі спалучыць прыемнае з карысным і заняцца камерцыяй?

— У нас ніколі не стаяла на першым месцы камерцыялізацыя нашых праектаў. Гэта канечне добра, бо кушаць хочацца. Але не першасна. Калі ты пачынаеш займацца камерцыяй, ты пазбаўляеш даступнасці тое, што ты робіш. Гэта губляе сваю інтэлектуальную афарбоўку.

Система Orphus