14.05.2014

Над чым зараз працуюць рок-каралі і рок-князёўны краіны? Чым жыве беларуская рок-музыка сёння? У пошуках адказаў на гэтыя пытанні «Арт Сядзіба» завітала ў госці да гурта «Зьмяя», каб даведацца, чым ён займаецца на сённяшні дзень.

Лідар гурта «Зьмяя», уладальніца тытула «Рок-князёўна Беларусі» 2011 году Зоя Сахончык падчас прэзентацыі новага сінглу «Вясна» на пляцоўцы клуба «Гудвін» распавяла пра новую песню, апошні кліп і будучыя планы гурта.

«Арт Сядзіба»: Распавядзіце пра новы сінгл «Вясна», чым ён адрозніваецца ад таго, што вы рабілі раней?

Зоя Сахончык: У жыцці кожнага чалавека адбываюцца прарывы на эмацыйным і фізічным фоне. Характэрнай парой для такіх прарываў з’яўляецца вясна. Наш новы сінгл пра асабістую вясну кожнага чалавека, пра яго адраджэнне і ўздым, пра пачатак яго актыўнага жыцця. Песня пра тое, чаго так бракуе сучасным людзям — сапраўднага адчування прыходу вясны ўнутры сябе. Многія людзі замыкаюцца, цалкам сыходзяць ў свае праблемы, жывуць гэтымі праблемамі і лічаць гэта прымальным. Гэта зусім непрымальна. Трэба прарываць сцены ўнутры сябе, трэба ісці скрозь іх, трэба ствараць патрэбную атмасферу. Песня «Вясна» менавіта пра той стан, калі чалавек вось-вось пераступіць гэтыя парогі замкнутасці і будзе дыхаць па-новаму.

«Арт Сядзіба»: А чым для вас з’яўляецца такая пара года, як вясна? Чаму вы не напісалі такую песню, напрыклад, летам? Можа гэтая пара года неяк асабліва ўплывае на працэс стварэння вашай творчасці?

Зоя Сахончык: Вясна — гэта абуджэнне як прыроды, так і чалавека. Гэта ўздымы, якія надаюць стымул ствараць нешта новае. Па-за штодзённымі клопатамі і працай, якія насамрэч існуюць у кожнага, трэба заўважаць прыгажосць, якая адбываецца навокал. Прыгажосць, якой з’яўляецца вясна. Для нас вясна — гэта наша музыка.

«Арт Сядзіба»: Летась вы прэзентавалі кліп на песню «На нітачцы», які многія музычныя эксперты назвалі правакацыйным. Распавядзіце пра здымкі гэтага кліпа.

Зоя Сахончык: Адкрыю сакрэт, што дзяўчат там было зусім мала, проста трэба ўмець здымаць у патрэбным ракурсе і тады гледачам можа падацца, што людзей там было даволі шмат. Як удалося арандаваць? Проста ёсць людзі, якім падабаюцца маладыя погляды, нестандартныя думкі і альтэрнатыўныя рашэнні. Не ўсё ж ідзе па сістэме. Ёсць людзі, якія глядзяць на мастацтва інакш, ім гэтага падабаецца, а мы проста добра скарысталіся гэтым. Мы знайшлі людзей, якім падабаецца нешта новае і цікавае, і знялі гэты кліп.

Уладзімір Сахончык: Гэта быў прадукт сумеснага ўзаемадзеяння. Узаемавыгадная ўмова з уладальнікамі пляцоўкі.

Да дыялогу далучыўся барабаншчык групы Андрэй Ліхашорстаў.

«Арт Сядзіба»: Андрэй, чаму ў кліпе вас зусім не відаць?

Андрэй Ліхашорстаў: Кліп «На нітачцы» я праспаў цалкам, хоць там было што паглядзець, вы самі ўсё цудоўна ведаеце. Але я спаў. Я спаў, таму што я пасля працы быў. Мы здымалі ўначы, а здымкі доўжыліся да 6-ай гадзіны раніцы. Мне вельмі хацелася спаць. У самім кліпе мяне вельмі мала, практычна няма, таму што я спаў. Што тут тлумачыць?

«Арт Сядзіба»: Зоя, вы выконваеце свае песні на дзвюх мовах, маеце тытул «Рок-князёўны Беларусі». Было б натуральна, калі б вы выконвалі песні на беларускай мове. Але ў вашым выпадку гэта не так: пасля беларускамоўнага «адрыву» некалькі гадоў таму, у вас пачала з’яўляцца амаль цалкам рускамоўная творчасць. Якой мове вы больш сімпатызуеце? На якой мове прасцей перадаваць нейкія пачуцці і сэнс?

Зоя Сахончык: Гэта складаная тэма. Мне вельмі падабаюцца песні на беларускай мове, але мы вырашылі, што рускамоўных песень будзе больш за беларускамоўных. Гэта не нейкая канфліктная сітуацыя ў групе. Гэта рашэнне большасці сярод нас. Вядома, што мы пішам песні і на беларускай мове.

zm99_002

«Арт Сядзіба»: А вось ёсць такія меркаванні, што гуртам, якія выконваюць песні на беларускай мове, значна прасцей прабіцца і знайсці свайго слухача ў нашай краіне. Вы, кіруючыся вашым досведам, згодны з такой думкай? Што вы можаце сказаць пра мову вашай аўдыторыі? На колькі за перыяд вашай дзейнасці змяніліся аматары вашай творчасці? Чым адрозніваецца сучасны слухач ад слухача 2000-ых?

Зоя Сахончык: Так, я згодна. Музыкі, якія выконваюць песні на беларускай мове, па змаўчанні маюць сярод прыхільнікаў нашу беларускую патрыятычную моладзь, многія з якіх вельмі любяць усё беларускае. Больш таго, ёсць цудоўныя гурты, якія спяваюць па-беларуску. Маё пакаленне вырасла на такіх рок-каралях, як Neuro Dubel, N.R.M., Крама. Яшчэ мне падабалася Кася Камоцкая. Гэтыя музыкі, якія паслужылі ў свой час прарывам і за якімі ўсе пайшлі, сказалі, што ў Беларусі таксама ёсць рок. Беларуская моладзь набудзе квіток і пойдзе на канцэрт беларускамоўнага гурта хаця б з-за таго, што песні будуць на беларускай мове. Так, такое ёсць. Калі ў нас усё было на беларускай мове, у нас была досыць разнамасная публіка, у якую ўваходзілі людзі, якім мы падабаемся, выпадковыя слухачы і людзі, якія ходзяць выключна на ўсё беларускамоўнае. Зараз сітуацыя трохі змянілася. Нашы слухачы пасталелі, але маладыя і новыя слухачы таксама з’яўляюцца і гэта вельмі прыемна. Я лічу, што чым маладзей слухач, тым запатрабаваней і маладзей гурт.

«Арт Сядзіба»: Палітычныя падзеі ў краінах СНД ствараюць «модную» тэндэнцыю выказванняў у падтрымку таго ці іншага боку і напісання палітычных песень. Як вы ставіцеся да палітычнай музыкі? Ці былі ў вас такія песні?

Зоя Сахончык: Я такім не займаюся, я нічога не прапагандую. Не, я не баюся кагосьці, я проста не займаюся гэтым прынцыпова. Музыка ў якасці зброі ў вызначаных руках можа вельмі моцна ўплываць на патрэбную аўдыторыю, а патрэбная аўдыторыя — гэта, звычайна, моладзь пэўнага ўзросту, у якіх адсутнічае інстынкт самазахавання, пачуццё страху. У такім разе «рок-зброя» вельмі выгодная, бо яна яшчэ і бясплатная ў такім выпадку. Калі ў артыста ёсць такая шыза, калі яго можна ўцягнуць у гэтую справу і сказаць як і што, то ён пойдзе і распавядзе гэта іншым. І яго будуць слухаць! Таму гэта вельмі дзейсная зброя. Я маю нейкія свае погляды, але я займаюся толькі творчасцю. Можа быць і мяне калісьці наведае такая шыза. Я збяру сваіх прыхільнікаў і пайду кагосьці біць. Я не спрачаюся. Але мы не можам сцвярджаць нейкія факты ў будучым часе. Сёння гэтага няма. І калі я буду гэта рабіць, то я буду ведаць, што я раблю, чым рызыкую і на што іду. І калі мяне забароняць, то я таксама буду ведаць за што.

zm99_003

«Арт Сядзіба»: З чым звязаны змены ў назве групы?

Зоя Сахончык: Так, пэўны час таму былі некаторыя змены. Першапачаткова мы называліся «Зьмяя», потым ZM99 (З — «Зьмяя», М — Мінск, 99 — 1999 год), потым мы зноў вярнуліся да першапачатковай назвы. Калі мы змянялі назву на ZM99, тады мы выразна вырашылі змяніць сваё гучанне, быць прасцей у словах.

Уладзімір Сахончык: Больш таго, практыка паказала, што абрэвіятуру ZM99 ніхто не запамінае. А «Зьмяя» запамінаецца адразу. Нават калі мы былі ZM99, нас усё роўна называлі «Зьмяёй». Таму мы вырашылі, што ня трэба мучаць людзей і перакручваць ім язык, і вярнулі першапачатковы варыянт. Няхай нас любяць такімі, якія мы ёсць.

«Арт Сядзіба»: Акрамя такіх тэхнічных змен, якія яшчэ змены вас закранулі? Якія цяжкасці былі на шляху гурта, салістка якога з’яўляецца рок-князёўнай краіны?

Зоя Сахончык: Самыя складаныя часы былі тады, калі з’явілася сям’я і пэўныя абавязкі. Гэта для мяне асабіста. Складаныя моманты былі і тады, калі мы аднаўляліся пасля перапынку. Я проста не такая мама, якая можа кінуць дзіця на бабулю і дзядулю ды займацца далей сваёй музыкай. Я проста не магу пераступіць праз сябе. Таму вось гэты перыяд рэабілітацыі, стабілізацыі і першыя крокі па старым шляху былі цяжкімі. Былі такія моманты, калі з’яўляліся думкі, што творчы чалавек не павінен заводзіць сям’ю і дзяцей, але з іншага боку, гледзячы на сваё дзіця, я не змагу сказаць, што гатовая ахвяраваць ім дзеля музыкі ў Беларусі. У той Беларусі, дзе амаль кожны беларус не любіць беларускага. Відаць, што ў нас такая нацыянальная рыса, калі мы не ўспрымаем тое, што адбываецца ў нашай краіне, а бярэм прыклад з Расіі, з Украіны. Для таго, каб усведамляць рэчаіснасць, нашым людзям трэба, каб нехта яе пераварыў. Таму займацца вялікай сцэнай у Мінску, ахвяраваць сваім жыццём і жыццём блізкіх — гэта недарэчна. Таму ёсць так, як ёсць.

zm99_004

«Арт Сядзіба»: Якія далейшыя планы на творчасць?

Зоя Сахончык: Пасля «Вясны» мы пачынаем займацца новым матэрыялам. Многія кажуць, што мы ніяк не можам вызначыцца з гучаннем і тэмамі. Але як жа вызначыцца, калі музыка проста ідзе як ідзе? Мы будзем намагацца неяк падвесці ўсё пад нейкі адзіны ўзровень. Мы, канешне, можам сказаць, што граем выключна для сябе, што нам ня трэба камерцыйная музыка. Але брэшуць усе, хто так кажа. Вельмі шмат маладых каманд кажуць аб тым, якія яны некамерцыйныя і як яны пішуць музыку для сябе. Пішаце для сябе, сябры? Чаго ж тады выступаеце, запісваеце інэрв’ю? Я выконваю для людзей. Я жадаю каб людзям гэта было цікава. Я жадаю ўлезці кожнаму ў душу і адчуць, што ён цяпер адчувае. І праспяваць для яго, каб ён устаў і сказаў: «Ой, дык гэта ж пра мяне!» Я маю сваю роль. Гэта творчасць, а не палітыка.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *