© hd-studio.com.ua
26.08.2013

Калі лета ўжо сыходзіць, і амаль усе крутыя фэсты блізкага замежжа прайшлі, кіпішыць усё ж  яшчэ ранавата. На такі выпадак ёсць крутая альтэрнатыва: трохдзённы музычны рай для аматараў новага і старога ўкраінскага року — фестываль «Захід», што ладзіцца пад Львовам. Патрапіць на «Захід» беларусам лёгка: ёсць танны і трэшовы маршрут Мінск — Брэст — Ковель — Львоў. З сабою намёт, спальнік і, нарэшце, тэрыторыя савецкай базы адпачынку «Сонечная паляна», дзе бушуе «Захід». Ён прымае па-ўкраінску шчодра і з еўрапейскім размахам.
Сёлета «Захід» праходзіў ужо ў пяты раз. На трох сцэнах арганізатары сабралі больш за сорак украінскіх гуртоў, сярод якіх былі «Воплі Відоплясова», «Бумбокс», «Скрябін», «Анна», «Фліт», «Кожаный Олень», «Карна», O’Torvald, «Роллікс». Таксама ў лайн-апе значыліся і замежныя гурты: Sdob si Sdub, Rocky Leon Noize MC, Аліна Арлова, «Адыс Абеба», а хэдлайнерамі, нягледзячы на стэрэатып пра заходнеўкраінскі нацыяналізм,  арганізатары абралі не «сваіх», а нашых «Ляпісаў».

artsiadziba_zachid-2013_38

Людзі пачалі з’язджацца на фестываль яшчэ за дзень да пачатку. На вакзале ў Львове кіроўцы маршрутак пужалі, што ў «Сонечную Паляну» ўжо прыехала каля дзесяці тысяч чалавек і там будзе не прабіцца. Дабраўшыся да «Західу» аб адзінаццатай вечара, месца для намёта мы знайшлі амаль адразу. У цемры паставілі яго на першае свабоднае месца, разлічваючы раніцай пераставіць намёт. А зранку зразумелі, што ўчора навобмацак знайшлі дужа файнае месца пад сцягамі розных краін, прадстаўнікі якіх з’ехаліся на «Захід», і па суседстве з добразычлівымі ўкраінцамі, што танчаць contemporary dance.

Уся фестывальная зона «Західу» была падзелена на тры сцэны: галоўная, малая і арт-сцэна. Дзейства на іх пачыналася з чатырох гадзін дня і доўжылася да гадзіны ночы. Душэўныя афтэпаці пад акустыку і выступы эксперыментальных тэатраў для тых, хто быў у стане трымацца пасля бурных шматгадзінных плясак і слэмаў на галоўнай сцэне, праходзілі на малой і арт-сцэне.

artsiadziba_zachid2013_1

Кожны дзень фэсту, як і належыць, пачынаюць маладыя ўкраінскія гурты, а завяршаюць хэдлайнеры. Разаграваць украінскую публіку не трэба: моладзь і так скача, што пыл на пясчаным танцполе ўздымаецца ў прамым сэнсе слупам. Людзі нацягваюць банданы на нос і слэмяцца далей, бо па-іншаму дыхаць немагчыма — туман з пылу засцілае ўсё навокал. Арганізатарам прыйшлося некалькі разоў паліваць са шланга танцпол, каб уціхаміріць гэту «стыхію».

artsiadziba_zachid-2013_40

artsiadziba_zachid-2013_3

artsiadziba_zachid-2013_2

На другі дзень фестывалю выступілі ашаламляльныя «Воплі Відоплясова», па-цёпламу рамантычны «Бумбокс», вечна малады і драйвовы Скрабін, які, дарэчы, святкаваў на сцэне «Західу» сваё саракапяцігоддзе.

Пасля выступаў крутых гуртоў на галоўнай сцэне нашыя «Адыс Абеба» ў палову на чацвёртую раніцы сабралі аншлаг на малой сцэне. У самыя халодныя гадзіны раніцы рэгімэны грэлі песнямі пра лета як маглі.

artsiadziba_zachid-2013_8

artsiadziba_zachid-2013_7

artsiadziba_zachid-2013_6

Хаця «Захід» і можна назваць шматнацыянальным фэстам, усё ж такі больш за 70% наведвальнікаў — украінцы. Паўсюль украінская гаворка, халерычны тэмперамент, безліч усмешак і бясконцая цікавасць і сімпатыя да беларусаў.

На фэсце беларусаў асацыявалі не з дранікамі і нават не з прэзідэнтам, а з Ляпісамі.

Размовы пра музыку на фэстах відавочна самыя папулярныя:

— Ведаеце штосьці з беларускай музыкі, Ляпісаў напрыклад? — пытаюся ў рабят з Роўна. — Канешне, хто ж вашых «Ляпісаў» не ведае, яны ў вас крутыя! А яшчэ «Без Білета» падабаецца!

Шчыра дзіўлюся, і мяне ахоплівае пачуццё патрыятызму, якое абвастраецца на «Західзе» амаль гэтак жа, як і на Плошчы.

Што датычыцца таго самага патрыятызму, то ў украінскай моладзі яго не займаць як у моўным пытанні, так і ў музыцы.

Паміж выступамі гуртоў вядоўцы бавяць час і аб’яўляюць конкурс, умова якога — паспаборнічаць, хто лепей праспявае любую песню літаральна на свой густ. З натоўпу выходзяць дзве дзяўчыны, адна з іх бярэ не «Бітлоў» ці рускі рок, а зацягвае песню ўкраінскага метал-гурта «АННА». Другая таксама спявае нешта з рэпертуару ўкраінскіх рок-гуртоў.

artsiadziba_zachid-2013_19

artsiadziba_zachid-2013_1

Пабыць на «Західзе» і не з’ездіць патусіць у Львоў — недазваляльная страта. Таму, зранку, калі музыкі «чэкаюцца», натоўпы сонных фестывальшчыкаў рушаць у бок прыпынку транспарту. Львоў такі — па расказах бывалых сяброў ніколі не прыгадаеш, якім ён апынецца насамрэч. Калі падбіраць эпітэты па тым, як Львоў уплывае на органы пачуццяў, то карціна ўспрымання будзе выглядаць так: ён ціхі, цёплы, бляклых колераў і пахне старой бібліятэкай.

artsiadziba_zachid2013_14

artsiadziba_zachid2013_12

Але абмежаванасць у часе не дазваляе надоўга застацца ва Львове. Трэба вяртацца ў «Сонечную Паляну», дзе фэст ужо набірае абароты.

Трэці дзень — самы насычаны хэдлайнерамі. Пакуль сонца не села, і можна валяцца на траве, што амаль усе і робяць. Выступае Аліна Арлова — безумоўна, «нефармат» фэсту: казка, гадзіна пяшчоты, рай для ўсіх закаханых.

artsiadziba_zachid-2013_12

artsiadziba_zachid-2013_13

artsiadziba_zachid2013_6

artsiadziba_zachid2013_2

Яшчэ адной фішкай фэсту стала прапанова рукі і сэрца наўпрост са сцэны. Маўляў, вяселле пад Верку Сярдзючку і каравай надта нуднае, а «Захід» — ідэальнае месца для вяселля, дзе ўсё неабходнае для добрага свята ёсць. Па абяцанні маладых, на «Західзе — 2014» усё так і адбудзецца.

3axid-2091

Апошнія гадзіны фэсту пачынаюць набіраць вар’ятныя абароты, таму, каб збегаць у намёт за фоцікам, грашыма і, зразумела, «падзарадзіцца» чымсьці памацней, застаецца пара хвілін паміж выступамі гуртоў. У намётавым гарадку п’ем украінскую гарэлку за тое, каб усе фестывалі былі такімі ж крутымі, як «Захід», закусваем для замацавання беларуска-ўкраінскага сяброўства прывезеным з Беларусі барадзінскім хлебам і падушачкамі «Віцьба». Украінскія рабяты ў захапленні ад нашага ласунку. Шкадуюць, што ў іх падушачкі нідзе не купіць. Скончваем імправізаваныя пасядзелкі і бяжым ізноў на танцпол. Там ужо пачынаюць граць «Sdob si Sdub». Плэйліст паўтарагадзіннага выступу ўспрымаецца як суцэльны спектакль, дзе толькі адзін пачатак і адна канцоўка, а песні нібыта выцякаюць наступная з папярэдней.

artsiadziba_zachid2013_7

Далей «Ляпісы» — апошнія і самыя доўгачаканыя. На той момант, па падліках арганізатараў, на галоўнай сцэне сабралася каля дванаццаці тысяч чалавек.

Адкуль ні вазьміся паўзнімалася безліч бел-чырвона-белых сцягоў, дагэтуль дзесьці сціпла прыхаваных у намётах. Пачынаецца дзікі слэм, паміж песнямі публіка складна скандуе за Міхалком яго прамову, быццам, адрэпетаваную і замацаваную практыкай падчас не аднаго канцэрта.

artsiadziba_zachid2013_8

artsiadziba_zachid2013_9

artsiadziba_zachid2013_10

На «Західзе» «Ляпісы» паўтары гадзіны скалыналі танцпол трэкамі з «Рабкору», «Вяселых карцінак», «Кульпрасвету» і «Маніфесту», выканалі таксама і новы сінгл «Танцуй» і выйшлі-такі на біс, выканаўшы свае эпахальныя «Грай» і «Священный огонь». Над змарнелай і шчаслівай пасля «Ляпісаў» і клічаў «Жыве Беларусь!» і «Слава Україні! Героям слава!» публікай заключным акордам выбухаюць дзясяткі залпаў феерверку.

artsiadziba_zachid-2013_31

Усё. Фармальны зэ энд. Але ніхто не разыходзіцца, усім хочацца працягу. Каля шапікаў з напоямі кучкуюцца кампаніі з гітарамі, ахоўнікі падтусоўваюць да моладзі, міліцыянты ў сваім коле п’юць піва.

Здаецца, «Захід» для ўсіх быў самым лепшым святам для душы, не важна, працаваў ты на ім ці адпачываў.

artsiadziba_zachid2013_3

Едзем назад ў сінявокую ў маршрутцы Львоў-Ковель. Ад ухабін на дарозе трасе так, што падскокваеш і б’ешся галавой аб столь.

artsiadziba_zachid2013_13

Вакол амаль пустэча, выпаленыя сонцам палі ­— аргазм гэтага лета. Падымаемся ўгору, і больш за ўсё хочацца, каб схіл не сканчаўся, бо за ім ужо подых восені, а лета застаецца ззаду. Мы яго праехалі, праляцелі, але добра, што не прасралі!

Фота HD studio.

Система Orphus