05.06.2013

Ёсць такія людзі ў нашым грамадстве, якім заўжды нешта свярбіць, якім трэба бегчы, здымаць, спяваць, мітынгаваць, нешта рабіць. Мы — такія ж. Калі восенню 2011-га года мы прыдумалі «Арт Сядзібу», то ў першую чаргу на гэта паўплывала вось гэтае «свярбенне», імкненне да самарэалізацыі. Канцэпцыя з’яўлялася паступова. Спачатку хацелася стварыць арганізацыю з офісам, дзе мы будзем часам праводзіць цікавыя сустрэчы. Офіс адразу пераўтварыўся ў «Арт Сядзібу», «Арт Сядзіба» ў культурную пляцоўку, а культурная — ў адкрытую. Потым — ужо і культавую. Толькі перад гэтым адкрытую пляцоўку зрабілі закрытай. Шмат адкрыццяў і закрыццяў, і да канца незразумелы падпольны статус. Уся гэтая гісторыя ў словах і здымках ёсць тут.

Здзіўляемся самі! Прайшло толькі паўтары гады, а столькі ўсяго адбылося. Колькі прайшло мерапрыемстваў, колькі было выпіта кавы, гарбаты ці ціхенька прынесеных напояў. Колькі сустрэч, знаёмстваў ды прэм’ер аб’яднала ў сабе «Арт Сядзіба»! Вось так хутка і Google ўжо пакінуў «Арт Сядзібу» ў сваім летапісе. Зараз гэты летапіс вось такі, складаецца з 22-х тысяч узгадак. Але ж свярбіць: дайце прастору, хочацца дыхаць без дапамогі.

Цяпер мы ствараем культурна-інфармацыйны рэсурс, пускаем ў інтэрнэт карабель «artsiadziba.by». Абмежаванасць рэальнай прасторы для дзеянняў прымушае пашыраць віртуальную, ёсць уласныя амбіцыі,  хочацца для свайго прадукту мець свой медыя-рэсурс.

Юра Сідун з generation.by на сваёй лекцыі ў Школе арт-журналіста трапна заўважыў: «Тэмаў хопіць усім». Таму мы верым, што зоймем сваё месца сярод іншых падобных рэсурсаў. Ды і ад пачатку «Арт Сядзіба» — гэта афлайнавая прастора, якая выцягвае людзей з анлайну. Таму мы іншыя ад пачатку, культавыя самыя па сабе.

Напрамкі, па якіх будзе рухацца artsiadziba.by, і тэмы, якія будуць асвятляць журналісты мы акрэслілі ў чатырох словах:

асобы — актыўныя і ініцыятыўныя людзі,

падзеі — рух, які ствараюць людзі,

месцы — кропкі, дзе адбываюцца падзеі,

з’явы — сувязі паміж асобамі, падзямі і месцамі.

Калі хочаце далучыцца — пішыце на artsiadziba@gmail.com. Прасторы хопіць усім!

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *