20.06.2013

У мінулыя выходныя я перажыў эмацыйную трагедыю, калі ўбачыў, што лагера «Вясёлка» больш няма. Месца, дзе прайшлі лепшыя гады дзяцінства, парасло бур’яном. Толькі там, стоячы каля паўразбуранай танпляцоўкі былога лагера «Вясёлка», я зразумеў, як шмат ён для мяне значыў.У маім жыцці было два лагеры: «Бярозка» каля Ліды і «Вясёлка» пад Мінскам, каля вадасховішча на рацэ Пціч. У лідскую «Бярозку» я ездзіў два разы. Пуцёўкі ў гэты лагер давалі ад будаўнічага трэста, дзе працаваў бацька. Знаходзіўся ён зусім блізка ад Ліды, а важатымі там былі звычайна студэнткі Лідскай педадагічнай вучэльні і настаўніцы школ.

А вось «Вясёлка» была зусім іншаю. У «Вясёлку» я ездзіў кожнае лета ад 4-га і да 9-га класа. Там мне, правінцыйнаму лідскаму хлопчыку было значна цікавей. Зараз я адчуваю, што гэты лагер у значнай ступені паўплываў і на маё станаўленне, на мае погляды.

Лагер «Вясёлка» належаў Беларускаму оптыка-механічнаму аб’яднанню, куды ўваходзяць Мінскі механічны завод імя Вавілава, лідскі завод «Оптык», вілейскі завод «Зеніт», рагачоўскі завод «Дыяпраектар» ды іншыя.

artsiadziba_pavel-belavus_viasiolka-uvahod

Я ездзіў туды ад мамінага завода «Оптык». Завод вялікі, таму атрымаць пуцёўку з абмежаванай колькасці ў гэты лагер было заўсёды складана, але мама кожны год яе выбівала.

З 10-ці лагерных атрадаў восем па ўзростах фарміраваліся з мінчукоў, а два былі зборныя: адзін лідскі і адзін рагачоўскі. Памятаю, што калі першы раз паехаў, то нас, лідскіх дзяцей, раскідалі па розных атрадах, але правінцыялы і сталічныя дзеці разам не прыжыліся, таму наступныя гады ў лідскіх і рагачоўскіх былі асобныя атрады з рознаўзроставымі дзецьмі. Наш быў заўсёды пад нумарам 3.

artsiadziba_pavel-belavus_viasiolka-4

Кожны год я з нецярплівасцю чакаў лагер, бо ведаў, што на адзін дзень нас павязуць у Мінск, дзе мы наведаем парк з каруселямі, пракоцяць на эскалатары ды адзін прыпынак у метро. Потым пакінуць на некалькі гадзін блукаць па Камароўцы паміж шматлікіх шапікаў з рознай дробяззю. На спецыяльна выдадзеныя бацькамі на гэты выезд грошы я набуду значак з імем Паша, папрыгунчык, лізун, рознакаляровыя маркеры, тэтрыс, арахіс у какосе, жуйкі і іншую шчаслівую дзіцячую дробязь.

artsiadziba_pavel-belavus_viasiolka-3

Кожнае лета я хацеў у «Вясёлку», бо ведаў, што там будзе рака Пціч, паход напрыканцы змены на шашлыкі ў лес, дзе кожнаму хопіць па аднаму кавалку гэтага шашлыка, а адбой будзе не ў 22.00, а значна пазней. Дзе кожны вечар мы будзем збірацца на дыскатэку на вялікім танцпляцы пасярод лагера і кожны вечар я буду сабе шукаць сярод дзяцей дзяўчынку, каб запрасіць на медляк, а знаходзячы, некалькі дзён вагацца і раіцца з сябрамі, як жа падысці і запрасіць.

Яшчэ «Вясёлка» мне падабалася важатымі, бо гэта былі студэнты ці маладыя выкладчыкі БДУ, якія для мяне, правінцыйнага хлопчыка з Ліды, адкрывалі новы свет. Асабліва запомніліся два важатыя.

Першы — Сцяпан Мікалаевіч Цемушаў, зараз выкладчык БДУ, кандыдат гістарычных навук. Ён не адзін год быў важатым менавіта нашага лідскага атрада. Заўсёды энергічны, фанат «ДДТ» і The Beatles, які не хадзіў, а бегаў.

4 гадзіны аўтобусам з Ліды да лагера мы заўжды гадалі: будзе Сцяпан Мікалаевіч ці не. Бо ведалі, што з ім будуць страшылкі пра белую сабачку «Смерць» і таксі на могілкі, якія я помню і зараз ды часам расказваю ў розных кампаніях. Будзе «Мафія», у якую мы гулялі кожны дзень у любы час, яшчэ 12 гадоў таму, калі яна не была такой вядомай. Будуць гульні «Што? Дзе? Калі?» і «Брэйн-рынг». Гэта ўсё ўпершыню было ў «Вясёлцы» са Сцяпанам Мікалаевічам.

Другі — Павел Свярдлоў, зараз журналіст Еўрарадыё, музычны крытык, раней выкладчык БДУ. Ён быў важатым на апошняй у маім жыцці змене ў «Вясёлцы» ў 2002-м годзе. Розніца ў мяне з Паўлам ва ўзросце толькі тры гады, але тады для мяне школьніка, які скончыў 9 класаў, студэнт першых курсаў БДУ Павел Свярдлоў адкрываў новы свет — беларускамоўнасць і беларукамоўную музыку. У яго выкананні пад гітару я першы раз пачуў песні гурта N.R.M. Выраз «О’кэй, тут усё о’кэй» стаў дывізам нашага 3-га атрада, а песні «Тры чарапахі» і «Паветраны шар» мы спявалі на лагерных канцэртах і па дарозе ў сталовую. З маленькага раздзяўбанага магнітафона кожны дзень у атрадзе гучаў альбом «Тры чарапахі», які мне тады падаваўся жудасным і надта цяжкім.

Калі я прыехаў з «Вясёлкі», то адразу пабег шукаць па Лідзе касеты N.R.M. І знайшоў. Так праз «Вясёлку», праз Свярдлова, праз N.R.M. у мяне пачала прачынаца беларускамоўнасць, новая нацыянальная свядомасць, нешта яшчэ.

А цяпер «Вясёлкі» няма. Адпачываючы на выходных на Пцічы, я зноў, праз 10 гадоў, прайшоў лясною сцежкаю, якая вяла ад лагера да ракі і не ўбачыў лагера. Лагера «Вясёлка» больш няма. Яго зачынілі назаўсёды ў 2004-м годзе. Ёсць толькі занядбаная тэрыторыя, разнакаляровы надпіс «Радуга», старыя і такія родныя будынкі атрадаў, сталоўка з шыльдаю «Харчевня трёх пескарей», астаткі танцпляца ды дрэвы, якія памятаюць мяне малым. Гэта ўсё ўжо і не належыць Мінскаму механічнаму заводу імя Вавілава, не належыць майму дзяцінству.

artsiadziba_pavel-belavus_viasiolka

artsiadziba_pavel-belavus_viasiolka-6

artsiadziba_pavel-belavus_viasiolka-7

artsiadziba_pavel-belavus_viasiolka-8

Сярод старых занядбаных лагерных будынкаў з’явілася некалькі новых. Хтосьці тут маруднымі тэмпамі будуе базу адпачынка, куды я ніколі не прыеду. Ніколі, бо не хачу бачыць разбураным ды іншым маё дзяцінства!

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *