24.05.2017

1 чэрвеня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (пляцоўка – пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё выставы «Акадэмія 100 плакатаў». Праект падрыхтаваны Польскім Інстытутам у Мінску сумесна з Акадэміяй мастацтваў у Катавіцах (Польшча). 

Плакат – гэта мастацтва. Гэта насычаны дыялог творцы і адрасата. А яшчэ гэта мастацтва вуліцы, якое сёння аздабляе сцены галерэй па ўсім свеце. Выстава пад назвай «Акадэмія 100 плакатаў» – гэта рэтраспектывы, своеасаблівае сентыментальнае падарожжа, якое прадстаўляе творцаў, трэнды, з’явы, што фарміруюцца ўжо цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

На выставе можна паглядзець плакаты майстроў, педагогаў і студэнтаў. Гэта працы, створаныя за апошнія 40 гадоў. Выстава ахоплівае як плакаты, зробленыя па замове, так і ўратаваныя ад забыцця працы, створаныя ў майстэрнях. Гэта так званая «Шафа прафесара Тадэвуша Грабоўскага», ён цягам доўгага часу кіраваў майстэрняй праектавання плаката катавіцкай акадэміі яшчэ ў дакамп’ютарную пару. Прынагодна мы даведваемся, з якімі тэмамі сутыкаліся маладыя творцы амаль 40 гадоў таму. 

Выстава будзе доўжыцца з 1 па 30 чэрвеня.

Система Orphus