29.05.2017

Олд-бойз-бэнд «Дрымон» прэзентуе дэбютны альбом, які атрымаў нечаканую назву «Апошні».

«Калі прыдумалі назву, яшчэ не было пераканання, што будзе працяг. Мы два гады разбіралі песні і нам падавалася, што працэс цягнецца так марудна, што жонкі, не бачачы вынікаў, хутка павыганяюць з кватэр, — распавядае франтмэн калектыву, журналіст “Еўрарадыё” Ілля Маліноўскі. — “Апошні” — гэта такая складанка з песень, якія былі напісаныя цягам гадоў дваццаці. Некаторыя з іх былі створаныя літаральна за месяц да пачатку запісу, а некаторыя яшчэ ў школьныя часы. Напрыклад, “Углядзіся”, тэкст да якой напісала журналістка Каця Пытлева у 1999 годзе. Таму альбом атрымаўся розным па фарматах і настроях, без нейкай дакладнай канцэпцыі, але пры гэтым агульны малюнак, стылістыка і намацаваны музычны шлях ужо прасочваюцца».

На дыск трапілі 12 песень, а таксама бонус-трэк — рэмікс песні «Цар гары», які зрабіў добры знаёмы музыкаў Subway Funk (Павел Рапінчук). Уся праца над альбомам вялася ў мінскай студыі Stinger Record.

Канцэртная прэзентацыя альбома «Апошні» гурта «Дрымон» пройдзе 2 чэрвеня ў клубе «Графіці». Пачатак у 19:00. Квіткі: 7-10 рублёў.

 

Паводле «Еўрарадыё»

Система Orphus