13.06.2017

Мінскі фолк-рок гурт Re1ikt зайграе для слухачоў новы музычны матэрыял. Яго прэм’ера адбудзецца 19 чэрвеня на канцэрце ў клубе Doodah King


Музыкі плануюць прадставіць публіцы новую кампазіцыю, напісаную паводле твора Міхася Зарэцкага «Паэма пра чорныя вочы». Яна была створана адмыслова для праекта «(Не)расстраляная паэзія», прысвечанага памяці рэпрэсаваных беларускіх літаратараў. Апроч Re1ikt у праекце прымаюць удзел Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Cвета Бень, гурты Vuraj, Akute ды іншыя вядомыя беларускія музыкі.

Акурат зараз на платформе «Талака»  адбываецца краўдфандынгавая кампанія з мэтай сабраць сродкі, каб песні на творы рэпрэсаваных выбітных беларускіх паэтаў змаглі быць выдадзеныя і прэзентаваныя нажыва. 

Амаль год таму Re1ikt выпусціў альбом «Kufar» , цяпер музыкі рыхтуюцца да запісу новай кружэлкі, якая зноў абяцае стаць канцэптуальнай. 

Таксама на канцэрце ў Doodah King будуць выкананыя незвычайныя і эксперыментальныя кампазіцыі гурта з альбомаў «Liekavyja Travy»  і «Reki prabili liod» . Падтрымаюць Re1ikt мінскі progressive-rock калектыў Borealis і жаночая industrial група Sameli.

Пачатак а 20-й, кошт: 10 рублёў.

Апроч гэтага бліжэйшым часам Re1ikt выступіць на шэрагу фестываляў:

24 чэрвеня – на юбілейным «Купальскім Коле», што пройдзе на тэрыторыі Дукорскага маёнтка;
2 ліпеня – на «Магутным Фэсце» на пляжы Браслава;
14 ліпеня – ў Гродэку на «Басовішчы» ў Польшчы.

 

Система Orphus