01.08.2017

12 жніўня гурт Re1ikt выступіць у Карэтным дворыку з вялікай сольнай праграмай у рамках праекта «Пешеходка». 

Падчас імпрэзы музыкі плануюць сабраць грошы для клубнага дому «Открытая душа», які ладзіць сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю і падтрымлівае тых, хто хварэе на псіхічныя захворванні. Уваход на канцэрт вольны.

Удзельнікі Re1ikt вырашылі дапамагчы людзям, якія змагаюцца з хваробамі псіхікі, прачытаўшы гісторыю пра іх у інтэрнэт-часопісе «Имена».

Мінскі клубны дом «Открытая душа» створаны ў 2011 годзе грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў». Ва ўстанове людзі, што сутыкнуліся з наступствамі хваробы, атрымліваюць магчымасць вярнуцца ў свет сяброўства, сям’і, працы, занятасці, адукацыі, а таксама атрымаць доступ да сацыяльных паслуг.

Збор грошай для клубнага дома ідзе на сайце часопіса «Имена». На гэты момант атрымана 7 966 рублёў – гэта 20 % ад патрэбнай сумы.

Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world rock, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. Re1ikt крэатыўна выкарыстоўвае незвычайныя гітарныя эфекты, а таксама народныя духавыя і перкусійныя інструменты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас.

Гурт мае 5 студыйных альбомаў, 2 DVD і 7 відэакліпаў. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расіі.

Што: Вялікі дабрачынны канцэрт
Дзе: Карэтны дворык (вул. Кірыла і Мяфодзія, 8)
Калі: 12 жніўня, пачатак 20.30

Система Orphus