29.08.2017

Арганізатары фестывалю «Камяніца», які адбудзецца 16 верасня пад Мінскам, абвясцілі музычную праграму. Генеральны партнёр мерапрыемства – ААТ «Банк БелВЭБ».

Разам з раней абвешчанымі ўкраінцамі Onuka хэдлайнерамі фестывалю ў гэтым годзе будуць Theodor Bastard (Расія), Shuma (Беларусь) і The Doox (Украіна). Таксама на галоўнай сцэне выступяць беларускія гурты «Нагуаль», Shaman Jungle і «Варган».

Другая сцэна фестывалю будзе цалкам прысвечана аўтэнтычнаму беларускаму фальклору, які прагучыць у выкананні ансамбляў «Рада», «Мярэжа», «Горынь» і юнай Патрыцыі Свіцінай. Гэта пляцоўка будзе працаваць у перапынках паміж выступамі артыстаў галоўнай сцэны, дазваляючы зрабіць музычную праграму мерапрыемства неперарыўнай.

Фестываль адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо пад Мінскам (4 кіламетры ад МКАД за  аўтарынкам «Малінаўка»). Акрамя музыкі гледачоў чакае вялікі кірмаш, майстар-класы рамеснікаў, вясковыя забавы, выставы мастакоў і фатографаў.

«Камяніца» – гэта свята для ўсіх, хто цікавіцца народнай культурай Беларусі і суседніх краін ва ўсіх яе праявах. Аўтэнтыка і сучасныя інтэрпрэтацыі фолку, у тым ліку, аўтарскія творы, для нас аднолькава важныя. Галоўнае – павага да сваёй нацыянальнай культуры», – каментуе вядоўца фестывалю Алег Хаменка.

Усе грошы ад квіткоў ідуць на рахункі музея, дапамагаючы захоўваць унікальную калекцыю аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў, сабраную ў розных рэгіёнах краіны.

Onuka (Украіна) – адзін з галоўных сімвалаў сучаснай украінскай  музыкі, чыя сумесь электронікі, фолку і духавых інструментаў уразіла нават брытанскі New Musical Express. Пасля выступу ў якасці гасцей фінала «Еўрабачання – 2017» у Кіеве запісы гурта апынуліся ў хіт-парадах iTunes у Вялікабрытаніі, Нямеччыне,  Польшчы, Нідэрландах, Даніі, Швецыі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі і Аўстраліі.

Theodor Bastard (Расія) – гурт створаны ў 1996 годзе і з’яўляецца адным з галоўных расійскіх прадстаўнікоў world music. Візітная картка калектыва – голас вакалісткі Яны Вевы, якая таксама з’яўляецца аўтарам шэрагу песень. Акрамя Расіі альбомы Theodor Bastard выдаваліся ў Германіі, Турцыі, Мексіцы ды Аргенціне. Калектыў выступаў на фестывалях у Германіі, Венгрыі, Румыніі, Літве і іншых краінах Еўропы.

Shuma (Беларусь) – музыкі называюць свой стыль digital archaica, бо ён яднае беларускія народныя песні і сучасныя электронныя гучанні. Абодва  студыйныя альбомы калектыва – «Жніво» (2015) і «Сонца» (2016) – атрымалі высокія адзнакі ад беларускіх і замежных крытыкаў. Акрамя таго яны прынеслі гурту шмат узнагарод, сярод якіх «Альбом года» па версіі Experty.by (2016). У актыве Shuma выступы ў ЗША, Польшчы, Фінляндыі, Украіне, Літве.

The Doox (Украіна) – малады этна-рокавы калектыў, вядомы сваімі апрацоўкамі народных песень з розных куткоў Украіны. У іх аднолькава ўдала атрымліваюцца меладычныя балады і дынамічныя нумары. Увясну 2017 музыкі выдалі дэбютны альбом «Дерево». Удзельнікі ўсіх галоўных украінскіх фэстаў, у тым ліку: «Країна мрій», «Трипільське коло», Atlas Weekend.

Першыя 500 квіткоў на фестываль каштуюць 5 рублёў 50 капеек. Набыць іх можна толькі ў офісе Музея народнай архітэктуры і побыту – Мінск, Кальварыйская д.17, п. 614. З 10:00 да 16:30, толькі з 22 да 25 жніўня.

Астатнія квіткі можна набыць праз Bycard.by і SMSbilet.by.
Папярэднія кошты: дарослы – 10 руб., студэнцкі – 7 руб., школьны –  5 руб. У дзень фестывалю: дарослы – 15 руб., студэнцкі – 8 руб., школьны – 5 руб. Для дзяцей дашкольнага ўзросту ўваход бясплатны.

Інфалінія: (029) 363 76 85, (017) 209‑41-63.

Система Orphus