30.08.2017

21 верасня адбудзецца першы з 2010 года вялікі сольны канцэрт Лявона Вольскага ў Мінску. Разам са сваім гуртом ён выканае альбом «Белая яблыня грому» і лепшыя песні.

«Белая яблыня грому» – знакавая праца Вольскага на вершы беларускіх класікаў. Ад Чачота і Міцкевіча праз Купалу і Коласа да Панчанкі і Барадуліна. Ад энэргічных рок-нумароў да меладычнай лірыкі.

Дыск быў выдадзены ўвесну 2010-га года. Праграму прадставілі ў Купалаўскім тэатры ў Мінску і на фэсце Be2gether у Літве. Апошні выступ з ёй адбыўся ў снежні 2010 у КЗ «Мінск» і стаўся апошнім вялікім сольным канцэртам Лявона Вольскага з гуртом у Мінску на гэты момант.

«Сябры! Мне прыемна запрасіць усіх вас на доўгачаканы канцэрт у нармальнай сучаснай залі ў родным горадзе. Выступы ў Мінску заўжды асаблівыя і асабістыя. Будзем граць «Белую яблыню грому» і лепшыя песні розных часоў – два вялікіх аддзяленні», – паведаміў Лявон Вольскі праз сваю афіцыйную старонку ў Facebook.

Квіткі з’явяцца ў продажы 30 жніўня ў 12.00. Продаж праз сістэму Kvitki.by, сайт Primehall.by і касы Prime Hall (ГЦ «Замак»). Танцпляц: 30 руб. (першыя 200), 35 руб. (наступныя 300), 40 руб. (астатнія). Сядзячыя месцы: ад 40 да 48 руб.

Інфалінія (033) 661 14 32. Пачатак канцэрта ў 19.00.

Система Orphus