15.07.2013

Да 20 ліпеня працягваецца збор подпісаў за ўключэнне бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны, які арганізавалі ініцыятывы «БМАgroup», «Арт Сядзіба» і «Рок-салідарнасць».На сёння арганізатары кампаніі атрымалі каля 30 лістоў з подпісамі з розных куткоў Беларусі. Падпісаныя звароты прыходзяць не толькі ад неабыякавых беларусаў, якія паставілі свой подпіс ці некалькі подпісаў ад сваёй сям’і ды даслалі зварот. Падпісныя лісты дасылаюць і актывісты, якія сабралі па 20 і 40 подпісаў у сваім горадзе.

Большасць подпісаў даслалі жыхары Мінску, але таксама адгукнуліся жыхары Дзятлава, Чэрвеня, Маладзечна, Вілейкі, Клецку, Гродна, Магілёва і іншых гарадоў.

Даслалі падпісаныя звароты студэнты і выкладчыкі ЕГУ, сябры партыі БНФ і наведнікі яе сядзібы, прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у тым ліку і з подпісам яе старшыні Анатоля Лябедзькі.

Кожны неабыякавы беларус у любой кропцы краіны і за яе межамі можа далучыцца да збору подпісаў пад калектыўным зваротам у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з пытаннем уключэння бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны.

artsiadziba_podpisy-10

Арганізатары акцыі прапануюць у цікавай і незвычайнай форме далучыцца да збору. Для гэтага трэба:

  1. Спампаваць адзіную форму калектыўнага звароту;
  2. Раздрукаваць копіі звароту;
  3. Сабраць подпісы пад зваротам у адпаведнай форме: імя і прозвішча, адрас, подпіс (у кожным бланку змяшчаецца 19 подпісаў);
  4. Даслаць запоўненыя бланкі поштаю на адрас: 220113, Мінск, а/с 280.

Пасля заканчэння збору подпісаў на зваротныя адрасы, якія будуць пазначаныя на канвертах, арганізатары дашлюць у якасці падзякі дыск «Сімвалы веры і свабоды», іншыя дыскі, выдадзеныя «БМАgroup», беларускія кнігі. Найбольш актыўныя зборшчыкі атрымаюць цішоткі з нацыянальнымі сімваламі.

Таксама падпісацца пад зваротам можна ў мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ», што на пр. Незалежнасці, 37А.

artsiadziba-2

Вынікі кампаніі будуць абвешчаныя 27 ліпеня — у дзень, калі ў 1990 годзе Вярхоўным Саветам была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Звароты будуць накіраваныя для разгляду ў адпаведныя дзяржаўныя органы.

Система Orphus