04.08.2013

3 жніўня ў Мінску на выспе Камсамольскага возера адбыўся арт-пікнік Freaky Summer Party. Галоўнай падзеяй і ўзрушэннем фэсту стаў правакацыйны і эпатажны выступ Peaches.

Peaches і яе гурт стварылі непаўторнае шоў, шакуючы і правакуючы гледачоў сваімі касцюмамі, песнямі ды паводзінамі, а таксама частуючы час ад часу шалёны натоўп «Савецкім шампанскім».

Нас, як і большасць наведнікаў Freaky Summer Party, так уразіў выступ Peaches, што мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з яе творчасцю ды сабралі некалькі цікавых фактаў пра экстравагантную габрэйку, электраклэш-музыку і выканаўцу з Канады, якая, праўда, жыве ў Берліне.

Фотасправаздачу з Freaky Summer Party 2013 глядзіце тут.

Некалькі фактаў пра Peaches

Габрэйка Merrill Beth Nisker (сцэнічнае імя Peaches) нарадзілася ў Таронта. Вучылася ў прыватнай габрэйскай школе, дзе заняткі праводзіліся напалову на англійскай мове і напалову на іўрыце. Яе бабуля і дзядуля імігравалі ў Канаду з Польшчы.

Перад тым, як яна стала Peaches, Мэрыл была настаўніцай музыкі і драмы ў Асацыяцыі габрэйскіх школ Таронта.

Пасля выдання першага міні-альбома «Lovertits» Peaches пераехала ў Берлін. Калі судзіць па праглядах кліпаў на YouTube, самая папулярная песня выканаўцы называецца «Talk to Me». Кліп на яе праглядзела больш за тры мільёны чалавек. Песня «Talk to Me» стала першым сінглам да альбому «I Feel Cream», які выйшаў у 2009-м годзе.

У 2010 Крысціна Агілера разам з Peaches запісала песню «My Girls» для яе чацвёртага студыйнага альбома «Bionic».

У жніўні 2012-га году Peaches прэзентавала разам з кліпам песню «Free Pussy Riot!» у падтрымку гурта «Pussy Riot». Peaches выканала яе на канцэрце ў Маскве і не раз выказвалася ў падтрымку зняволеных удзельніц гурта.

Афіцыйны сайт Peaches | YouTube | Facebook

Система Orphus