10.08.2013

Новы альбом «N.R.M.» атрымаў назву «Д.П.Б.Ч.». Гурт прэзентуе яго ў наступным месяцы, а першае канцэртнае выкананне адбудзецца 13 верасня на легендарным фестывалі «Рок па вакацыях».

Альбом «Д.П.Б.Ч.» будзе складацца з 8 песень, сярод іх тры былі прэзентаваны раней: «Ty Maŭčyš – Ja Maŭču» ― у падтрымку Аўтарадыё ў 2011-м годзе, «Pramień» ― разам з кліпам ў 2012-м годзе, а «Kuźnička» ― пры падачы заяўкі на «Еўрабачанне-2012». Запісаў N.R.M. альбом утрох, спяваюць Піт Паўлаў і Алезіс Дземідовіч. Вокладку намаляваў вядомы беларускі мастак і дызайнер Уладзімер Цэслер. Праца над альбомам праходзіла ў Беларусі цягам некалькіх апошніх гадоў.

У падтрымку альбома рыхтуюцца два кліпы. Кліп на альбомную песню «Pramień» гурт прэзентаваў у лютым мінулага года.

Кажа лідар гурту Піт Паўлаў:

Альбом цалкам вытрыманы ў стылістыцы і духу вядомага ўсім «N.R.M.». І ўсе старыя і новыя прыхільнікі не расчаруюцца, паслухаўшы новую працу гурта. Пасля прэзентацыі «Д.П.Б.Ч.» у МІнску гурт збіраецца ў гастрольны тур па гарадах Беларусі, Расіі і Польшчы.

Каб адчуць смак і настрой новага альбома «N.R.M.», «Арт Сядзіба» прэзентуе песню «Д.П.Б.Ч.», якая і дала яму назву.

13 верасня у мінскім клубе «Цэнтр» пройдзе фестываль «Рок па вакацыях — 2013». Штогадовы фестываль беларускай музыкі ў гэтым годзе адсвяткуе сваё 20-годдзе. У юбілейным канцэрце прымуць удзел ветэраны беларускага рока і адносна маладыя гурты. Менавіта на гэтым фестывалі адбудзецца першая прэзентацыя новага альбома N.R.M.

Рок па вакацыях

Система Orphus