29.08.2013

29 жніўня ў кінатэатры «Перамога» пачалася выстава «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911-1912 гады». Выстава знаёміць з унікальнымі фотаздымкамі беларускага этнографа Ісака Сербава, якія з’яўляюцца каштоўнымі візуальнымі дакументамі па беларускай этнаграфіі, гісторыі і культуры, арыгіналы якіх захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта.

Фотаздымкі былі зроблены славутым беларускім этнографам Ісакам Сербавым (1871 – 1943) у 1911 і 1912 гадах падчас яго паездак па Беларусі, пераважна па раёнах Палесся. Адной з галоўных мэтаў экспедыцый была фотафіксацыя ўсяго таго, што ў пачатку ХХ ст. хутка змянялася і адыходзіла ў нябыт: адзенне, побыт, жыллё, звычаі беларусаў. Геаграфія здымкаў ахоплівае значную тэрыторыю сучаснай Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей Беларусі.

Ісак Сербаў 4

Ісак Сербаў 1

Ісак Сербаў фатаграфаваў у 73 населеных пунктах. З’яўленне калекцыі стала магчымым дзякуючы яго этнаграфічна-фатаграфічным экскурсіям і фатаграфічным экспедыцыям. Настаўнік Мінскай гарадской вучэльні, потым Віленскай мужчынскай вучэльні, ён захапляўся этнаграфіяй і ў летнія месяцы падарожнічаў з фотаапаратам «Кодак» па Палессі.

На фотаздымках Сербава бачым вясковыя вуліцы і іх жыхароў у святочныя дні, двары сялян з сельскагаспадарчымі прыладамі працы, гумны, хлявы, прылады для сушкі сена і па-мастацку аформленыя стагі, ветракі, драўляныя цэрквы ў вёсках і мястэчках Палесся, могілкі з высокімі палескімі крыжамі.

Ісак Сербаў 8

Ісак Сербаў 2

Ісак Сербаў 6

Этнограф зафіксаваў разнастайныя моманты сялянскай штодзённасці: жанчыны жнуць жыта, рвуць каноплі, дзяруць лён, прадуць на калаўроце, абіраюць бульбу; мужчыны аруць на валах, косяць сена; дзеці-пастушкі пасуць статак авечак. На здымках прадстаўлены таксама дробная палеская шляхта, мяшчане палескіх мястэчак. У яго фотааб’ектыў трапляла прырода Палесся і вынікі пераўтварэння яе чалавекам: балоты, азёры, грэблі – насыпныя дарогі на балотах, меліярацыя, Агінскі канал.

Ісак Сербаў 3

Ісак Сербаў 5

Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца этнаграфічныя фотапартрэты, у якіх Ісак Сербаў здолеў перадаць характар, антрапанімічныя асаблівасці, традыцыйнае адзенне, галаўныя ўборы сялян. На фотаздымках жыхары палескіх вёсак і мястэчак захаваны прыгожымі, з уласцівым ім пачуццём уласнай вартасці. Белае палатнянае адзенне з арнаментам, складаныя формы галаўных убораў жанчын сведчаць аб высокай мастацкай і бытавой сялянскай культуры. Большасць фотаздымкаў этнографа зафіксавалі дастатак, заможнасць беларускіх сялян і мяшчан у пачатку ХХ ст.

Ісак Сербаў 9

Ісак Сербаў 7

На выставе экспануецца 70 фотаздымкаў. Уся калекцыя, якая складае 442 фотаздымкі, апублікавана ў альбоме «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912 гадоў».

Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911–1912

Аўтар праекту і навуковы кіраўнік выставы – Вольга Лабачэўская, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Выстава будзе доўжыцца да 26 верасня 2013 года ў кінатэатры «Перамога» (вул. Інтэрнацыянальная, 20). Уваход вольны.

Выстава-Сербава-29.08.2013

Система Orphus