12.09.2013

Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі запрашаюць на чарговы цыкл моўных сустрэч у «Арт Сядзібе». Што гэтым разам? Будзем пісаць тэксты, чытаць беларускую прозу і вершы, шукаць моўныя пэрліны.

Першая сустрэча адбудзецца ў сераду 18 верасьня. Пачатак у 17.30. Вядзе лекцыю Пётра Садоўскі. Адрас: вул. Першамайская, 20 – 21 (асобны ўваход каля другога пад’езда).

Лекцыі будуць праходзіць на працягу верасьня і кастрычніка кожную сераду. Уваход вольны. З пытаньнямі і прапановамі зьвяртайцеся па тэлефоне 8 (029) 782-88-81 ці на скрыню: artsiadziba@gmail.com.

Сэрыя лекцый «Моўныя сустрэчы» адбываецца ў межах агульнанацыянальнай кампаніі Асамблеі НДА «Зробім лепш!»

Праграма першай сустрэчы ад Пётры Садоўскага:

1. Шукайма незаўважанае!

Кожны па часе мае розум – гэта з Купалавай «Паўлінкі», не зафіксаванае ў фразэялягічных слоўніках; паглядзець на чужое гора сабралася нямала пустацікаўцаў – нязгледжанае ў слоўніках «пустацікавец» – Коласава.

Каляды … мароз, радасныя твары сяброў … Імкліва скрыпяць палазы. Гарэзьліва дзілінькаюць бомы. О як файна мчаць гурмой у санках аднаконь! Так і хочацца засьпяваць «Джынгл бэлз»! O what fun it is to ride in a one-horse open sleigh. Адно слова замест пяці! Ці ж ня цуд? Слова пачуў вядомы настаўнік матэматыкі з Магілёва Міхась Булавацкі.

2. Вучымся пісаць «канцылярскія» і сардэчныя тэксты. Адзначаем ролю ўласных імёнаў.

… Уяўляецца, спадар міністар, што лагатып «Западная губерния», якім упрыгожаныя маршрутныя таксі на лініі Наваполацак — Менск, абражае нацыянальную годнасьць беларускіх грамадзянаў, узбуджаючы прывіды «Северо-Западного края»…

… Спадарычна Міхаліна, душа мая зеўрае пустэчай і голаў маю сьвідруе той невыказны боль, які ня дай Вам Навышні калі-небудзь зьведаць …Не пакідайце ж мяне …

3. Перакладаем зь беларускай на расейскую ці на якую іншую вядомую Вам замежную мову.

Зьвяртайма ўвагу на стылістыку. Паспрабуйце спраўдзіць стылёвыя паметы выдзеленых словаў у ТСБМ.

І будзе рады ён // хутчэй памерці, // Але ня зможа – // Сьмерць яго жахнецца (К. Кірэенка. Помста. – Полымя, 1981. №5).

Система Orphus