21.01.2014

Адну з лекцый расійскага ўрбаніста Святаслава Мурунава, якая адбылася 19 снежня ў «Арт Сядзібе» і мела назву «Стратэгія развіцця горада праз пабудову сеткі гарадскіх супольнасцяў», арганізатары воркшопа «Прыкладная ўрбаністыка» выклалі ў відэаварыянце.

Чатырохдзённы воркшоп Святаслава Мурунава «Прыкладная ўрбаністыка» адбыўся ў Мінску 19-22 снежня 2013 года ў крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» і «Арт Сядзібе». Галоўнымі задачамі мерапрыемстваў былі: перадача вопыту вывучэння горада, пабудова каманды для вырашэння гарадскіх праблем і актыўнага ўкаранення ў гарадскую сераду.

У межах воркшопа адбыліся дзве публічныя лекцыі ў «Арт Сядзібе».

Падчас знаходжання ў Мінску Святаслаў Мурунаў даў вялікае інтэрв’ю парталу Tut.by, а таксама разам з удзельнікамі воркшопа стварыў анлайн-каталог «Гарадскія супольнасці Мінска» з кантактамі і спасылкамі на гэтыя супольнасці. Шукайце ў ім тое, што цікавіць вас і дадавайце чаго не хапае.

Святаслаў Мурунаў – расійскі ўрбаніст, кіраўнік рабочай групы па распрацоўцы брэнда Пензы, уладальнік і дырэктар групы кампаній «Крэатыўная эканоміка», у складзе якой брэндынгавыя агенцтва і вытворчы рэкламны холдынг у горадзе Пенза (кінастудыя, фотастудыя, майстэрні, дызайн-студыя, архітэктурнае бюро, лабараторыя альтэрнатыўных крыніц энергіі, друкарня), сябра Асацыяцыі брэндынгавых кампаніі Расіі, эксперт, выкладчык цэнтра тэрытарыяльных ініцыятыў «Архполіс» і Вышэйшай школы брэндынгу (Масква).

Система Orphus